«Жытніца» на свяце «Дажынкі» у Польшчы

Культура

У славянскіх народаў практычна ўсе абрады суправаджаюцца песняй. Не з’яўляюцца выключэннем і традыцыйныя дажынкі, якімі звычайна завяршаўся цыкл восеньскіх сельскагаспадарчых работ. Як жа не ўславіць добрай песняй старанні працаўнікоў сяла! Як не аддзячыць аграрыям за клопат пра ўраджай і павагу да роднай зямлі!

SAM_2238

У рэпертуары народнага ансамбля “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу шмат такіх песень. Выступленні гэтага творчага калектыву заўсёды суправаджаюцца добрым настроем, дасціпным гумарам і сардэчнай народнай музыкай. Ведаюць кракоўскіх артыстаў і ў другіх раёнах вобласці. Ім не раз даводзілася выступаць з канцэртамі на абласной і рэспубліканскай сцэнах. Цёпла прымалі “Жытніцу” на свяце “Дажынкі” у Літве. А сёлета калектыў запрасілі да сябе сябры з Польшчы. Кіраўніцтва гміны Сувалкі, з якой ў Ашмянскага раёна заключана дамова аб супрацоўніцтве, даслала калектыву запрашэнне на свята ў сувязі з заканчэннем жніва. Як адзначыла загадчык Кракоўскага Дома культуры і ўдзельніца ансамбля Роза Яцуковіч, з гэтай нагоды артысты развучылі некалькі песень на польскай мове. Іх пасля спявалі ўсе разам. Дарэчы, і беларускія песні, з якіх складалася канцэртная праграма, падпявалі ўсе, хто сабраўся на “Дажынкі” ў Стары Фальварак. Яны былі зразумелы нават тым, хто ніколі не вывучаў беларускую мову. Кракоўскіх артыстаў не хацелі адпускаць са сцэны. На развітанне гаспадары ўзялі з іх слова, што тыя абавязкова прыедуць яшчэ, каб расказаць праз сваю творчасць аб прыгожай беларускай зямлі і яе шчырых людзях.

SAM_2256

“Жытніца” гасцявала ў Польшчы некалькі дзён. Спецыяльна для гасцей з Ашмянскага раёна была арганізавана экскурсійная праграма, па ходу якой адбылося знаёмства з Сувалкамі, а таксама з творчымі калектывамі гміны.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *