Віктар Сухалет выратаваў жыццё суседу

Главное

Віктар Сухалет не лічыць сябе героем. Яму, сціпламу вясковаму чалавеку, неяк нават не па сабе робіцца ад такой пільнай увагі, што абрынулася на яго з канца зімы. Тады, лютаўскай змрочнай раніцай, прачнуўшыся, каб, як і звычайна, накіравацца з родных Даўкшышак на працу ў Мураваную Ашмянку, ён нават і падумаць не мог, што праз хвіліну адзін на адзін сутыкнецца з вогненнай стыхіяй.


Языкі полымя ў акне суседа ён згледзеў адразу ж і, не раздумваючы, кінуўся на чужы падворак. Калі адчыніў дзверы ў хату вяскоўца, то полымя, адчуўшы прыток паветра, ва ўсю моц пачало гаспадарыць ў памяшканні. Паклікаў суседа і, абнадзеены яго голасам, ірвануў у свой дом: там вісеў бацькаў стары процівагаз. На хаду патэлефанаваў у службу выратавання і, нават не думаючы, што можа сам згарэць, ступіў у задымленае памяшканне. Знясіленага суседа ён вынес з агню на руках. І толькі тады ўбачыў, што на дапамогу падаспелі пажарныя машыны.

Пра выратаванне суседа Віктар расказваць не любіць, бо лічыць, што паступіў так, як і трэба было: ні болей, ні меней. Так падказала яму сумленне, а гераізм – гэта надта высакапарна, лічыць мужчына і апускае вочы долу, нібы сарамеецца свайго ўчынку.

Няёмка адчуваў сябе Віктар Станіслававіч і на ўрачыстасці ў Мураванаашмянкоўскай школе, што была арганізавана ў яго гонар. Мясцовыя педагогі, старшыня сельвыканкама, кіраўніцтва і калегі з бальніцы сястрынскага догляду, дзе ён працуе тэхнічным работнікам, сабраліся, каб парадавацца за свайго земляка і выказаць яму ўдзячнасць. Падзякаваць Віктару Сухалету за геройскі ўчынак прыехаў начальнік абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Сяргей Шпарло, які ўручыў мужчыне грашовую прэмію, зацверджаную загадам Міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Словы падзякі гучалі ў адрас Віктара і ад выконваючага абавязкі начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэя Горбача.

Кіраўнік абласнога ўпраўлення звярнуўся да прысутных у зале дарослых, каб яны сур’ёзней ставіліся да пытанняў пажарнай бяспекі, даводзілі неабходную ў гэтым плане інфармацыю дзецям, каб падстаў для такіх сустрэч было як мага менш і сумная статыстыка не папаўнялася страшнымі фактамі трагедый на пажарах. На заканчэнне сустрэчы інспектар групы прапаганды і навучання РАНС Сяргей Лісоўскі прадэманстраваў фільм аб выніках дзіцячага свавольства з агнём, як напамін не пакідаць малых дзяцей у хаце адных, каб пазбегнуць бяды.

Аліна САНЮК.

На здымку: начальнік абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Сяргей Шпарло ўручае Віктару Сухалету грашовую прэмію.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *