У Гродне прайшоў абласны фестываль патрыятычнай песні. Фестываль сабраў таленавітую моладзь Гродзеншчыны, сярод якой і наша зямлячка Алена Бароўская.
У пачатку лютага ў раённым цэнтры культуры прайшоў конкурс патрыятычнай песні “За родную Беларусь”. Арганізатарамі яго выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама і раённы камітэт грамадскай арганізацыі “БРСМ”. Тады з дваццаці васьмі канкурсантаў журы выбрала менавіта таленавітую Алену Бароўскую.
На абласной сцэне вакалісты, дуэты і вакальныя групы спявалі пра прыгажосць беларускай прыроды, гістарычнае мінулае Беларусі, яе людзей, герояў вайны. Прэтэндэнтаў на перамогу было шмат.
У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі Гродзенскага каледжа мастацтваў, абласнога цэнтра культуры, удзельнікі тэлевізійнага праекту “Ведай нашых”. Прафесійнае журы ацэньвала не толькі выканаўчае майстэрства ўдзельнікаў і сцэнічную культуру, але і ідэйна-мастацкі ўзровень рэпертуара, арыгінальнасць, артыстычнасць і абавязкова ўзровень музычнага суправаджэння ці фанаграм. Творчыя таленты канкурсантаў ацэньваліся ў розных намінацыях, сярод якіх былі як групавыя, так і сольныя выступленні.
— Абласны фестываль патрыятычнай песні «Сэрца зямлі маёй» праводзіцца больш за дзесяць гадоў. Ён аб’ядноўвае не проста таленавітых выканаўцаў, а маладых людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, патрыётаў. Любоў да Радзімы яны выказваюць праз творчасць, а таксама праз свае ўчынкі і добрыя справы на карысць краіны, — адзначыла выконваючая абавязкі першага сакратара абласнога камітэту ГА «БРСМ» Эліна Брага.
Гран-пры абласнога фестывалю патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй” атрымаў дуэт Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, Алене Бароўскай журы аддало трэцяе месца.
Кацярына РУДЗІК.
Фото из группы «Вконтакте» Гродненский молодежный формат


