Як гэта было? Успаміны жыхароў горада і павета, удзельнікаў паходу частак Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь

Общество

—           Вітольд Пятровіч Пакульневіч, жыхар вёскі Повішні, успамінае: “Як толькі вестка аб пераходзе савецка-польскай граніцы Чырвонай арміяй дасягнула Ашмян, мы з братам Сыкстусам і Міхаілам Голясам сабраліся на хутары Асінаўка, каб параіцца, што рабіць далей. Неабходна было ведаць, што робіцца ў Ашмянах. Накіравалі туды майго пляменніка Леапольда і сына Голяса Часлава. Заадно даручылі паклікаць людзей, былых падпольшчыкаў. Праз дзве-тры гадзіны ўжо ведалі аб становішчы ў горадзе. Там па вуліцах насілася жандармерыя, рыскала агентура тайнай паліцыі ў пошуках падпольшчыкаў, як вулей гудзеў магістрат. Утакіх абставінах у пустой яўрэйскай школе па вуліцы Барунскай вечарам адкрыўся нелегальны сход, на якім прысутнічала 12 чалавек. Вырашалася адно пытанне — аб тэрміновым стварэнні рабочай гвардыі ў горадзе. …Школа стала штабам рабочай гвардыі. Узначаліў яе Пётр Такарэвіч. Сюды сталі прыбываць і іншыя прадстаўнікі КПЗБ. Сярод прыбыўшых У. Міцкевіч, У. Канановіч, А. Кагановіч і іншыя. Атрымалі чырвоныя нарукаўныя павязкі. Праз нейкі час атрымалі загад Тарчэўскага ісці на раззбраенне польскіх паліцэйскіх у клубе Шалюбскага. Да месца падышлі незаўважнымі. Сюды мы праніклі, не маючы ні аднаго пісталета. Смела зашлі ў залу і ўпэўненым голасам Такарэвіч аб’явіў аб пераходзе ўлады ў горадзе ў рукі рабочай гвардыі. А я дапоўніў, што клуб акружаны, таму прашу без малейшага супраціўлення скласці зброю на більярд. Паўстала цішыня …Паліцэйскія пачалі складаць пісталеты, карабіны, кінжалы.У клуб заходзілі гвардзейцы і ўзбройваліся. Затым Такарэвіч загадаў абязброеным паліцэйскім разысціся па дамах. Хто не паслухае, таго пад суд. Занялі прадпрыемствы і ўстановы горада, захавалі іх маёмасць да прыходу часцей Чырвонай арміі. Рабочагвардзейцы, а іх налічвалася ў нашых радах восемдзесят чалавек, занялі пошту, телеграф, банк, друкарню і іншыя аб’екты горада. Узмоцненыя каравулы выставілі на электрастанцыі і мастах. Часці Чырвонай арміі сустрэлі ўрачыста ў 12 гадзін на плошчы. Першымі ўвайшлі чырвоназорныя танкі. Людзі ўручалі ім букеты жывых кветак.”

М.Т. Шудзянкоў, І.С. Грыб, П.С. Сіманкоў

—           Юстын Астрамовіч, жыхар вёскі Карабы Гальшанскай гміны расказаў, што 17 верасня вечарам заехалі на трох фурманках у вёску 12 польскіх жаўнераў. Зайшлі ў хату адпачыць. Завязалася гутарка. У мяне ў “гасцях” быў сусед Антон Трон. Як аказалася, жаўнерам няма ніякага сэнсу змагацца з Чырвонай арміяй… Скончылася тым, што яны пераапрануліся ў цывільнае і рушылі дадому.”

—           Міхаіл Гаўрылавіч Зыковіч, жыхар вёскі Загарняты, ўспамінае: “У адну з нядзель у верасні 1939 года жыхар вёскі Корац Тарас надзеў навушнікі і пачаў настройвацца на Маскву. Праз трэск і шум у эфіры пачуў словы В. М. Молатава: “Падаць братнюю руку заходнім беларусам”. Радасная вестка абляцела ўсю вёску. Не спадабалася яна толькі памешчыцы Кацярыне Дунінай. Пагрузіўшы на вазок неабходныя рэчы, яна хутка паімчалася ў Ашмяны …Больш яе ніхто з вяскоўцаў не бачыў… А мы пачалі рыхтавацца да сустрэчы. Збудавалі арку, упрыгожылі яе пяціканцовай зоркай і лозунгам: “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”… Першымі ў Загарняты ўвайшлі 6 савецкіх танкаў з “дэсантам” – жыхарамі суседніх Пятровіч і іншых навакольных вёсак. Салдат частавалі ўсім, чым маглі…”

