21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята акцэнтуе ўвагу на важнасці роднай мовы для захавання культурнай спадчыны, традыцый і звычаяў. Напярэдадні свята нашы карэспандэнты наведалі Кальчунскую сярэднюю школу і пагутарылі з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ганнай Бярнацкай, якая праз мову далучыла сваіх вучняў да разумення беларускай народнай культуры.
Акрамя беларускай мовы і літаратуры, Ганна Бярнацкая выкладае яшчэ і працоўнае навучанне. Ва ўтульным кабінеце Ганна Вячаславаўна размясцілася разам са сваімі вучаніцамі Маргарытай і Вікторыяй. А побач з імі на паліцы — лялькі ў народных строях. Складана паверыць, што гэтыя шэдэўры зроблены рукамі Ганны Вячаславаўны і яе вучаніц. Сціпла ўпрыгожвае паліцу лялька “Жаданніца”, някідкай прыгажосцю хваліцца “Рабінка”, а ў самым кутку можна заўважыць “Мамачку”, якая калыша немаўлятка. Ганна Вячаславаўна захоплена дэманструе кожную, расказваючы пра ролю лялькі ў жыцці чалавека.
— Не сакрэт, што раней у краме лялек не было, іх рабілі самастойна — з дрэва, саломы, кавалачкаў тканіны. Лялькі рабіліся не толькі для гульні, але і для таго, каб абараніць чалавека ад злых сіл. Яны спрыялі добраму і багатаму ўраджаю, дастатку ў доме. Пры вырабе лялек не выкарыстоўваліся вострыя прадметы — іголкі, нажніцы, нажы. Тканіну і ніткі рвалі ўручную. Лічылася, што лялька-абярэг, створаная пры дапамозе вострых прадметаў, не будзе ахоўваць чалавека, а наадварот, можа яму пашкодзіць, — паведаміла настаўніца.
Лялька стала тым элементам, які дапамог адшукаць міжпрадметную сувязь. Першая лялька была створана ў 2024 годзе. А ўжо ў 2025-м з’явілася навуковая праца “Чароўная сіла лялькі — тайна замовы”, якую пад кіраўніцтвам педагога выканала вучаніца дзявятага класа Маргарыта Каханская. Даследаванне было прэзентавана на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Першы крок у навуку”, дзе атрымала другое месца. На сённяшні дзень у калекцыі знаходзіцца дванаццаць лялек. Кожная з іх мае сваю сімволіку і прызначэнне.
— Лялька “Каляда”, напрыклад, гэта вобраз заможнай жанчыны, — расказвае настаўніца. — Рабілася такая матанка з новай тканіны напярэдадні Божага Нараджэння. У мяшочкі клаліся хлеб і соль, якія з’яўляюцца сімваламі дабрабыту ў сям’і. У руцэ лялька магла трымаць зорку — сімвал Каляд. Пасля таго, як лялька была зроблена, у доме яе захоўвалі на працягу цэлага года. З народнай матанкай праходзілі ўсе Каляды. А перад наступнымі ляльку не выкідвалі, а разбіралі на анучкі, кожную з якіх спальвалі паасобку.
Не менш цікавай і незвычайнай з’яўляецца лялька “Мамачка”, галоўнай задачай якой было абудзіць энергію мацярынства. Такая лялька, як адзначае настаўніца, выраблялася і для цяжарных жанчын як абярэг на ўдалыя роды.
Асаблівае месца сярод матанак займае “Берагіня Кальчун”. Як і ўсе астатнія, яна з’яўляецца традыцыйнай, таму не мае твару.
— Хацелася, каб з’явілася і такая лялька. Разам з дзяўчатамі мы прадумвалі розныя элементы. Мае вучаніцы дапамагалі з вышыўкай крыжыкам, я вышывала гладдзю. Перад тым, як прыступіць да вырабу мясцовай матанкі, давялося грунтоўна пазнаёміцца з навуковай літаратурай. Некаторыя моманты нас вельмі здзівілі. Аказваецца, пры вырабе лялькі не павінны прысутнічаць прадстаўнікі мужчынскага полу. Абярэгі выраблялі выключна жанчыны. А сама матанка была правадніком жаночай энергіі. У аснове лялькі — кавалак бярозы, якая лічылася ўвасабленнем жаноцкасці. Для сукенкі мы выкарысталі ільняную тканіну стогадовай даўнасці, якая перайшла ў спадчыну яшчэ ад маёй бабулі. Некаторыя элементы ўзяты з адзення трыццаці-саракагадовай даўнасці, — расказвае Ганна Вячаславаўна. — Спрадвеку матанкі лічыліся моцнымі абярэгамі.
— Перад тым, як заняцца напісаннем навуковай працы, мы правялі апытанне сярод жыхароў Кальчун на прадмет ведання і ўжывання слоў “замова” і “абярэжная лялька”. У апытанні прынялі ўдзел 32 навучэнцы школы і 24 жыхары аграгарадка. Мы высветлілі, што жыхары Кальчун у пераважнай большасці ведаюць сэнс слоў “замова” і “абярэг”, але ў побыце іх не выкарыстоўваюць, — падзялілася статыстычнымі дадзенымі Ганна Вячаславаўна.
Зусім нядаўна настаўніца захапілася яшчэ адным заняткам — стала плесці сявенькі з рагозу. Гэтым летам яна на веласіпедзе ездзіла ў Болтуп, збірала рагоз, пасля апрацоўвала яго згодна з тэхналогіяй, а затым стварала акуратныя сявенькі рознага памеру.
— Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы. У той час мясцовыя жыхары паўсюдна займаліся пляценнем з рагозу, лазы, выраблялі розныя прыгожыя і практычныя рэчы. Пляценнем займаўся таксама і мой дзядуля. Некалькі год таму пачала плесці кошыкі з ратангу, якія пасля выкарыстоўвала як кашпо для кветак. Але заўсёды цягнула менавіта да прыроднага матэрыялу. Пры стварэнні сявенек карыстаюся спіральнай тэхнікай, якая з’яўляецца нематэрыяльнай спадчынай Беларусі. Сабраны рагоз павінен быць падвялым, каб можна было б з ім працаваць далей. Пасля вычэсваю яго і сушу. Гэты працэс вельмі цікавы і займальны. А галоўнае — вяртае да традыцый і каранёў.
Разам з настаўніцай развіваюцца дзяўчаты — Маргарыта і Вікторыя. Яны абедзьве цікавяцца беларускай культурай і традыцыямі, актыўна далучаюцца да стварэння лелек.
— Вышыўка крыжыкам у мяне заўсёды выклікала цяжкасці. Тут патрэбны ўвага і дакладнасць, неабходна ўсё разлічыць. На дапамогу ў гэтай справе прыйшлі дзяўчаты. Менавіта яны вышывалі фартушкі і астатняе адзенне для лялек. Кожная з іх ведае працэс стварэння лялькі ад пачатку да самага канца. Пішучы працу, адкрыліся факты, якія здзівілі і ўразілі, — расказвае Ганна Вячаславаўна.
Педагог і далей збіраецца працаваць у абраным накірунку. У творчай настаўніцы безліч планаў і задум, якія яна хоча рэалізаваць разам са сваімі вучнямі. Ганна Бярнацкая лічыць, што пра беларускую культуру, традыцыі, рамёствы патрэбна не толькі гаварыць. Іх неабходна перадаваць ад пакалення да пакалення.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.


