“Святое Хрышчэнне — Калядам прашчэнне”

Главное

19 студзеня ў праваслаўным календары Вадохрышча – апошняе свята каляднага цыкла. “Святое Хрышчэнне — Калядам прашчэнне”, — так сведчыла народная прыказка. Напярэдадні гэтага дня, падчас “вадзяной каляды” спраўлялі трэцюю, галодную куццю.

На куццю, пасля літургіі ў праваслаўных храмах праводзіцца абрад вялікага асвячэння вады. Гэты абрад спраўляецца і на наступны дзень, на Вадохрышча, альбо Богаяўленне Гасподняе. Хрысціяне вераць, што святая вадохрышчанская вада валодае асаблівымі ўласцівасцямі: надае чалавеку сілы і здароўе падмацоўвае, ад хвароб вылечвае.

Вялікае значэнне надаецца ў гэтыя святочныя дні і купанню ў іардані – вадаёме, альбо прасечанай у ім палонцы ў выглядзе крыжа. Галоўнае пры гэтым – не аднесціся да купання як да “спартыўнага” подзвігу. Варта разумець, што гэта акунанне не ачышчае, як некаторыя думаюць, ад грахоў. Пагружэнне ў халодныя воды іардані сведчыць аб веры чалавека ў непахісную сілу ласкі Боскай, якая зберажэ яго і ў моцныя маразы і ад хвароб і немачы абароніць.

Традыцыйна вадохрышчанскае купанне праводзіцца і ў Ашмянах, на гарадскім вадаёме. Протаіерэй Пётр Пятлёха, благачынны цэркваў Ашмянскай акругі пасля богаслужэння ў храме Уваскрасення Хрыстова накіроўваецца на возера ў квартале Будаўнікоў.

Пасля асвячэння іардані шмат ашмянцаў пажадала акунуцца ў ледзяную купель. Не спалохаліся вернікі і маразоў, якія сёлета парадавалі як дзяцей, так і дарослых. Лічыцца, што такое надвор’е ў гэты перыяд — надзея на добры ўраджай, а таксама сонечныя дні ў час жніва.

Разам з мужчынамі і жанчыны смела падыходзілі да купелі, а пасля акунання канстатавалі, што вада зусім не халодная. Сагрэцца пасля абраду можна было гарачым чаем. На ўсялякі выпадак дзяжурыла ля месца купання брыгада хуткай дапамогі. Пільна неслі сваю службу і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У гэты дзень і яны адзначаюць свята, праўда, сваё, прафесійнае – Дзень выратавальніка.

Настаяцель храма Уваскрасення Хрыстова Пётр Пятлёха павіншаваў ашмянцаў са святам Богаяўлення і пажадаў адзначыць яго ў міры душэўным і радасці. У гэты дзень айцец Пётр правёў абрад асвячэння вады на сажалцы бліз в. Повішні, а таксама блаславіў на вадохрышчанскае купанне супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

IMG_9133 IMG_9146 IMG_9157 IMG_9161 IMG_9176 IMG_9188 IMG_9189 IMG_9203 IMG_9212



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *