Любоў мацнейшая за смерць

Марта Богданович

13 ліпеня 1943 года за дзесяць кіламетраў ад Гродна фашысцкія карнікі расстралялі групу мясцовых жыхароў. Гэта стала помстай за забойства партызанамі нямецкага салдата. Такія “мерапрыемствы” ў той час не былі нечым новым і незвычайным. Фашысты планамерна і мэтанакіравана знішчалі насельніцтва. Аднак гэты выпадак адрозніваўся ад многіх падобных да яго.

Разам з тымі, хто чакаў смерці ў той ліпеньскі дзень, быў Станіслаў і Ганна Шымчык. Многія людзі трымцелі перад тварам смерці. І гэта зразумела. Кожны хацеў мець надзею на жыццё, нават калі яно было апалена вайной, нястачай і болем. Адзін Бог ведае, што ў гэты момант адчувала маладая цяжарная жанчына і яе муж. Праз хвіліну яны павінны былі развітацца з надзеямі, марамі, спадзяваннямі на лепшы лёс, а таксама са сваім дзіцяткам, якое так і не паспела пабачыць свет. Разрывалася ў той момант і матчына сэрца Мар’яны Бярнацкай, якая пазбегла пакарання. Яна бачыла, што ў хуткім часе будзе забіта яе нявестка Ганна, сын і ненароджаны ўнук. Жанчына перажывала душэўныя пакуты, бачачы бесчалавечныя адносіны фашысцкіх захопнікаў. І тады яна вырашыла дзейнічаць. Мар’яна падышла да аднаго з катаў і прапанавала сваё жыццё ў абмен на жыццё сваёй нявесткі і ненароджанага ўнука. І, на дзіва, кат пагадзіўся. Захаваліся сведчанні, што ў апошнія хвіліны свайго жыцця жанчына малілася, аддаючы свой лёс у рукі Бога. Гэты акт любові і ахвярнасці ўвайшоў у гісторыю. Прайшло 83 гады з той падзеі, а подзвіг Мар’яны жыве і сёння. На ўласным прыкладзе яна паказала, што любоў мацнейшая за смерць, страх, вайну. Любоў не шкадуе нічога, яна з’яўляецца абсалютным светам нават у той беспрасветнай цемры, якім быў фашысцкі рэжым.
Любоў. Калі нам патрэбна было б даць азначэнне гэтаму тэрміну, то, напэўна, на нейкі момант мы разгубіліся б. Яна ўключае ў сябе і паважлівыя адносіны да іншага чалавека, і эмацыйны бок, і сімпатыю, і многія іншыя рэчы. Аднак усе гэтыя складнікі другарадныя, яны толькі дапаўняюць пачуццё. Любоў — гэта, у першую чаргу, акт волі, цвёрдае рашэнне, выбар. Вернасць, ахвярнасць, самаадданасць з’яўляюцца яе плёнамі.

У нашых сем’ях і ў грамадстве галоўным “генератарам” любові з’яўляецца жанчына. Штодня яна выбірае любіць тых, хто знаходзіцца побач. Яна ўкладае апошнія сілы ў выхаванне дзяцей, часта не пакідаючы зусім нічога для сябе. У сувязі з гэтым прыгадваецца прытча. Хлопчык усё жыццё саромеўся сваёй мамы, бо быў у яе адзін фізічны недахоп — яна не мела вока. Ён прасіў, каб тая не прыходзіла на школьныя святы і лінейкі, не суправаджала яго на мерапрыемствах. І нават на выпускны вечар сын забараніў ісці сваёй маці. Пасля паступлення малады чалавек і ўвогуле забыў дарогу ў бацькоўскі дом. Мужчына ажаніўся, у яго нарадзіліся дзеці. Аднак сваю маладую сям’ю ён таксама не спяшаўся знаёміць з мамай. Праз некаторы час з роднай вёскі прыйшоў ліст ад суседкі, у якім паведамлялася, што мама памерла. Прыехаўшы на пахаванне, сын не адчуў моцнага жалю. Яму прыгадаліся сітуацыі, калі хлопчыкі задзіралі яго за тое, што яго мама мела недахоп. Калі жанчыну пахавалі, суседка перадала невялікі канверт. Там змяшчалася пісьмо, у якім мама прасіла ў яго прабачэння. Аднак найбольш яго ўразілі наступныя словы: “Даруй, любы сынок, што ўсё жыццё я была тваім сорамам. Аднак зараз, калі мяне ўжо няма, хачу расказаць табе адну гісторыю. Калі ты быў маленькі, то ўпаў і пашкодзіў вока. Табе патрабавалася тэрміновая аперацыя. Патрэбны быў таксама донар. І тады я стала для цябе гэтым донарам”. Прачытаўшы гэтыя словы, мужчына заплакаў. Ён зразумеў, як моцна любіла яго мама. У гэты момант яму захацелася абняць яе — старэнькую, нямоглую, тую, якая бясконца яго любіла.

Любоў. Яна мацнейшая за смерць, страту, боль. Яна ўсё зносіць, на ўсё спадзяецца, усяму верыць і ніколі не мінае.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *