У дзіцячым садзе № 6 г. Ашмяны прайшоў тэматычны тыдзень да Дня роднай мовы

Образование

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Да дня беларускай мовы ў групе № 9 дзіцячага сада  № 6 г. Ашмяны быў арганізаваны тэматычны тыдзень “Беларуская мова – мелодыя сэрца”. Кожны дзень быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі і меў тэматычную назву: “Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў”, “Мой родны кут, мая зямля…”, “Беларускія народныя гульні”, “Па старонках беларускіх казак”, “21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы”.

У панядзелак дзяцей і бацькоў сустракала беларусачка, якая раіла, якія кнігі на беларускай мове можна прачытаць дзецям у вольны час, была праведзена акцыя “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. Было прыемна чуць, як на працягу дня з вуснаў дзяцей і бацькоў чулася “добрай раніцы, дзякуй, калі ласка, выбачайце, смачна есці, рады бачыць вас”.

У аўторак дзеці адправіліся на экскурсію ў Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча, дзе пазнаёміліся з жывёльным і раслінным светам беларускага краю, асаблівасцямі жыцця жывёл беларускіх лясоў. Наведалі залу, прысвечаную падзеям Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёміліся з жыццём ашмянцаў у час ваеннай акупацыі, даведаліся пра подзвіг Дзмітрыя Гарбунова і партызанскі рух ў Ашмянскім раёне, убачылі экіпіроўку савецкіх і нямецкіх салдатаў.

У сераду выхаванцы паказалі свой спрыт, хуткасць  і кемлівасць у беларускіх абрадавых гульнях: “Гарлачык”, “Лянок”, “Буслы”. У інтэрактыўнай гульні “Беларускія народныя інструменты” пазнаёміліся з гучаннем жалейкі, цымбалаў, валынкі, скрыпкі, колавай ліры.

Чацвер быў прысвечаны дзіцячым казкам. Выхаванцы з ахвотай удзельнічалі ў інсцэніроўках па матывах народных казак, вершаў, напісаных у форме дыялога.  Выхаванцы нашай групы прадэманстравалі вершаваную інсцэніроўку паводле народнай казкі “Пшанічны каласок”. Да паказа казкі загадзя была падрыхтавана выстава малюнкаў “Па казачных сцяжынках”.

Тэма пятніцы “21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы”. З дашкалятамі была праведзена гульня-падарожжа “Як ты дорага мне, мая родная мова! Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!”. Маленькія падарожнікі пераадолелі многа заданняў-перашкод: ўспомнілі ветлівыя словы, прадэкламавалі вершы на беларускай мове, згадалі назвы беларускіх казак, упрыгожылі ручнік арнаментам, нібы сапраўдныя майстры.

Не абышоўся гэты тыдзень і без актыўнага ўдзелу бацькоў. Была праведзена акцыя “Маё любімае слова па-беларуску”, дзе бацькі групы змаглі напісаць на кветках-васільках любімыя словы на роднай мове. Вельмі прыемна было чуць ад бацькоў такія душэўныя і прыгожыя словы: “радзіма, каханне, пяшчота…”.

Без сумневу, гэты тыдзень запомніцца нашым дзецям і іх бацькам. Спадзяюся, што родная мова будзе значна часцей гучаць не толькі ў дзіцячым садзе, але і ў хатах выхаванцаў.

Таццяна ВІНЦАЛОВІЧ, выхавацель дзіцячага сада № 6 г. Ашмяны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *