Кожны стрэчны нам — настаўнік. Чамусьці ўспомнілася гэта фраза падчас чарговай сустрэчы з Розай Яцуковіч, загадчыкам сельскага клуба аграгарадка Кракоўка. З Розай Георгіеўнай мы знаёмы даўно — перасякаемся рэгулярна падчас розных мерапрыемстваў, якія без работнікаў культуры ўявіць немагчыма. І заўсёды дзіву даюся, як у яе хапае энергіі
і сіл на канцэрты, святы, паездкі, творчыя сустрэчы. Увесь час трэба кудысьці ехаць, ісці, нешта арганізоўваць. Няўжо не хочацца махнуць на ўсё гэта рукой?!
— Пакуль жывеш на гэтай зямлі, ніхто тваё прызначэнне за цябе не выканае, — прызнаецца Роза Яцуковіч. — Я не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі. Безумоўна, работа часта стамляе, тым больш што прыходзіцца працаваць у выхадныя, у святы, вечарамі, калі ўсе людзі сядзяць па хатах, адпачываюць. Аднак калі прыязджаеш ў аддаленую вёску і бачыш шчырыя вочы людзей, чуеш ад іх няхай сабе і сціплыя, але такія цёплыя і душэўныя словы, то, не паверыце, выпростваецца спіна, аднекуль бяруцца сілы. Тады ўсе праблемы адыходзяць, атрымліваеш задавальненне, якое ні з чым не параўнаць.
Калі ёсць іскра ў душы, то з яе рана ці позна ўзгарыцца полымя. У Розы Яцуковіч такой іскрай была мама, Зінаіда Лявонцьеўна, якая мела цудоўны голас і любіла спяваць. Пад стаць ёй быў і бацька, Георгій Канстанцінавіч, які не выпускаў з рук гармонік. Таму, нядзіўна, што і дочкі, Роза і Ніна, пацягнуліся да спеваў.
Дзяцінства Розы прайшло на Валожыншчыне, у вёсцы Вялікая Дайнава. Як і ўсе дзеці, яна дапамагала бацькам па гаспадарцы, сваволіла, займала сябе гульнямі і рознымі забаўкамі. Больш за ўсё Роза любіла спяваць. Першыя канцэрты разам з сястрой яна давала для аднавяскоўцаў. Сцэнай былі для дзяўчынак вялікія калодкі, а самай высокай узнагародай — жменька цукерак-падушачак ды самыя сапраўдныя апладысменты, за якія юныя артысткі гатовы былі спяваць цэлымі днямі.
Бацькі не пярэчылі жаданню Розы звязаць сваё жыццё са сферай культуры. Пасля школы дзяўчына паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча на харавое аддзяленне.
Чаму яна абрала пры размеркаванні Ашмянскі раён, застаецца загадкай. “Пэўна, ведала, што тут мяне чакае муж”, — усміхаецца Роза ў адказ.
Было гэта ў далёкім 1977 годзе — амаль пяцьдзясят год назад, якія на думку маёй субяседніцы былі яркімі і насычанымі, шчодрымі на таленавітых і адказных калег, добрыя справы і песні, удзячных гледачоў. Першым рабочым месцам для маладога спецыяліста стаў клуб у Анжадаве. Нядоўга, усяго толькі паўгода, Роза Георгіеўна “паднімала” культуру ў гэтай вёсцы, а пасля перавялася працаваць у Кракоўку, і адразу — загадчыцай установы.
Тут знайшла яна сваё сямейнае шчасце, пазнаёміўшыся на танцах з мясцовым хлопцам Тадэвушам. Тут разам з мужам выгадавала сына Аляксандра і дачку Святлану, а цяпер цешыцца ўнукамі Макарам, Дамірам, Аланай і Радзівонам.
Тут яе дзіцячая мара — стаць артысткай — набыла сэнс і падмацавалася вопытам як выканальніцкага майстэрства, так і кіраўнічага такту, павагай з боку ўлад раёна і мясцовых жыхароў. Як пацвярджэнне сказанаму адна з апошніх высокіх узнагарод — па выніках работы за мінулы год прозвішча кіраўніка ўстановы культуры занесена на раённую Дошку гонару.
З гадамі Роза Яцуковіч яшчэ больш палюбіла народную песню. Створаны ў 1979 годзе пры Кракоўскім доме культуры хор пераўтварыўся ў народны ансамбль народнай песні “Жытніца”. Калектыў за гэты час стаў дружнай творчай сям’ёй, якую цёпла прымаюць і на рэспубліканскай сцэне, і ў самых аддаленых вёсках Жупранскага сельсавета. Любое мерапрыемства кракоўскія артысты могуць “упрыгожыць”, любыя сход ці сустрэчу зрабіць яркім і адметным святам.
Значны досвед работы ў сферы культуры дазваляе Розе Георгіеўне спраўляцца з любой задачай якасна і ў тэрмін, аднак адзін у полі не воін, упэўнена яна. Усе свае дасягненні і ўзнагароды жанчына лічыць заслугай калектыву і тых людзей, якія трапляліся на яе прафесійным шляху, — дапамагалі, пад-казвалі, радзілі. Таму з павагай і ўдзячнасцю ставіцца яна да сваіх калег, кіраўніцтва сферы культуры, удзельнікаў ансамбля, многія з якіх працуюць у іншых калектывах, але знаходзяць час на любімую справу. Разам яны робяць усе магчымае і немагчымае, каб развівалася культура на Ашмяншчыне, гучала і неслася на прастор беларуская народная песня, захоўвалася музыка, пакінутая ў дар нашымі продкамі.
Усе яны ёй — настаўнікі і дарадцы, сейбіты вечных каштоўнасцей, на якіх моцна трымаецца наша краіна.
Аліна САНЮК.
Фота Марты Багдановіч.

