Педагагічная паэма Міхаіла Гружэўскага

Главное

Кожны чалавек – аўтар свайго жыцця. У большасці сваёй. Зразумела, не ўсё ў гэтым аўтарстве аўтэнтычнае ад пачатку да канца. То абставіны ўнясуць непазбежныя папраўкі. То воля бацькоў адыграе вядучую ролю пры прыняцці лёсавызначальнага рашэння. Як гэта было ў свой час з Міхаілам Мар’янавічам Гружэўскім. Калі ён скончыў восем класаў Каменскай базавай школы, бацька заявіў: “Пара, сынок, набываць спецыяльнасць. Пойдзеш вучыцца ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум”. Іхаця сам Мар’ян Іосіфавіч і жонка,Уладзіслава Антонаўна, безумоўна, жадалі сыну лепшай долі – бачылі яго настаўнікам альбо ўрачом, – аднак дастатак сялянскай сям’і не дазваляў раскошаваць і адправіць сына на вучобу ў іншы горад. Тым больш што ў шматдзетнай сям’і Гружэўскіх акрамя малодшага, Міхася, было яшчэ трое дзяцей: Станіслава, Марыя і Іван.


Асноўная і першая навука, якую засвоілі ад бацькоў дзеці — гэта павага да роднай зямлі, да людзей, якія на ёй працуюць. Шчыруюць, трэба адзначыць, з рання да вечара, уласным мазалём зарабляючы на хлеб. Так працаваў калісьці дзед, які жыў на хутары Адамаўшчына і меў добры кавалак зямлі – ажно 40 гектараў. Непакладаючы рук абрабляў ён зямлю разам з дзевяццю дзецьмі, а на восень наймаў парабка. Дзед быў дужы і моцны, сябе ніколі не шкадаваў і другім спуску не даваў. Ашчадны і дбайны гаспадар падчас усталявання савецкай улады быў прызнаны кулаком і сасланы ў Казахстан. Міша Гружэўскі свайго дзеда не бачыў. Толькі праз аповеды бацькоў маляваў ён вобраз свайго продка. Урэзалася ў дзіцячую памяць, як падчас польска-савецкай вайны войска  Чырвонай Арміі забрала ў дзеда двух коней. Каб жывёла не прапала, гаспадар пайшоў следам. Вярнуўся дзед дамоў больш чым праз тры месяцы, змучаны і пануры – коні на вайне загінулі. Аднак вупраж ён не кінуў. Нёс на сабе ажно з-пад Віслы. Дзед Антон на гэтым рукі не апусціў. Жыццё працягвалася. У лесе падабраў двух падстрэленых коней, выхадзіў іх і зрабіў памочнікамі па гаспадарцы.

1974 г.

Неймаверная цяга да працы перадалася і дзецям. Колькі памятае свайго бацьку Міхаіл Мар’янавіч, той да апошніх дзён нешта рабіў, аб нечым дбаў. Нават калі прыходзілася працаваць у калгасе амаль дарма, за палачкі-працадні, ніколі не адчайваўся, лічыў, што так трэба, верыў, што прыйдзе лепшы час. Бацька аднойчы прынёс перад Калядамі калгасны заробак за цэлы год: паўмяшка збожжа і тры паперчыны, якія паклаў на стол. За тыя грошы маці купіла малодшаму сыну тры цукеркі. Дзіцяці тая акалічнасць была тады ў радасць: не мог ён прачытаць у бацькавых вачах адчай і разгубленасць.

Нягледзячы на цяжкае і гаротнае жыццё, бацькі хацелі, каб дзеці атрымалі прыстойную адукацыю. Сам Мар’ян Іосіфавіч меў за спінай два класы рускай школы, добра ўмеў чытаць. Асновы польскай граматы засвоіла і маці, Уладзіслава Антонаўна. Любая кніга ці абрывак газеты бацькам чыталіся да апошняга слова. Ён быў у курсе ўсіх падзей, што адбываліся ў свеце. Сваімі думкамі і пытаннямі аб сітуацыі ў той ці іншай дзяржаве,  пра погляды нікому невядомага палітычнага лідара, аб існаванні якога можна было толькі здагадвацца, бацька часам прыводзіў сына, ужо студэнта гістарычнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута, у замяшальніцтва. Але менавіта вось гэта бацькава цікаўнасць, дапытлівасць і жаданне ведаць гісторыю не толькі свайго краю, але і быць у курсе сусветных падзей і падштурхнула Міхаіла Мар’янавіча да вывучэння гісторыі.

А перад гэтым была вучоба ў Ашмянскім сельгастэхнікуме. Веды, набытыя ў Каменскай васьмігадовай школе, якую ўзначальваў на той час Валянцін Гаўрылавіч Ган, граматны педагог, аўтарытэтны кіраўнік і паважаны чалавек, дазволілі з лёгкасцю паступіць на спецыяльнасць “планаванне сельскагаспадарчай вытворчасці”, хаця конкурс быў не малы – пяць чалавек на месца. Група налічвала 25 чалавек, з іх восем хлопцаў. Аналізуючы пасля, як склаўся лёс выпускнікоў, Міхаіл Мар’янавіч адзначыў, што толькі два з іх  не звязалі ў далейшым жыццё з сельскай гаспадаркай. Тэхнік-планавік Міхаіл Гружэўскі быў размеркаваны ў калгас “Шлях Леніна” Іўеўскага раёна. Аднак адчуць сябе спецыялістам і прымяніць веды на практыцы не паспеў, так як у хуткім часе быў прызваны ў рады Савецкай Арміі.

Служба ў Пагранічных вайсках Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры Савеце Міністраў СССР, на легендарнай заставе, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Васіля Уціна – адна з самых яркіх старонак у жыцці Міхаіла Мар’янавіча Гружэўскага.

Служба вызначыла яго характар, навучыла мужна пераадольваць цяжкасці, самастойна прымаць рашэнні, падарыла сапраўдных сяброў. Тут ён зразумеў, што такое Радзіма і што значыць свяшчэнны грамадзянскі абавязак. Міхаіл Мар’янавіч беражліва захоўвае армейскі альбом і можа гадзінамі расказваць пра кожны здымак, які хоць і пажаўцеў ад часу, аднак не страціў свайго змястоўнага глыбокага сэнсу. Старшы пагранічнага нарада Гружэўскі быў адным з лепшых следапытаў граніцы. Пра яго не раз пісала газета “Савецкі пагранічнік”. Для яго і зараз маюць вялікае значэнне сціплыя заахвочванні (граматы і падзякі) кіраўніцтва вайсковай часці. Характарыстыку, якую яму далі па выніках службы, можна назваць бездакорнай. Вось некаторыя вытрымкі з яе: “Праграму па баявой і палітычнай падрыхтоўцы ведае на выдатна. Працалюбівы і патрабавальны да сябе. Ваенную і дзяржаўную тайну захоўваць умее…”.

З такой характарыстыкай Гружэўскага без роздуму ўзялі ў аддзел адукацыі. Пэўны час ён выкладаў у СШ №2 ваенную справу. Затым быў арганізатарам пазашкольнай і выхаваўчай работы, сакратаром пярвічнай партыйнай арганізацыі школы. Адначасова вучыўся ў Гродзенскім педагагічным інстытуце. Пэўны час займаў пасаду інспектара ў аддзеле адукацыі.

9 ліпеня 1987 года жыццёвая дарога прыводзіць Гружэўскага на парог сярэдняй школы №1, той, старэнькай, з 620 вучнямі і граматным, адданым сваёй справе педагагічным калектывам, які маладому трыццацідвухгадоваму дырэктару перадаў вопытны педагог Дзмітрый Дзмітрыевіч Саламонаў. Кіраўніцтва раёна, прызначаючы настаўніка на такую важную пасаду, паставіла ўмову: “Калі восенню сталоўку адчыніш, значыць, будзеш дырэктарам (у той час сталовай у першай школе не было). З той, здавалася, непасільнай задачай Гружэўскі справіўся. Тады ён яшчэ не ведаў, што глабальныя праблемы чакалі яго наперадзе.

Колькасць вучняў з кожным годам павялічвалася. У 1990 годзе яна дасягнула амаль тысячы. Неабходна было распачынаць будаўніцтва новай школы. Першая цагліна лягла на новы фундамент у тым жа годзе. Разам з будаўнікамі азы нялёгкай прафесіі засвойваў і Гружэўскі. Праўда, з развалам Савецкага Саюза будоўля спынілася, а праблема на гэтым не знікла. Толькі праз пяць год, дзякуючы напорыстасці намесніка старшыні райвыканкама Пятра Кузьміча Ткачова, справа зрушылася з месца. Будаўніцтва ішло марудна. Будынак уводзіўся ў строй паэтапна. Спачатку першая чарга — пятнаццаць класаў тады было пераведзена ў новую школу. Адначасова праз шырму з кастрапліты працягваліся работы: пыл, гразь, шум стаялі ў школе цэлы год, аднак гэта не адбівалася на якасці адукацыйнага працэсу. Другая чарга будаўніцтва завяршылася ў 1998-м. А пасля яшчэ цэлы год прыйшлося папраўляць хібы на фасадзе.

Міхаіл Мар’янавіч, як дбайны гаспадар, з сумам успамінае той час, тое расцягнутае на гады будаўніцтва, недарэчнасці якога прыходзіцца выпраўляць і зараз. Адно цешыць і супакойвае, што школа, нягледзячы на перажытыя “пакуты”, стала адной з лепшых не толькі ў вобласці, але і рэспубліцы. І ў гэтым дырэктар бачыць заслугу ўсяго калектыву школы, якая мае багатую і цікавую гісторыю. Тут ва ўсе часы працавала выдатная каманда аднадумцаў. З удзячнасцю ўспамінае Міхаіл Мар’янавіч Ларысу Леанідаўну Бітную і Міхаіла Іосіфавіча Луню, Ірыну Уладзіміраўну Пад’ельскую і Кацярыну Уладзіміраўну Асмольскую. Зараз справу сваіх папярэднікаў дастойна прадаўжаюць Уладзімір Уладзіміравіч Гусь, Ала Рамуальдаўна Дзянісава, Святлана Рамуальдаўна Жукоўская, Ганна Раманаўна Лянкоўская, Ядзвіга Антонаўна Мацкевіч.

Амаль тры дзесяцігоддзі свайго жыцця Міхаіл Мар’янавіч аддаў першай школе. Тут стаў родным для яго кожны куток, кожная пядзя зямлі, дагледжаная дбайнымі рукамі і такая прыцягальная для жыхароў і шматлікіх гасцей нашага горада. Разам са сваімі падначаленымі дырэктар калісьці і сам прымаў удзел у разбіўцы клумбаў і высадцы кветак, размяшчэнні малых архітэктурных формаў. Сёння ён задаволены рэзультатам гэтай карпатлівай сумеснай працы, якая неаднаразова ацэньвалася на самым высокім узроўні. Аднак самая высокая ацэнка для Міхаіла Мар’янавіча – гэта добрыя словы, якія ён чуе штодня ад людзей, звычайных жыхароў горада і раёна, сваіх калег і выпускнікоў, якія сталі дастойнымі людзьмі, высокакваліфікаванымі спецыялістамі, віднымі грамадскімі дзеячамі і аўтарытэтнымі кіраўнікамі.

Яму не раз прапаноўвалі іншыя пасады, аднак здрадзіць сваёй школе ён не змог. Часам нават снілася, што ён больш не працуе тут. І толькі прачынаючыся, разумеў, што кар’ера – гэта не самамэта. А той шлях, які ён абраў для сябе, правільны і пачэсны. Так хацеў калісьці бацька, Мар’ян Іосіфавіч. І дзеці выканалі яго наказ. Выкладчыкам, намеснікам дырэктара ў тэхнікуме працаваў старэйшы сын Іван. Назаўжды застанецца ў памяці вучняў як “настаўніца першая мая” дачка Станіслава. Усё жыццё аддаў педагогіцы малодшы Міхаіл. А вось Марыя засталася вернай сельскай гаспадарцы: доўгі час узначальвала бухгалтэрыю ў адной з гаспадарак Астравецкага раёна.

З міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам. 2012 г.

Міхаіл Мар’янавіч не ўтойвае, што быў бы не супраць, каб педагогам стала і дачка Аня. І хаця яна, як і жонка Вольга Пятроўна, абрала прафесію эканаміста, аднак час пакажа: не выключана, што можа перайсці і на выкладчыцкі хлеб, бо скончыла на выдатна магістратуру пры БДУ.

Праца Міхаіла Мар’янавіча Гружэўскага ацэнена не толькі на ўзроўні галіновага міністэрства, але і ўрада: заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Шмат год ён нясе груз грамадскіх абавязкаў: зараз з’яўляецца дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Генадзьеўны Кучынскай. Пры гэтым дырэктар лічыць, што ні тытулы, ні званні не могуць падняць чалавека над людзьмі. Таму для ўсіх і для кожнага ён застаецца простым і даступным чалавекам, з тонкім пачуццём гумару, часам нават летуценнікам і рамантыкам, які ў вольны час піша вершы, ходзіць па грыбы, становіцца да газавай пліты, каб прыгатаваць нешта смачнае для сваіх родных, і лічыць, што дзень пражыты дарэмна, калі ты не зрабіў штосьці добрае для людзей.

Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі на днях адзначыў шасцідзесяцігадовы юбілей, аднак дарога, якую ён калісьці выбраў, на гэтым не заканчваецца. За гэтым гарызонтам абавязкова будзе новы гарызонт. І да яго трэба ісці.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы Муцянскай

і з сямейнага архіва Гружэўскіх.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *