У Гальшанах адбылася сустрэча з дзіцячым пісьменнікам Уладзімірам Ягоўдзікам

Год культуры в Ошмянском районе

Пазітыўны, жыццярадасны, светлы і адкрыты — акурат так апісала б я чалавека, запрошанага на літаратурнае свята ў Гальшаны. Ён неяк неўпрыкмет хутка завалодаў аўдыторыяй: жартаваў, распытваў пра мясцовае жыццё, дзяліўся набалелым, расказваў пра герояў сваіх твораў. Дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік упершыню трапіў на гальшанскую зямлю і быў задаволены сустрэчай з чытачамі, якія запэўнілі госця, што не толькі ведаюць яго творы, але і актыўна іх чытаюць.

IMG_2701

Сустрэчай з пісьменнікам і выдаўцом Уладзімірам Ягоўдзікам распачаўся ў раёне літаратурны марафон “Творцы і кнігі: юбіляры 2016 года”. Гэта мерапрыемства расчыніла дзверы бібліятэчных устаноў Ашмяншчыны насустрач Году культуры. На працягу года бібліятэкі раёна будуць ладзіць імпрэзы і літаратурныя гасцёўні для сваіх чытачоў, знаёмячы іх з літаратарамі Беларусі: класікамі айчыннай літаратуры і мясцовымі творцамі, чые юбілеі святкуюцца сёлета.

Марафон распачала Гальшанская сельская бібліятэка, багатая сваёй гісторыяй і людзьмі, якія ўсёй душой любілі кнігу і дзяліліся ёй са сваімі чытачамі. І сёння мясцовая бібліятэка працягвае традыцыі сваіх папярэднікаў і з’яўляецца асяродкам культуры старажытнага мястэчка.

IMG_2688

На правах гаспадара прывітаў шматлікіх гасцей Гальшанскага краю старшыня сельвыканкама Войцех Коўзан. Аб ролі культуры ў жыцці чалавека і аб рабоце, якая запланавана ў раёне ў сувязі з абвяшчэннем у краіне Года культуры, павяла размову выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Каханоўская. Вядучыя свята Алёна Юневіч і Любоў Шчарбакова з задавальненнем далі слова сваім калегам, работнікам клубнай установы і дзіцячай школы мастацтваў, якія заўсёды  ладзяць мерапрыемствы разам. Працягнулася свята відэа-каляндаром пра юбіляраў сёлетняга года, падрыхтаваным супрацоўнікамі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Пачэснае месца занялі ў ім Іван Шамякін І Кандрат Крапіва, Іван Мележ і Цётка, Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін, Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля… Шаноўны госць імпрэзы Уладзімір Ягоўдзік, дарэчы, таксама юбіляр (у лютым пісьменнік адзначыў шасцідзесяцігоддзе з дня нараджэння), назваў пералічаных людзей усяго толькі жменькай ад вялікай колькасці творцаў, якія неслі і нясуць беларускую культуру свайму народу. Аднак калі мы пачнем знаёміцца з гэтай невялікай купкай паэтаў і пісьменнікаў, так ці інакш перад намі паўстануць і іншыя знакамітыя асобы нашага краю. Адной з іх з’яўляецца Зоська Верас – беларуская пісьменніца і паэтка, жыццёвы і творчы шлях якой звязаны з Гродна і Мінскам. Па сцэнарыі Уладзіміра Ягоўдзіка пра яе створаны фільм, які  быў паказаны аўдыторыі.

Пра сваю творчасць расказваў аўтар з гумарам. Чытаў дзіцячыя вершыкі-карацелькі. Паказваў свае апошнія кніжкі: вельмі маляўнічыя і прыгожыя. Нават прымусіў удзельнікаў сустрэчы мяўкаць і гаўкаць, як героі яго твораў. Так як Уладзімір Ягоўдзік піша ў асноўным для дзяцей, то і сустракаецца часцей ён з дзеткамі. Ездзіць па бібліятэках і школах па ўсёй краіне. Аднак гэта не засмучае пісьменніка, бо падчас такіх вось жывых стасункаў узнікаюць сюжэты для новых твораў. Куды больш занепакоены аўтар тым, што у раённых цэнтрах знікаюць кніжныя крамы і людзі пазбаўлены магчымасці ў поўнай меры  знаёміцца з навінкамі айчыннай літаратуры. Сёння вялікая надзея ўскладваецца на бібліятэкі, аднак і іх становіцца з кожным днём усё менш, не папаўняецца ў дастатковай колькасці і кніжны фонд бібліятэчных устаноў. Пры гэтым біблітэкі невялічкіх райцэнтраў робяць усё магчымае, каб прапагандаваць мастацкую літаратуру на роднай мове, ладзіць творчыя сустрэчы з літаратарамі.

IMG_2703

Не выключэннем стала і сустрэча ў Гальшанах. Ёй засталіся задаволены і дарослыя (мясцовыя жыхары і бібліятэчныя работнікі раёна), і дзіці (вучні мясцовай школы). Загадчык раённый цэнтральнай бібліятэкі Марына Белавус падзякавала госцю за атрыманыя ўражанні і падарыла на памяць кнігі аб нашым краі.

Такія мерапрыемствы – гэта заўсёды новыя веды і новыя ўражанні. Безумоўна, гэта спатканне дасць штуршок дзецям да знаёмства з кніжкамі аўтара. А дарослых, магчыма, зацікавіць адзін з апошніх выдавецкіх праектаў Уладзіміра Ягоўдзіка – пра беларускіх мастакоў, якія займаліся ілюстраваннем дзіцячых, дый не толькі, кніг. Загадчыца Кальчунскай бібліятэкі  Алена Шкелда расказала, што ў кальчунскіх дзяцей вялікай папулярнасцю карыстаюцца кніжкі Уладзіміра Іванавіча. Сваю ацэнку прачытанаму юныя наведвальнікі бібліятэкі даюць у выглядзе намаляванага сонейка — калі спадабалася і сонейка з хмаркай — калі наадварот. Кнігі Ягоўдзіка заўжды расквечвае сонца, зазначыла бібліятэкар.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *