Штогод 21 лютага мільёны людзей ва ўсім свеце ўзгадваюць важнасць роднай мовы, успамінаюць свае першыя словы, сказаныя на мове бацькоў. Не выключэннем стала і сярэдняя школа № 3 г. Ашмяны. Напярэдадні Дня роднай мовы ў школе адбыўся шэраг мерапрыемстваў: акцыі, святы мовы, літаратурныя гадзіны, моўныя турніры і конкурсы.
Усе педагогі і навучэнцы з вялікай цікавасцю і захапленнем акунуліся ў тыдзень роднай мовы з першага дня. Акцыі «Ветлівыя словы», «Роднай мове зычу…» былі накіраваны на актыўнае выкарыстанне беларускіх слоў падзякі, прывітання і пажаданняў беларускай мове.
Удзельнікі акцыі «Складзі пазл па-беларуску – атрымай беларускую цукерку» змаглі не толькі акунуцца ў атмасферу самабытнасці, трапнасці і непаўторнасці роднага слова, адчуць багацце адценняў слоў-перакладаў, але і пачаставацца салодкіми ласункамі.
На працягу тыдня былі наладжаны розныя тэматычныя мерапрыемствы: віктарына “Ведай свой край”, гульні “Пагуляем у роднае слова”, “Мова родная – мова модная”, падарожжа «Ці ведаеш ты сваю мову?», літаратурны брэйн-рынг “Славутыя сыны зямлі беларускай”. Вучні змагаліся за званне лепшага знаўцы беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і культуры Беларусі, біяграфіі класікаў, за званне самага эрудыраванага, кемлівага, творчага, адказваючы на сур’ёзныя і жартаўліва-хітрыя пытанні, адгадваючы загадкі, рэбусы, рашаючы моўныя задачы, узгадваючы беларускія творы, дэкламуючы беларускія вершы.
Хоць тыдзень роднай мовы ў школе завяршыўся, але мілагучнае беларускае слова будзе тут гучаць кожны дзень, бо дзеці яшчэ раз упэўніліся ў разнастайнасці і багацці роднай мовы, на якой трэба размаўляць і якую трэба берагчы і захоўваць. Як запавет нам гучаць словы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа: «Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю”.
Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 3 г. Ашмяны.

