У год святкавання 175-годдзя з дня нараджэння Пятра Чайкоўскага ў дзіцячай школе мастацтваў прайшоў шэраг мерапрыемстваў.
Сярод іх конкурс на лепшае выкананне п’есы вялікага кампазітара,бяседа-лекцыя “Дзіцячы альбом”, якую правяла Марына Канстанцінаўна Хадаровіч. Падчас урока Марына Канстанцінаўна паведаміла цікавыя факты аб жыцці і творчасці кампазітара і выканала на фартэпіяна вядомыя творы.
Завяршыў шэраг мерапрыемстваў у музычным салоне (так назвалі пляцоўку самі музыканты)канцэрт “Чайкоўскі і яго творчасць”. Для Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў добрай традыцыяй стала правядзенне снежаньскіх сустрэч у кафэ “Стары горад”.
У гэты цудоўны вечар у зале не было вольных месцаў. Разам з вядучай імпрэзы Таццянай Васільеўнай Каралёвай гледачы змаглі адправіцца ў музычнае падарожжа, уявіць як нараджалася цудоўная музыка кампазітара, і, нарэшце, атрымаць вялікае задавальненне ад выканання вядомых твораў не толькі юнымі талентамі, але і настаўнікамі школы мастацтваў, а таксама гасцей з Маладзечанскага музычнага каледжа.
Таццяна Васільеўна распавяла аб яркіх старонках жыцця кампазітара, а пасля і сама выканала творы на фартэпіяна. Увесь канцэрт суправаджаўся мультэмідыйнымі слайдамі, якія дапаўнялі інфармацыю і ўпрыгожвалі выступленне артыстаў.
Госці музычнага салона – выканаўцыМаладзечанскага музычнага каледжа – выконвалі мілагучныя рамансы.
Неўміручая музыка вялікага рускага кампазітара, якая гучала са сцэны, дапамагла слухачам пагрузіцца ў свет яго вобразаў, а таксама абудзіла інтарэс да славутых шэдэўраў музычнага мастацтва. У той вечар можна было пачуць п’есы з фартэпіяннага цыкла “Поры года”,фартэпіянныя апрацоўкі знакамітых балетаў “Шчаўкунок” і “Лебядзінае возера”, урывак з уверцюры “Рамэо і Джульета”.
Арцём Скароль іграў на фартэпіяна, вучаніцы харавога аддзялення Анастасія Сямёнава і Дар’я Вусачова спявалі кранальную “Легенду” Чайкоўскага. Пранікнёна выконвалі творыкампазітара ўдзельніцы шматлікіх конкурсаў і канцэртаў Ангеліна Юхевіч, Аліна Айвазоўская і Сняжана Акулевіч.
Выкладчыкі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў таксама не маглі застацца ў баку ад цудоўнай творчасці Пятра Ільіча, таму таксама выканалі свае любімыя творы на фартэпіяна, скрыпцы і нават гітары. Піяністы Надзея Леанідаўна Міцэвіч, Таццяна Васільеўна Каралёва, Марына Канстанцінаўна Хадаровіч, Анастасія Андрэеўна Странкоўская, скрыпачка Ірына Вітольдаўна Асмольская і яе акампаніятар Алла Іванаўна Шаверда, гітарыстка Алеся Уладзіміраўна Місюкевіч нікога не пакінулі раўнадушнымі і падкупілі сваім прафесіяналізмам і адданасцю музыцы. Яны паказалі асаблівы свет мелодый кампазітара, свет, у якім існуе толькі шчодрасць, дабрыня і эмацыйнасць, багацце і глыбіня душы.
Пры жыцці Чайкоўскі любіў паўтараць цытату Гейне: “Дзе канчаюцца словы, там пачынаецца музыка”. Менавіта гэту споведзь душы выдатнага кампазітара перадалі нам яго пасланнікі — музыканты школы мастацтваў.
Дзіцячая школа мастацтваў выказвае падзяку загадчыцы кафэ “Стары горад” Святлане Войнюш за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемства.
Прыемна, што такія сустрэчы з чароўным даюць сілы жыць у такі няпросты час. Бо калі гучаць творы класікаў, разумееш, што ўсе перажыванні сапраўды здаюцца дробнымі і нікчэмнымі.Пакуль класічная музыка гучыць ва ўсіх кутках свету днём і ноччу, ва ўсіх канцэртных залах і пакоях, дзе стаіць фартэпіяна, пакуль чароўныя гукі “узвышаюцца” пад палачкай вядомых дырыжораў ці льюцца з-пад непаслухмяных дзіцячых пальцаў, – яна будзе жыць і дарыць людзям станоўчыя эмоцыі. А настаўнікі школы і іх таленавітыя выхаванцы дзеля гэтага штогод будуць сустракацца ў музычным салоне.
Кацярына РУДЗІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



