Канец ліпеня – асаблівы час для кожнага хлебароба. Паветра ў гэты час напаўняецца водарам спелага жыта, а залацістае поле хвалюецца, быццам жывое мора. Менавіта ў гэтыя дні нашы продкі выконвалі галоўную працу – прыступалі да жніва. І менавіта ў гэты час традыцыі набываюць асаблівы і нават сакральны сэнс. Якія сімвалы хаваюцца за простымі, здавалася б, рэчамі: снапом, вянком ці арнаментам на ручніку? Пра гэта мы паразмаўлялі з Крысцінай Міцкевіч, майстрам Ашмянскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры.
— Крысціна Генрыхаўна, адным з сімвалаў жніва з’яўляецца дажынкавы сноп. Раскажыце пра яго значэнне падрабязней.
— Гэта самы важны сімвал. На Ашмяншчыне, як і па ўсёй Беларусі, апошні сноп называлі “спажынкавым” або “дзеднікам”. Яго збіралі з асаблівай урачыстасцю – выходзілі ў поле ў святочным адзенні, упрыгожвалі сноп кветкамі і стужкамі. Затым гэты сноп уносілі ў хату і ставілі ў чырвоны кут пад абразамі, дзе ён ляжаў да Пакроваў. Лічылася, што ў ім захоўваецца дух поля, які ахоўвае дабрабыт сям’і. Гэты сноп быў не проста сувенірам, а падзякай зямлі за багаты плён.
— Акрамя снапа існуе яшчэ традыцыя пакідаць на полі “бараду”. Што гэта за абрад?
— Так, гэта вельмі кранальны звычай, які, на жаль, сёння ўжо амаль забыты. Жнейкі пакідалі невялікі пук недажатых каласоў, прыгіналі іх да зямлі і закручвалі. Завязвалі стужкай або запляталі ў вянок. Гэта называлася “завіваць бараду”. Гэта рабілі, каб дух поля, які хаваецца ў гэтых каласах, не крыўдзіўся і на наступны год вярнуўся з новым ураджаем. Гэта своеасаблівы рытуал кармлення зямлі, падзяка за тое, што яна дала.
— А якія арнаментальныя сімвалы жніва можна сустрэць на традыцыйных вырабах?
— Найчасцей выкарыстоўваецца ромб з кропкай у сярэдзіне. Нашы продкі ўкладвалі ў яго сэнс засеянага поля, збожжа, якое ляжыць у зямлі. Гэта таксама сімвал жанчыны-маці, бо менавіта жанчына дае жыццё. Другі важны знак – круг з крыжом унутры. Гэта сонца, дзякуючы якому спее хлеб. На ручніках часта можна сустрэць хвалістыя лініі – гэта дождж, вільгаць, без якой не выспее колас. Усе гэтыя знакі складаюць адзіную мову, якія нашы продкі разумелі без слоў.
— Сёння шмат гаворыцца пра адраджэнне культурных традыцый. Як Вы лічыце, навошта сучаснаму чалавеку, які жыве ў рытме высокахуткасных тэхналогій, ведаць гэтыя сімвалы і звяртацца да вопыту продкаў?
— Гэта пытанне асабліва важнае. Жыццё паскараецца, але чалавек застаецца чалавекам. Нашы продкі пакінулі нам не проста прыгожыя рэчы і абрады. Яны пакінулі сістэму каштоўнасцей, якая дапамагае захоўваць унутраную раўнавагу. Сімвалы жніва – гэта напамін пра тое, што ўсё ў гэтым свеце мае свой цыкл, што патрэбна ўмець чакаць, цярпець, працаваць і дзякаваць. Традыцыя – гэта якар, які дапамагае не страціць сябе.
Гутарыла Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