—           Іван Станіслававіч Грыб, удзельнік паходу частак Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь: “15 верасня 1939 года наша 7-я Самарская дывізія (камандзір Ф. В. Камкоў) перадыслацыравалася да граніцы ў напрамку да Ракава. 18 верасня атрымалі загад падаць братэрскую руку сваім братам-беларусам, а ў 4 гадзіны 19 верасня – перайсці мяжу і вызваліць землі Заходняй Беларусі. Пагранічныя часці польскага войска моцнага супраціўлення не аказвалі, за выключэннем асобных выпадкаў з удзелам асаднікаў. Ішлі праз Ракаў, Валожын, Ашмяны, Вільню, Ліду, Шчучын, Скідаль, Гродна, Сувалкі. Адтуль мы вярнуліся ў Ашмяны. Быў цікавы выпадак пад Вільна. Польскія ўланы, наслухаўшыся прапаганды аб тым, што савецкі танк “Т-26” з фанеры, кінуліся на танк з клінкамі і сталі яго сячы. Аднак ў іх руках засталіся толькі ручкі ад клінкоў – танк аказаўся браніраваным…”

Камандзір 7-й самарскай кавалерыйскай дывізіі Фёдар Васільевіч Камкоў

—           Кебец Уладзімір Сямёнавіч, удзельнік паходу частак Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь: “У 1939 годзе я праходзіў службу ў кавалерыйскіх часцях, быў камандзірам 40-га кавалерыйскага палка імя Фрунзе, 7-й Самарскай кавалерыйскай дывізіі. Дывізія дыслацыравалася ў Мінску. 15 верасня нас паднялі па трывозе і пераправілі на граніцу з Заходняй Беларуссю, а 17 верасня мы гэту граніцу перайшлі. Польскія пагранічнікі ніякага супраціўлення нам не аказалі і баёў амаль да Вільні не было. Наш полк рухаўся праз Радашковічы, Свянцяны, Вільню, Аўгустоўскія лясы, Сувалкі. Другія палкі дывізіі рухаліся злева ад нас (Смаргонь, Ашмяны і іншыя населеныя пункты былога Ашмянскага павета). Жыхары краю ў большасці пунктаў дапамагалі байцам. Былі і кветкі , і фрукты, і прадукты харчавання, і падарункі. У асобных месцах праходзілі мітынгі…З Сувалак дывізія здзейсніла адваротны шлях у Ашмяны і тут атрымала загад спыніцца. Штаб яе размясціўся у драўляным доме па вуліцы Савецкай, насупраць будынка міліцыі. Наш полк размяшчаўся ў Солах. Займаліся баявой падрыхтоўкай, дапамагалі сялянам. Адносіны з насельніцтвам былі добрыя. Камандаванне вельмі карала кожнага, хто дапускаў самую нязначную несправядлівасць да мясцовых жыхароў…Пасля завяршэння савецка-фінскай вайны дывізія зноў вярнулася ў Ашмянскі раён, а адтуль яе перавялі ў Літву, дзе яна стала матарызаванай, а наш полк – матацыклетным …”

—           Васіль Іванавіч Шыпікаў, удзельнік паходу частак Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь: “Ваенную гімнасцёрку ўпершыню я надзеў у маі 1939 года. Службу пачаў у 25-й стралковай дывізіі. Восенню 1939 года ў складзе гэтай дывізіі ўдзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь. Дывізія рухалася па маршруце Ракаў — Валожын – Вішнева – Гальшаны – Ліда. Асабліва запомніліся Гальшаны. Тут адбыўся мітынг, дзе байцоў і камандзіраў віталі жыхары вёскі. Убачанае пераўзышло ўсе спадзяванні: паўсюду ўсмешкі, абдымкі, кветкі. З Ліды наша часць вярнулася на Ашмяншчыну. Размясціліся ў былым палацы графа Чапскага ў Навасёлках. Двухпавярховы дом, сажалка, парк – амаль санаторый. 30 лістапада 1939 года наша дывізія атрымала загад рухацца на фінскі фронт. Хутка мы зноў вярнуліся ў Навасёлкі. А ў чэрвені 1944 года наша часць перадыслацыравалася ў Літву…

Таццяна КІРКОЎСКАЯ, галоўны захавальнік фондаў Ашмянскага краязнаўчага музея



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *