Ашмянскія інструменталісты прадставілі сваю творчасць

Культура

Калісьці Фрыдрых Ніцшэ адзначыў: “Без музыкі наша жыццё было бы памылкай”. Спачатку думаеш, памылка – ці не занадта гучна сказана? А пасля ўяўляеш такую карціну: на зямлі зусім няма музыкі, няма гукаў прыроды, няма галасоў людзей… Нязвыкла і сумна. Пэўна, Ніцшэ меў рацыю. Бо музыка не мае патрэбы ў словах, музыка сама – ёсць слова. Слова кампазітара і музыканта.

IMG_6725

У інструментальнай музыцы няма галасоў салістаў, спевакоў… Яна зачароўвае, і часам здаецца, што гучыць не гітара або фартэпіяна, а хтосьці плача і спявае. Часам смык скрыпкі здаецца голасам чалавека…

У апошнія восеньскія дні ў раённым цэнтры культуры адбыўся раённы тур другога абласнога агляду-конкурсу калектываў інструментальнага жанра. У ім прынялі ўдзел дзіцячыя і дарослыя калектывы, у тым ліку і тыя, што носяць званне “народны” і “узорны”.

IMG_6711

Як толькі на сцэну выйшаў першы калектыў, так і захацелася ўскочыць з месца і патанцаваць пад “Янку-польку”, “Літоўскую польку”, “Вальс”. Немагчыма было не зачаравацца мілагучнай “Купалінкай”, якую выканалі на свістульцы.

Дзіцячы фальклорны калектыў “Весялушкі” пачаў сваю творчую дзейнасць сем гадоў таму пад кіраўніцтвам Таццяны Чэрскай. Дзеці ахоплены адной агульнай ідэяй – адраджаць і захоўваць традыцыі роднай зямлі. Аснову рэпертуара ансамбля складаюць народныя танцы. Вось і падчас конкурса музыканты прадставілі невялічкі спектакль з цудоўным інструментальным выканнем.

У царства музыкі паклікаў усіх прысутных дзіцячы ансамбль гітарыстаў “Фіеста”. Нягледзячы на тое, што юныя таленты займаюцца ўсяго год, пад кіраўніцтвам Алесі Місюкевіч яны ўжо дабіліся вялікіх поспехаў.

Сваёй шчырасцю падкупіў гледачоў дзіцячы ансамбль “Бусинки”, створаны ў мінулым годзе. Разам са сваім педагогам Таццянай Чэрскай юныя скрыпачкі часта ўдзельнічаюць у конкурсах, канцэртах і мерапрыемствах.

IMG_6727

На Ашмяншчыне і далёка за яе межамі ведаюць, якія таленавітыя  навучэнцы займаюцца ў гарадской школе мастацтваў. Вядома, што такіх выдатных вынікаў не было б без такіх жа апантаных настаўнікаў. У 1981 годзе быў створаны ансамбль народных інструментаў “Карусель”, а ў 2003 яму прысвоілі званне “народны”. Цікава, што музыканты іграюць беларускую народную музыку, інструментальныя творы, запісаныя на Ашмяншчыне, аўтарскія кампазіцыі беларускіх, замежных і самадзейных кампазітараў. Кіраўніком “Каруселі” з’яўляецца дырэктар школы мастацтваў Жанна Мажэйка, у апрацоўцы якой ансамбль іграе пераважную большасць сваіх твораў.

У завяршэнні мерапрыемства сваю творчасць гледачам падарыў народны інструментальны ансамбль “Добры настрой”, якім кіруе Галіна Крыніцкая. Створаны ў 2001 годзе калектыў атрымаў званне “народны” праз шэсць гадоў. Падчас конкурса музыканты выконвалі творы не толькі беларускіх, але і замежных кампазітараў.

Пасля выступлення госця мерапрыемства галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ірына Жук-Куніцкая падзякавала выканаўцам за прафесійнае выкананне і за станоўчыя эмоцыі, якія падарылі музыканты, за  ўзровень дзіцячых калектываў, якія ні на крок не адстаюць ад сваіх педагогаў.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *