Гальшанскі замак: з мінулага  — у будучыню

События

Ёсць месцы, куды едзеш за краявідамі, а ёсць тыя, што прыцягваюць памяццю і падзеямі, якія мелі месца шмат стагоддзяў таму. Да такіх можна аднесці Гальшанскі замак. Каменная кветка, што застыла ў мурах, прыцягвае сваёй таямнічасцю і падзеямі, якія адбываліся тут шмат стагоддзяў таму. У адзін з лістападаўскіх дзён нашы карэспандэнты накіраваліся ў замак, каб акунуцца ў гісторыю і адчуць, чым жыве замак сёння.

Аб’ект, што прыцягвае

На тэрыторыі турыстычнага аб’екта мы сустрэлі дырэктара Ашмянскага краязнаўчага музея Анастасію Навіцкую, якая распавяла шмат цікавых фактаў:

Гальшанскі замак стаў сапраўдным цэнтрам прыцягнення для турыстаў не толькі з Ашмянскага раёна, але і з усёй Беларусі. З мая 2021 года, калі адноўленая паўночная  вежа пачала прымаць гасцей, яе экспазіцыю наведала больш за 125 000 чалавек, праведзена больш за 3300 экскурсій. На пастаяннай аснове ў Гальшанскі замак прыязджаюць турыстычныя групы больш чым з 40 турфірм з розных куткоў Беларусі – Брэста, Мінска, Гродна, Полацка, Маладзечна, Бабруйска. Актыўную цікавасць да аб’екта праяўляюць і турысты з Расійскай Федэрацыі. На кожным узроўні паўночнай вежы можна ўбачыць атмасферныя экспазіцыі, акунуцца ў легенды і паданні пра Белую Панну і Чорнага Манаха. Аглядавая пляцоўка дае магчымасць палюбавацца адмысловай панарамай аграгарадка.

Акрамя аглядных, вялікім попытам карыстаюцца інтэрактыўныя касцюміраваныя экскурсіі з элементамі квэста і містыкі, экскурсіі па знакавых месцах аграгарадка Гальшаны “Ад Гольшы да Гальшан”. У 2026 годзе ярка прайшлі культурныя мерапрыемствы на Гальшанскім замку “Ноч музеяў”, “Вечары ў Соф’і Гальшанскай”, народнае свята “Купалле”, рэгіянальны фестываль “Гальшанскі замак”.

На аднаўленне і рэстаўрацыю замка ўжо выдаткавана амаль сем мільёнаў рублёў з розных крыніц: Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, рэспубліканскага, абласнога, раённага бюджэтаў, спонсарскіх сродкаў. Летам былі завершаны працы першага пускавога комплексу на паўночна-ўсходняй вежы: скончаны кансервацыя корпуса, камнеўмацаванне сцен, выкладзена плітка, якая імітуе плітку ў замку, а таксама ўстаноўлены стэнд з арыгінальнымі фрагментамі замкавай пліткі, — расказвае Анастасія Навіцкая.

Выхаванне гісторыяй

Падчас восеньскіх канікул на экскурсію ў Гальшаны прыязджаюць школьнікі не толькі з Ашмянскага, але і з суседніх раёнаў, Полацка, Мінска. Для іх арганізаваны займальныя падарожжы ў гісторыю, якія ўключаюць квэсты з адмысловымі заданнямі. На момант нашага наведвання замка школьнікі з Ваўкавыска з цікавасцю атрымлівалі канверты з заданнямі, разгадвалі таямніцы і спасцігалі ўсё новыя ўзроўні захапляльнай гульні.

Хутка да іх далучыліся і школьнікі з Гальшанскай сярэдняй школы. Мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць шмат цікавых фактаў пра замак, але кожная новая сустрэча з ім прыносіць новыя веды, заварожваюць дзяцей гістарычныя постаці і легенды. А на развітанне кожны можа атрымаць падарунак.

Замак на тэлеэкране

Здымачная група тэлеканала “ЯСНАе TV” таксама наведала Гальшанскі замак.  У праекце “Беларусь неизведанная. По следам прошлого” тэлевядучая Арына Чырук распавядае пра таямніцы гістарычных месцаў Беларусі. На гэты раз у поле зроку здымачнай каманды апынуўся Гальшанскі замак. У аб’ектыў трапілі экспазіцыя паўночнай вежы, архітэктура замка і шмат іншых цікавостак. 20 лістапада ў 21.00 тэлеперадача выйдзе ў эфір.

Каб акунуцца ў атмасферу гісторыі, не трэба ехаць далёка. Гальшанскі замак застыў як напамін аб былой магутнасці, стаў мастом з мінулага ў будучыню.


Гальшанскі замак – альфа і амега,

Квітнее праз стагоддзі даўніна.

Здаецца, павітае нас Сапега,

Сустрэне невядомая княжна.

 

І кожны камень быццам напамінак

Аб тых часах, сплылі што ў нябыт.

Што ні ваяр – то новы паядынак,

Што ні паненка – перлы, аксаміт.

 

Балі, паненкі, прыгажосць, каханне,

Інтрыгі, бойкі, здрада, гонар, знаць.

Так хочацца пачуць муроў гуканне,

Ды толькі сведкі дбайныя маўчаць.

 

Прайдуся ля муроў гэтых рупліва –

Уразіць прыгажосці дзіўнай гмах.

І велічны, і стройны, і жахлівы, —

Гуляе дзе пакінуты Манах.

 

Гальшанскі замак – памяць, гонар, слава,

Свавольнік-вецер гімны будзе пець.

Маленькая прыгожая дзяржава

Адноўлена, каб жыць і зноў квітнець.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Верш і фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *