Кірмаш атаясамліваўся ў нашых продкаў не толькі з гандлем, але яшчэ і з актыўным адпачынкам. Наведваючы такое мерапрыемства, людзі здымалі напружанне, наладжвалі зносіны, набывалі новыя кантакты. А галоўнае — закупляліся свежай гароднінай, садавіной, малочнымі і хлебнымі прадуктамі. Вязаныя рэчы, плеценыя кошыкі, вырабы з дрэва — усё гэта карысталася безумоўным попытам і папулярнасцю. У Гальшанах у свой час кірмашы былі добрай традыцыяй, іх чакалі з нецярпеннем. З цягам часу традыцыя правядзення кірмашоў відазмянілася, аднак і зараз гэтая падзея прыцягвае да сябе ўвагу.
Цёплым нядзельным вечарам жыхары аграгарадка Гальшаны, навакольных вёсак, а таксама турысты з розных куткоў нашай краіны, сабраліся на тэатралізаванае свята “Гальшанскі кірмаш — 2026”.
У гэтым годзе сцэнарый правядзення свята відазмяніўся. Кожны год прысутных вітала гаспадыня свята — Восень. Сёлета арганізатары прапанавалі пабыць гасцямі на сапраўдным беларускім вяселлі.
Жаніх і яго мама, нявеста, сваця, дружкі, музыкі — усе гэтыя персанажы прысутнічалі на свяце. Прысутныя дапамагалі маладому прыняць самае галоўнае жыццёвае рашэнне — выбраць нявесту. Усе прэтэндэнткі адрозніваліся розумам, спрытам і прыгажосцю, аднак малады вырашыў звязаць свой лёс з самай актыўнай дзяўчынай. Пасля таго, як лёс пары быў вырашаны, пачалася падрыхтоўка да вяселля. Маладым давялося прайсці пад ручнікамі, атрымаць пажаданні і падарункі ад гасцей і нават станцаваць валовіцкую кадрылю. Госці мерапрыемства дружнымі апладысментамі падтрымлівалі пару. Пасля маладыя пачаставалі гасцей цукеркамі.
Сваця нагадала, што колісь вяселле доўжылася не адзін дзень, таму святочная праграма была працягнута. Госці пачаставаліся вясельным караваем. Для тых, хто хацеў падмацавацца больш грунтоўна, была прапанавана гарачая каша, прыгатаваная згодна з рэцэптам бабы Ганны.
Пасля работнікі культуры прапанавалі музычную праграму, якая ўключала як дынамічныя і рытмічныя кампазіцыі, так і напеўныя і далікатныя, якія нагадвалі аб прыгажосці роднай зямлі і сіле каранёў.
Ці можа абысціся кірмаш без гандлю? Вядома ж, не. Прысутных чакалі гандлёвыя палаткі з вязанымі рэчамі, вырабамі з дрэва, цікавосткамі для самых маленькіх гасцей. Адмысловыя дэкарацыі нагадвалі пра прыход самай прыгожай пары — восені, якая здолела падарыць усім прысутным кірмашовы настрой.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.






