У Ашмянах прайшоў канцэрт-справаздача навучэнцаў школы мастацтваў

Год культуры в Ошмянском районе Культура

Імёны вучняў, выпускнікоў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў,  добра вядомы далёка за межамі нашага горада. У гэтым вялікая заслуга кіраўніцтва, педагогаў школы, бацькоў, якія робяць усё магчымае, каб развіць у дзіцяці здольнасці, закладзеныя ў іх, а таксама стварыць спрыяльныя ўмовы для музычнай дзейнасці. Таму добрай традыцыяй стала правядзенне канцэртаў-справаздач навучэнцаў школы мастацтваў.

IMG_3008

Сёлета юныя музыканты ладзілі два канцэрты – для бацькоў і вучняў агульнаадукацыйных школ. Мерапрыемства “Вясенні настрой” прайшло ў раённым цэнтры культуры ў першую сакавіцкую суботу. Абодва канцэрты атрымаліся цікавымі і захапляльнымі. Вучні, канцэртмайстры, педагогі, бацькі, гледачы – усе атрымалі вялікую асалоду ад таямнічай музыкі.

IMG_3019IMG_3023

Свята распачалося ў фае цэнтра культуры, дзе можна было палюбавацца выставай вучняў мастацкага аддзялення, якая прыцягвала гледачоў яркімі фарбамі і аўтарскай фантазіяй.  У актавай зале сваю творчасць дэманстравалі юныя музыканты і танцоры. Таленавіта і віртуозна гучала музыка класікаў і сучасных аўтараў. Дарослыя і дзеці назіралі за “вясенняй” сцэнай, не адрываючы вачэй.

IMG_3031 IMG_3042

Адкрывалі абодва святочныя мерапрыемствы юныя харысты – хор “Вясёлка” (кіраўнік Ала Шавэрда), калектывы малодшых і старэйшых класаў (кіраўнік Ганна Буйко). Свае музычныя кампазіцыі гледачам падарылі інструментальныя ансамблі скрыпачоў “Бусінкі” (кіраўнік Таццяна Чэрская) і “Акварэль” (кіраўнік Алена Антонкіна). Незвычайна гучала джазавая кампазіцыя ад лаўрэатаў міжнароднага конкурсу “Спектр таленту” ансамбля гітарыстаў “Фіеста” (кіраўнік Алеся Місюкевіч). Але самыя цёплыя і душэўныя кампазіцыі гучалі ад ансамбля піяністаў (кіраўнік Таццяна Каралёва) і юных клавішнікаў Арцёма Скораля і Юліі Стэфаноўскай.

У выкананні Віялеты Гушчы, Анастасіі Сямёнавай і квінтэта аддзялення эстрадных спеваў (кіраўнік Марыя Мешчановіч) асабліва пранікнёна і шчыра гучалі песні пра матулю. Выразна, на адным дыханні выканалі сольныя творы Паліна Міхеева, Алеся Шавэрда і Аліна Айвазоўская.

Неад’емнай часткай школы мастацтваў стала харэаграфічнае аддзяленне. Выхаванцы Яны Шавэрда прадставілі свае лепшыя харэаграфічныя нумары падчас вясенняга канцэрта, тым самым уразіўшы сваёй таленавітасцю.

Гэты канцэрт стаў сапраўдным святам прыгажосці і мастацтва. Шэраг выступленняў  працягнулі канцэрты юных выканаўцаў у дзіцячых садках нашага горада.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *