Сям’я — гэта самае ўтульнае месца, дзе пахне хатняй здобай, печывам і яшчэ чымсьці незвычайным і вядомым з дзяцінства. Гэта стартавая пляцоўка, першы пункт сацыялізацыі асобы. Мама і тата з’яўляюцца апорай для дзяцей, яны абараняюць іх інтарэсы, вучаць вытрымцы, самастойнасці, адказнасці і дысцыпліне. Але галоўнае — даюць грунтоўнае выхаванне і бясконцую любоў. Гэтыя рэчы становяцца сапраўдным падмуркам у далейшым жыцці. Асаблівай школай жыцця для дзяцей з’яўляецца шматдзетная сям’я. Тут яшчэ набываецца навык узаемаадносін з братамі і сёстрамі, выхоўваецца ўменне спагадаць і дапамагаць слабейшым.
На Ашмяншчыне пражывае вялікая колькаць шматдзетных сем’яў. Сярод іх — сям’я Жукоўскіх, у якой выхоўваецца чацвёра дзяцей. Упершыню пазнаёміцца з імі давялося на раённым конкурсе “Сям’я года”. Тады на сцэну выйшлі тата, Сяргей Францавіч, мама, Алена Іосіфаўна. Побач з імі выступалі і дзеці — Дар’я, Вікторыя, Ангеліна і Мікіта. Гледачы дружнымі апладысментамі падтрымлівалі зладжаны калектыў, які пабудаваў сваё выступленне вакол ідэі аб адзінстве сям’і. Гэта ідэя была ўвасоблена дзякуючы каляровым алоўкам — кожны аловак патрэбны, унікальны, не падобны да іншых, але толькі дзякуючы выкарыстанню ўсіх колераў можна атрымаць яркі і прыгожы малюнак.
Знаёмства
Гісторыя сям’і Жукоўскіх бярэ свой пачатак у 2012 годзе. Тады Алена разам з сябрамі адзначала Новы год на пляцоўцы каля ёлкі ў Ашмянах. Да яе падышоў пазнаёміцца малады мужчына. Завязалася размова. Пазней Сяргей прапанаваў правесці дзяўчыну дадому. Алена пагадзілася. На развітанне пара абмянялася нумарамі тэлефонаў. Алена нават і не спадзявалася, што яе спадарожнік патэлефануе ўжо на наступны дзень…
Сяргей паходзіць з кагорты рашучых мужчын, якія выбар робяць адразу і на ўсё жыццё. У хуткім часе ён склаў далейшы план на сумеснае жыццё, і ў ліпені 2012 года адбылося вяселле. У той час Сяргей працаваў на будоўлі, Алена — медыцынскай сястрой. Пара хутка арганізавала сумесны быт, маладыя людзі часта размаўлялі, каб не страціць узаемную сувязь і тое прыгожае пачуццё, якое стала падмуркам далейшых адносін.
Кветкі жыцця
Сям’я становіцца асабліва шчаслівай, калі ў ёй з’яўляюцца дзеці. Яны расквечваюць жыццё. Жанчына раскрываецца з іншага боку: становіцца больш далікатнай, лагоднай, чулай і шчырай. Здаецца, мацярынства адкрывае новыя грані асобы, дэманструе найлепшыя якасці. Безумоўна, з’яўленне першынца цалкам змяняе і мужчыну, які прывык хаваць свае пачуцці за знешняй строгасцю і сур’ёзнасцю. Так адбылося і ў сям’і Жукоўскіх, калі на свет з’явілася дачка Даша. Яна стала татавай пястушкай, а маме падарыла сапраўдную радасць ад магчымасці рэалізавацца ў новым статусе. Крыху пазней на свет з’явілася другая дачка — Вікторыя, а яшчэ праз два гады — Ангеліна. Кожная з трох дачок мае свой характар, манеры, погляд на жыццё. Аднак Алена ўвесь час марыла пра сына. У дзявочым кветніку вельмі не хапала хлопчыка. І ў 2018 годзе на свет з’явіўся маленькі Мікіта, які стаў радасцю і для бацькоў, і для старэйшых сясцёр. У гэтым годзе малодшы сын перайшоў у трэці клас. Ён расце дапытлівым хлопчыкам, які па прыкладзе таты цікавіцца рыбалкай, а сваёй дабрынёй і сонечнай энергіяй зараджае ўсіх членаў сям’і. Рэалізаваліся ў розных накірунках і дзяўчаты. Даша дапамагае маме ў хатніх справах, а таксама сочыць, каб малодшыя пільна і рупліва выконвалі дамашнія заданні. Вікторыя — натура творчая. Яе цікавяць спевы, дзяўчынка любіць маляваць. Акрамя таго, яна заўсёды займаецца арганізацыяй сямейных святаў. Ангеліна вельмі энергічная, але пры гэтым умее быць адкрытай і міласэрнай, працягнуць руку дапамогі тым, хто яе патрабуе.
Адносіны
У Жукоўскіх склаліся свае традыцыі. Штодня сям’я збіраецца за сумесным сталом, каб не толькі раздзяліць вячэру, але і падзяліцца падзеямі, якія адбыліся за дзень, абмеркаваць жыццёвыя планы, пасмяяцца. Святы Жукоўскія часта праводзяць у родных. Асабліва жаданымі гасцямі дзеці з’яўляюцца для мамы Алены. Яны напаўняюць дом бабулі смехам і сапраўдным запалам, матывуюць да жыцця.
Алена адзначае, што важныя рашэнні звычайна прымае яна. Аднак заўсёды раіцца з мужам і дзецьмі. Яна ж сочыць за тым, каб дзеці добра вучыліся, наведвалі гурткі і факультатывы. Сяргей адзначаецца больш мяккім і далікатным характарам. Жукоўскія лічаць, што такі баланс і павінен быць у сям’і: строгасць трэба спалучаць са шчырасцю, падтрымкай і любоўю. У вольны час, якога не так шмат, мама займаецца рукадзеллем. Вышыўка і вязанне сталі яе спадарожнікамі. Тата ж захапляецца рыбнай лоўляй. Гэты занятак дапамагае зняць напружанне і адпачыць.
Конкурс
Некалькі месяцаў таму Алена на адным з сайтаў убачыла афішу пра конкурс “Сям’я года”. Тады жанчына падумала, што было б нядрэнна там паўдзельнічаць. Аднак пасля адагнала ад сябе такія думкі — мерапрыемства патрабавала рупнай падрыхтоўкі і творчасці. Праз некалькі дзён патэлефанавалі з гімназіі і прапанавалі прыняць удзел у раённым спаборніцтве. Алена доўга не раздумвала і адразу пагадзілася на гэту прапанову. Далей сям’ю чакаў працэс падрыхтоўкі. Асабліва складаным падаваўся выхад на сцэну. Калі дзяўчаты часта ўдзельнічалі ў мерапрыемствах і для іх публічнае выступленне не было нечым новым і незвычайным, то для бацькоў гэта падалося даволі складаным. Асабліва турбаваўся і непакоіўся тата. Аднак жаночая палова супакойвала і дапамагала паверыць ва ўласныя сілы.
На мерапрыемстве Жукоўскіх падтрымлівалі прадстаўнікі гімназіі № 1, родныя і знаёмыя. Гэта і дапамагло сям’і атрымаць заслужаную перамогу. Жукоўскія прызнаюцца, што не спадзяваліся на першае месца, бо бачылі высокі ўзровень падрыхтоўкі іншых канкурсантаў. Аднак вельмі ўзрадаваліся, калі былі абвешчаны вынікі. Пасля заканчэння конкурсу прыходзіла шмат віншаванняў. Тэлефанавалі таксама знаёмыя з іншых куткоў нашай краіны. Алена Іосіфаўна жартам адзначае, што вось так за адзін дзень сям’я набыла вялікую папулярнасць.
А нядаўна творчаму сямейнаму калектыву давялося прадставіць свой раён на абласным узроўні. Там быў прэзентаваны сацыяльна значны праект “Трэцяя субота — наш агульны клопат”, які наглядна паказаў, што званне ўзорнай сям’і з’яўляецца вынікам штодзённай карпатлівай працы. Разам з Жукоўскімі ў Гродна паехала і група падтрымкі, якая дапамагала паверыць ва ўласныя сілы і годна прадставіць свой раён. На абласным этапе конкурсу месца заваяваць не давялося, аднак Жукоўскія расказалі шырокай аўдыторыі аб тым, як жывуць шчырыя і нераўнадушныя сем’і на Ашмяншчыне, якія выхоўваюць дзяцей у духу дабрыні, спагады і пашаны да сваёй малой радзімы.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

