«Добрага мужа шукай, як баравік у лесе»: у Крэйванцах прайшло «Свята грыбніка»

Культура

Сельскі клуб аграгарадка Крэйванцы стаў цэнтрам прыцягнення для ўсіх аматараў лясных багаццяў і народнага гумару. Сёлета традыцыйнае “Свята грыбніка” ператварылася ў сапраўдны вясельны фэст, дзе галоўнымі “віноўнікамі ўрачыстасці” сталі духмяныя дары лесу і спрадвечныя беларускія традыцыі.

Арганізатары вырашылі здзівіць кожнага і падрыхтавалі для наведвальнікаў сапраўдны сюрпрыз – тэатралізаваную праграму з вясельным каларытам. Артысты прадэманстравалі гасцям адноўлены абрад “Дарэнне маладых”. Гледачы з замілаваннем назіралі за кожным крокам: засціланнем кажуха, бласлаўленнем бацькоў і, галоўнае, урачыстым уручэннем падарункаў маладым. Госці не сумавалі – кожны абрадавы спеў падтрымлівалі шчырымі апладысментамі.

Галоўнай зоркай і сапраўдным рухавіком святочнага настрою стала харызматычная сваця. Яе трапныя словы і бясконцыя жарты трымалі залу ў пазітыўным тонусе ад пачатку да канца. Сваця літаральна сыпала “грыбным” гумарам: “Добрага мужа, дзеўкі, трэба шукаць, як баравік у лесе – пад кожны лісцік зазіраць, каб часам на паганку не натрапіць!”
Упрыгожаннем свята стала музыка. Гледачы з радасцю віталі ансамбль народнай песні “Жытніца”, які выканаў любімыя кампазіцыі. Сапраўдную сямейную цеплыню і душэўнасць падарыў публіцы народны сямейны ансамбль “Граўжанцы”. А завадныя і энергічныя нумары прывёз з сабой творчы калектыў з Гальшан.

Свята ў Крэйванцах у чарговы раз даказала: беларуская вёска ўмее захоўваць сваю спадчыну, спалучаючы яе з сучасным гумарам і шчырай гасціннасцю. Госці ішлі дадому з добрым настроем і, безумоўна, з надзеяй сустрэцца тут у наступным годзе.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *