На Ашмяншчыне захавалася шмат народных свят і традыцый, якія ашчадна зберагаюць яе жыхары. Апошнім часам узніклі і новыя, якія аднак ужо паспелі стаць брэндавымі. Хто не ведае “Вечары ў Соф’і Гальшанскай”, “Мядовы кірмаш”, “Сталёвую магістраль”, “Вясковага сыравара”? Пра іх чулі не толькі ў раёне, некаторыя вядомы ў вобласці і нават краіне. Мае сваіх прыхільнікаў і свята “Кветкавая феерыя”, якое штогод збірае жыхароў аграгарадка Кракоўка і шматлікіх гасцей.
Кветкавы рай
У канцы 80-х гадоў набыць у Ашмянах букет кветак было сапраўдным квэстам, пакуль у Кракоўцы не з’явіліся цяпліцы, дзе вырошчвалі гваздзікі. Гэта акалічнась і стала падставай для правядзення ў аграгарадку свята кветак.
Здалёк гасцей віталі гукі музыкі, а на святочнай пляцоўцы чакаў сапраўдны кветкавы рай. Падманвалі да сябе каляровыя фотазоны. Нельга было прайсці міма выставы-продажу мясцовага жыхара Дзмітрыя Крышталя, які разам з бацькамі займаецца вырошчваннем кветак. Майстар-клас разьбы па дрэве прапаноўваў таленавіты мясцовы жыхар Павел Смалонскі. Аква-грым ад Лізаветы Сальнікавай прывабліваў дзяцей. Працаваў фіта-бар, дзе можна было пачаставацца травяным чаем.
Вясельная феерыя
У гэтым годзе “Кветкавая феерыя” ў Кракоўцы прайшла ў нязвыклым фармаце. Да таго, што свята будзе праходзіць у інтэрактыўнай форме, мясцовыя жыхары ўжо прывыклі. Удзел у конкурсах, танцах, віктарынах тут звычайная справа. Аднак у гэтым годзе арганізатары – мясцовы сельскі клуб – здзівілі. Гледачы трапілі на сапраўднае вяселле: з брамай і выкупам нявесты, караваем і віншаваннямі маладых, музыкантамі, сватамі і цукеркамі дзецям, танцамі “Кракавяк”, полькай і Валовіцкай кадрыляй – на вяселле, якое яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму адбывалася ў любой вёсцы Ашмянскага раёна.
Колькі народнага гумару і мудрасці закладзена ў вясельных традыцыях нашых дзедаў, колькі ў трапных словах і пажаданнях маладым гучыць слушных парад: не забываць і паважаць старэйшых, ладна весці гаспадарку, трымацца адно аднаго, берагчы вернасць і каханне. А пачалося ўсё з кветкі, якую сарамліва падарыў хлопец любай дзяўчыне.
Вясельны абрад падрыхтавалі работнікі культуры раёна і правялі яго так нязмушана і натуральна, што многія са старэйшых людзей успомнілі свае вяселлі, а моладзі абрад дазволіў дакрануцца да народных традыцый. Можна не сумнявацца, што вясельная імпрэза надоўга застанецца ў памяці гледачоў.
У вобразах жаніха і нявесты выступілі Міхаіл Шчучка і Вікторыя Мордас. Вясельны абрад у Кракоўцы быў падрыхтаваны ў межах абласнога праекта “Вяселле па беларускіх канонах”. Ашмянцы прадстаўлялі яго ў гэтым годзе на свяце нацыянальных культур у Гродне.
Разам у радасці і горы праз усё жыццё
Але на гэтым сюрпрызы не закончыліся. На свяце адбылося віншаванне сямей, якія святкуюць у гэтым годзе юбілейныя даты з дня заключэння шлюбу. Павіншаваць юбіляраў прыехалі начальнік аддзела загс Ашмянскага райвыканкама Іна Пад’ельская і старшыня Жупранскага сельвыканкама Уладзімір Суравец.
Сорак год сямейнага жыцця за плячыма Ігната і Таццяны Лабачэўскіх, Анатолія і Раісы Ромаш. Сорак пяць год пражылі ў шлюбе Тадэвуш і Антаніна Белыя. Пяцідзясяты юбілей сумеснага жыцця нядаўна адсвяткавалі Віктар і Марыя Савіцкія. Пражылі разам больш за пяцьдзясят год Іван і Ядвіга Тарасевіч, Іван і Крысціна Яблонскія, Эдвард і Крысціна Завадскія, Раман і Галіна Кашчыц, Аляксандр і Вера Маліноўскія, Осіп і Вераніка Матусевіч, Аляксандр і Марыя Васільчанкі, Іван і Ірэна Гіруць.
У адрас юбіляраў прагучала шмат цёплых слоў, але галоўнае – вопыт іх сумеснага жыцця, умення саступаць адзін аднаму, мудрасці і цярплівасці ў пераадольванні перашкод з’яўляецца прыкладам для сучаснай моладзі.
Аддзелам загс была арганізавана ўрачыстая цырымонія рэгістрацыі юбілеяў. Віктар і Марыя Савіцкія, Анатолій і Раіса Ромаш пад апладысменты аднавяскоўцаў і суседзяў паставілі свае подпісы ў Ганаровай кнізе юбіляраў Ашмянскага раёна, а такасама падзяліліся сакрэтамі моцнага сумеснага жыцця. На памяць аб падзеі у юбіляраў застануцца пасведчанні, якія ім уручыла начальнік аддзела загс Іна Пад’ельская. Спецыяльны падарунак ад КСУП “Кракоўка” атрымаў Віктар Савіцкі, які з’яўляецца ветэранам працы сельскагаспадарчага прадпрыемства. Да віншаванняў далучыліся родныя і суседдзі.
Вечар адзінства і еднасці
На працягу вечара гучалі песні пра кветкі і каханне, тэатральную мініяцюру падрыхтаваў узорны лялечны тэатр “Праменьчык”. Вядучая мерапрыемства Святлана Ганусевіч запальвала гледачоў сваёй нястрымнай энергіяй і імпэтам.
Многія чакалі выступлення інструментальнага гурта “Другая маладосць”, які працуе на базе Кракоўскага сельскага клуба. Жывая інструментальная музыка, любімыя песні 90-х і дыскатэка сталі кранальным завяршэннем гэтага насычанага эмоцыямі вечара, які сабраў у адно традыцыі і сучаснасць, моладзь і людзей сталага пакалення, згуртаваў родных і суседзяў.
Ірына БРАЗОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

















