У канцы лета ў цэнтры аграгарадка было прыгожа і шумна. Тут сабраліся лепшыя працаўнікі СВК “Гальшанскі”, удзельнікі святочных мерапрыемстваў, жыхары і госці Гальшан.
З прывітаннем да прысутных звярнуўся старшыня сельвыканкама Войцех Коўзан. Старшыня Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч павіншаваў прысутных з юбілейнымі датамі і ўручыў заслужаныя ўзнагароды найбольш актыўным жыхаркам Гальшан: Яніне Корзун, якая доўгія гады аддала працы ў мясцовай школе і школьным краязнаўчым музеі, працягвае справу мужа, і Валянціне Лабунінай, якая шмат год з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам раённай газеты, удзельнічае ў фотавыставах.
Удзельнікі свята прыгадалі гісторыю мястэчка, падзеі мінулых войнаў. З Вялікай Айчыннай вайны не вярнуліся 33 аднавяскоўцы. У аграгарадку яшчэ жывуць сведкі тых падзей – ветэраны Іван Сарока і Эдвард Сарока, а таксама вязень Марыя Селядцова. Падчас свята прагучалі імёны воінаў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Гэта Сяргей Гардзей, Алег Лапата, Міхаіл Апанэль, Франц Ждановіч і Пётр Рагінскі. Воіны-інтэрнацыяналісты і Марыя Селядцова ўсклалі вянок да помніка загінуўшым аднавяскоўцам.
У юбілейныя ўрачыстасці гарманічна ўключылася святкаванне дажынак СВК “Гальшанскі”. Дажыначны сноп уручылі нязменнаму кіраўніку гаспадаркі Мікалаю Праўко. Мікалай Мікалаевіч зазначыў, што гальшанцы – людзі працавітыя і руплівыя. Ён уручыў ганаровыя граматы героям сёлетняга жніва: Пятру Пазнанскаму і яго памочніку Ігару Гардзею (яны на камбайне “Лексіён-560” намалацілі 2069 тон збожжа), Генрыху Скаржынскаму і Аляксандру Блажкевічу (камбайн “Джон Дзір-9680”, намалот – 1505 тон), Аляксандру Кісліцкаму і Чэславу Чаплінскаму (камбайн “Ліда-1300”, намалот – 1002 тоны) і Дзмітрыю Наумцу з памочнікам Віктарам Адашкевічам (“Ліда-1300”, намалацілі больш 700 тон). Не засталіся незаўважанымі і вадзіцелі грузавікоў: Уладзімір Чаплінскі на аўтамабілі МАЗ перавёз 1546 тон збожжа, Вацлаў Чаплінскі даставіў з поля на МАЗе 1407 тон, Віктар Скурновіч перавёз на ЗІЛе 1229 тон, Анатоль Бацян на аўто ГАЗ-САЗ перавёз 771 тону збожжа.
Спіс усіх узнагароджаных на ўборцы ўраджаю змясціў больш за сем дзясяткаў прозвішчаў.
Падчас юбілею вёскі, якой споўнілася 735 год, не абышлі ўвагай старажылаў: Івана Гардзея, Эдуарда Сароку, Валянціну Буйко, Алену Куляшову, Тэрэсу Нагорскую, Марыю Ягела. Найстарэйшая жыхарка Гальшан Марыя Вікенцьеўна Бакуновіч атрымала віншаванні і кветкі.
Не абмінулі і гальшанскую моладзь. Сюды ў школу і ў гаспадарку прыязджаюць маладыя спецыялісты, якія застаюцца працаваць. Нараджаюцца і дзеткі. Значыць, мястэчка мае будучыню. Сёлета на свет з’явіліся чатыры маленькія гальшанцы. Віншаванні і невялікі падарунак прыняла сям’я Віталія і Рэгіны Ляўкоўскіх, якія нядаўна рэгістравалі нованароджаную Карыну. У аграгардку – сорак адна шматдзетная сям’я. Асаблівую падзяку выказалі прыёмнай сям’і Паўла і Ганны Супрановічаў.
На працягу свята гучалі народныя, эстрадныя і сярэднявечныя мелодыі. Святкаванне працягвалася ля сцен Гальшанскага замка.
Дзмітрый РАДКЕВІЧ.
Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.




