Вандроўку па святынях здзейснілі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН

Культура

Хутка прыйдзе самае кранальнае свята каляндарнага года – Раство. Для хрысціян гэта асаблівы час. У чаканні нараджэння Божага дзіцяці людзі робяць своеасаблівую рэвізію ўласных учынкаў, імкнуцца  да дабра, стараюцца ахінуць асаблівым клопатам  блізкіх і адзінокіх людзей, рыхтуюць падарункі.

Спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна Дзіяна Купрыянюк і Вераніка Пашкевіч падрыхтавалі напярэдадні свята для  сваіх падапечных  цікавую і змястоўную экскурсію. Наведвальнікі аддзялення не раз бывалі з экскурсіямі ў розных кутках Беларусі. На гэты раз месцамі наведвання для вандроўнікаў сталі праваслаўныя і каталіцкія святыні Шчучынскага і Лідскага раёнаў: храм Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы, касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Белагрудзе, касцёл Узвышэння Святога Крыжа і Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор у  Лідзе. Экскурсія стала своеасаблівым падарункам у час Каляднага посту.

Кожная з чатырох святынь мае сваю адметную гісторыю, кожная здзіўляе архітэктурнымі асаблівасцямі. У кожным храме наведвальнікаў чакала змястоўная экскурсія, якую падрыхтавалі святары. Але не цікавыя звесткі і факты сталі галоўнымі для экскурсантаў. Галоўнае – гэта магчымасць засяродзіцца на сваіх пачуццях, адчуць незвычайную намоленасць кожнай са святынь, памаліцца да цудадзейных абразоў, адчуць незвычайны супакой у сэрцы ад судакранання з вечнымі каштоўнасцямі – верай, надзеяй і любоўю.

У Лідзе вандроўнікаў чакаў незвычайны абед у кавярні “Стары горад”, дзе яны змаглі пачаставацца поснымі стравамі: бульбянымі клёцкамі з падлівай, смажанай рыбай, кісялём, паспытаць на смак збіцень.

Магчыма, з памяці сатруцца дакументальныя звесткі пра пабудову храмаў і іх гісторыю, але застануцца пэўныя моманты, якія ўразілі: незвычайныя скляпенні і старажытныя каменныя прыступкі ў вежы храма ў Мураванцы, узнесеныя ў неба вежы касцёла ў Белагрудзе,  арган, вітражы і лікі святых у храмах Ліды. І вочы Дзевы Марыі, якая глядзела на вандроўнікаў са шматлікіх абразоў у каталіцкіх і праваслаўных святынях.  Да яе, як да маці, звяртаюцца ў сваіх малітвах людзі розных веравызнанняў. З ёй разам кожны год чакаюць нараджэння цуда – маленькага Езуса, а разам з ім — надзеі на лепшае.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *