У Ашмянскім краязнаўчым музеі прайшла сустрэча з супрацоўнікамі дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. На яе былі запрошаны вучні сярэдняй школы № 3 з настаўніцай роднай мовы Святланай Лабачэўскай.
Гэту сустрэчу можна лічыць асаблівай, бо шаноўным госцем стала ўнучка Якуба Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Яна не толькі з’яўляецца прамой сваячкай вялікага пісьменніка, але і прысвяціла прафесійную дзейнасць асвятленню жыцця і творчасці свайго дзядулі.
Прывітала калег і ўсіх прысутных дырэктар краязнаўчага музея Анастасія Навіцкая, якая адзначыла, што за доўгія гады свайго існавання шмат цікавых, шчырых людзей прымалі сцены музея. Сярод іх ёсць тыя, хто становіцца добрым сябрам і сталым партнёрам ашмянскага музея. Такімі сябрамі ўстановы сталі нашчадкі класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа і супрацоўнікі дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея пісьменніка.
Марыя Міхайлаўна расказала наведвальнікам аб жыцці свайго сваяка. Падчас сустрэчы ў Ашмянах адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання “Сымон-музыка” і экскурсія па выставе “У родны край, у свой куток».
Школьнікі даведаліся пра гісторыю напісання твора і пра тое, як паэма змагла ўбачыць свет. Марыя Міхайлаўна падарыла экзэмпляр выдання ашмянскаму музею. На гэтым сустрэча не скончылася, пасля слова было дадзена Ксеніі Качан, навуковаму супрацоўніку навукова-асветніцкага аддзела музея Якуба Коласа. Ксенія расказала школьнікам цікавыя звесткі з жыцця і творчай дзейнасці паэта, зрабіўшы акцэнт не толькі на яго пісьменніцкіх поспехах, але і на адносінах з сям’ёй. Наведвальнікі змаглі даведацца больш пра Якуба Коласа як пра чалавека і пранікнуцца да асобы аўтара. Пасля выступлення гасцей усе ахвочыя маглі задаць пытанні, а таксама ўзяць аўтограф.
Школьнікі мелі магчымасць убачыць дакументальны фільм пра паэта «Каханне жыве для дваіх», права на паказ якога мае толькі літаратурна-мемарыяльны музей. У фільме распавядаецца пра знаёмства паэта з будучай жонкай (ураджэнкай Ашмян), пра сямейны побыт.
Класік беларускай літаратуры раскрываецца як чалавек вялікай душы, які заўсёды быў гатовы дапамагчы землякам і перажываў за сваю Радзіму як ніхто іншы.
Школьнікі яшчэ доўга не адпускалі гасцей з Мінска, спрабуючы падоўжыць хвіліны сустрэчы з носьбітамі жывой гісторыі.
Арына АНДРЭЕНКА.




