Лес з’яўляецца сапраўдным багаццем нашай краіны. Аднак любы скарб патрабуе беражлівых рук і мудрага сэрца. Для таго, каб гэта багацце не было занядбана, а толькі памнажалася, патрэбны руплівыя людзі — сапраўдныя энтузіясты сваёй справы.
Да гэтай кагорты можна аднесці ляснічага Гальшанскага лясніцтва Віталія Траццяка. На працягу дваццаці год ён знаходзіцца на гэтай пасадзе, робячы ўсё для таго, каб лес прыгажэў і рос.
Любоў да лесу ў гарадскога хлопца зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве, аднак на той момант думкі аб прафесійным самавызначэнні не наведвалі юнака. Як гэта часта бывае, у справу ўмяшаўся выпадак: старэйшая сястра, якая вучылася ва ўніверсітэце, аднойчы прывезла з сабой невялічкі буклет, які распавядаў пра спецыяльнасці тэхналагічнага інстытута імя С.М. Кірава. Старшакласнік зацікавіўся спецыяльнасцямі, якія там прапаноўваліся, і ўрэшце рэшт вырашыў паступаць менавіта сюды.
Сёння Віталій Браняслававіч зазначае, што яму давялося прайсці доўгі шлях станаўлення. Пачынаў працаваць ён у якасці лесаруба, пасля некаторы час быў лесніком, пазней — майстрам і памочнікам ляснічага. Граўжышкоўскае лясніцтва стала першым месцам працоўнай дзейнасці. Вопытны калектыў адразу падтрымаў маладога і энергічнага спецыяліста, адзначыўшы адпаведныя прафесійныя якасці.
У 1999 годзе Віталій Траццяк перайшоў працаваць у Гальшаны. На сённяшні момант у яго падначаленні — 25 чалавек. Сярод іх як аксакалы лясной гаспадаркі, так і маладыя кадры. Самы вопытны спецыяліст майстар Генадзь Чаплінскі прыйшоў працаваць у лясніцтва ў 1999 годзе. На яго рахунку — гады руплівай працы і вялікая колькасць узнагарод. Побач з ім працуюць і маладыя спецыялісты — майстры Кацярына і Лізавета Святоха, якія два гады таму сталі часткай калектыва. Калектыў Віталій Траццяк называе сваёй апорай і падтрымкай. Дзякуючы рупнай працы Сяргея Шыдлоўскага, Віктара Станевіча, Тадэвуша Лугіна, Сяргея Берната, Івана Мацкевіча атрымалася дасягнуць высокіх вынікаў. З добрага боку сябе зарэкамендавалі і майстры Генадзь Чаплінскі, Вера Жаўнярук, а Пётр Скурновіч у гэтым годзе стаў лепшым майстрам у вобласці. Правай рукой з’яўляецца і памочнік ляснічага Дзяніс Загорскі.
Кожную раніцу ляснічы сустракаецца з калектывам на планёрцы, разам абмяркоўваюць тэрміновыя задачы на дзень. Віталій Траццяк адзначае, што ў працы з людзьмі важны не толькі прафесіяналізм, але і чалавечнасць. За дваццаць год кіравання не раз даводзілася ўпэўнівацца ў гэтай простай ісціне. Важную ролю ляснічы адводзіць інструктажам па тэхніцы бяспекі. Праца ў лесе з’яўляецца асабліва небяспечнай, таму аднаўленне правіл бяспекі — абавязковая частка кожнага дня. Галоўным прынцыпам дзейнасці Віталій Траццяк лічыць адказныя адносіны да штодзённых абавязкаў.
Вольны час, якога не так шмат, Віталій Браняслававіч адводзіць хатняй працы, любіць працаваць з дрэвам, а таксама займацца рамонтам тэхнікі. А ў грыбны сезон яго цягне ў лес, каб пабыць сам-насам са сваімі думкамі, паглядзець на лес не вачыма спецыяліста лясной гаспадаркі, а чалавека, які ўмее захапляцца навакольным светам. Мужчына стараецца таксама не абдзяліць увагай і сваіх родных — жонку, дачку і сына. Для Віталія Траццяка сям’я — гэта галоўны падмурак, дзякуючы якому будуецца дабрабыт, поспех, жыццёвая радасць і сэнс.
Мы задалі Віталію Траццяку некалькі пытанняў адносна яго прафесійнай дзейнасці.
— Віталій Браняслававіч, калі б не выбралі лясную гаспадарку, то ў якую сферу пайшлі?
— Свой выбар я зрабіў асэнсавана, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, таму нават уявіць сябе не магу па-за межамі лясной гаспадаркі.
— Прыгадайце той дзень, калі сталі ляснічым. Ці было страшна прымаць лясніцтва?
— Страху не было. Да гэтага шэсць год працаваў памочнікам ляснічага. Ужо добра ведаў і кола сваіх абавязкаў, і калектыў, які дапамог майму станаўленню.
— Якім правілам вы карыстаецеся ў працы?
— Справядліваць і сумленнасць. На гэтым падмурку будуецца ўсё астатняе.
— Чаму вас навучыў лес?
— Клапатлівым і адказным адносінам да ўсяго жывога.
— Што вы хочаце паспець зрабіць за час кіраўніцтва лясніцтвам?
— Планаў і задач шмат. Сярод іх і больш дробныя, і вельмі аб’ёмныя. Але галоўная задача людзей лесу заключаецца ў тым, каб лес рос і красаваў.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

