У Навасёлках адзначылі раённае свята ўраджаю

Главное События

У жыцці селяніна складана знайсці падзею больш яркую, чым заканчэнне жніва. Напрыканцы лета аграгарадок Навасёлкі стаў святочнай сталіцай раённых “Дажынак”.

Ужо на падыходзе да аграгарадка падарожныя маглі пабачыць шыльды “На дажынкі!” і  стылізаваныя кампазіцыі, складзеныя з рулонаў саломы. Так што абмінуць свята было проста немагчыма. Святочны настрой падтрымала і нябесная канцылярыя, якая быццам на заказ, акурат на дзень дажынак, падарыла па-сапраўднаму летняе цяпло.

Прыўзняты настрой дапоўніла выступленне аркестра выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў. Музыкі шчодра падарылі ўдзельнікам свята вянок цудоўных інструментальных кампазіцый.

Мерапрыемства адкрылі Талака  і Жыцень, якія павіталі ўсіх гасцей прыгожымі вершаванымі радкамі. Цікавая замалёўка, якая адлюстроўвала вяртанне жнеяў са снапамі з поля на брычках, з самага пачатку ажывіла гледачоў.

Са словамі прывітання і найлепшымі пажаданнямі перад прысутнымі выступілі протаіерэй храма Уваскрэсення Хрыстова горада Ашмяны Пётр Пятлёха і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Віталь Вацлававіч Ясюкайціс.

Прагучаў Дзяржаўны гімн, і ганаровае права ўзняць сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена дырэктару КРСУП э/б “Баруны” Сяргею Тадэвушавічу Мядзвецкасу, механізатару СВК “Гальшанскі” Пятру Эдуардавічу Пазнанскаму і вадзіцелю СВК “Ашмянскі Світанак” Валянціну Тадэвушавічу Турноўскаму.

Жнеі ўрачыста ўручылі дажыначныя снапы кіраўнікам гаспадарак Ашмяншчыны, а раённы дажыначны сноп прыняў старшыня райвыканкама Міраслаў Эдмундавіч Сарасек. Кіраўнік раёна павіншаваў усіх з заканчэннем жніва. М.Э. Сарасек узнагародзіў пераможцаў спаборніцтва сярод камбайнераў і вадзіцеляў.

Ганаровай граматай Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую і добрасумленную працу быў узнагароджаны вадзіцель СВК “Кракоўка” Юрый Мечыслававіч Карпінскі. Падзячнае пісьмо ад раённага Савета дэпутатаў атрымаў вадзіцель СВК “Прыгранічны” Іосіф Іванавіч Баброўскі.

Ганаровай граматай райвыканкама за шмат гадоў добрасумленнай працы быў узнагароджаны старшыня СВК “Крэйванцаўскі” Іван Антонавіч Тарасевіч, а Падзячнае пісьмо за дасягнутыя высокія паказчыкі ў вытворчасці збожжа атрымаў дырэктар КРСУП э/б “Баруны” Сяргей Тадэвушавіч Мядзвецкас.

Дыпломамі райвыканкама ўзнагародзілі тых, хто паказаў лепшыя вынікі ў раённым спаборніцтве сярод сельскагаспадарчых арганізацый па прадуктыўнасці збожжавых на бала-гектар уборачнай плошчы і за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур: першае месца заняў СВК “Гальшанскі”, выхад  зерня з аднаго бала-гектара пасяўной плошчы склаў 162,4 кілаграма; на другім месцы – СВК “Ашмянскі Світанак”, з аднаго бала-гектара выйшла 160,3 кілаграма  зерня; і трэцімі сталі хлебаробы з КРСУП э/б “Баруны”, атрымана 114,8 кілаграма зерня з аднаго бала-гектара.

Дыпломы райвыканкама за высокія паказчыкі па памалоце збожжавых на ўмоўны камбайн сярод камбайнераў уручылі механізатарам СВК “Гальшанскі” Пятру Эдуардавічу Пазнанскаму, які намалаціў на камбайне “Лексіён-560” 2093 тоны збожжа, Уладзіміру Уладзіслававічу Сасноўскаму, які на камбайне “Лексіён-580” намалаціў 1689 тон, і Генрыху Генрыхавічу Скаржынскаму, які намалаціў 1643 тоны збожжа на камбайне “Джон Дзір-9680”. Такія ж дыпломы атрымалі вадзіцелі, якія вылучыліся на адвозцы збожжа: ад СВК “Гальшанскі” былі ўзнагароджаны Андрэй Мікалаевіч Якубовіч, які на аўтамашыне  ГАЗ перавёз 2830 тон умоўнага зерня, і Вацлаў Аўгусцінавіч Чаплінскі, які на машыне МАЗ перавёз 2553 тоны ўмоўнага зерня. У тройку пераможцаў увайшоў і Валянцін Тадэвушавіч Турноўскі з СВК “Ашмянскі Світанак”, які на такім жа грузавіку МАЗ перавёз 2281 тону ўмоўнага зерня. Дыпломамі ўзнагародзілі і вадзіцеляў, якія дасягнулі лепшых паказчыкаў на адвозцы збожжа на хлебапрыёмныя пункты. Імі сталі вадзіцель аўтапарка № 13 нашага горада Мар’ян Яўгенавіч Якубель (на машыне МАЗ перавёз 1400 тон збожжа) і Мечыслаў Баляслававіч Трот (перавёз 1124 тоны збожжа на машыне МАЗ).

Лепшы паказчык у раёне па ўраджайнасці збожжавых культур – на вытворчым ўчастку № 2 СВК “Гальшанскі” (загадчык участка – Уладзімір Васільевіч Цагельнік), дзе на круг выйшла 57,4 цэнтнера збожжа. Гэты вынік быў адзначаны дыпломам райвыканкама.

Найбольш высокія вынікі на сушцы збожжавых і зернебабовых сёлета атрымала звяно гальшанцаў у складзе Савелія Вікенцьевіча Чымбара, Алега Зянонавіча Селятыцкага, Аляксандра Іванавіча Рожанцава і Генадзя Генрыхавіча Пясецкага. На зернесушыльным комплексе КЗСВ-30 яны высушылі 11 720 тон збожжа. Другое месца ў звяна СВК “Кракоўка” ў складзе Уладзіміра Віктаравіча Беляцыцы і Віктара Віктаравіча Сураўца. На зернесушылцы М-819 высушана 2468 тон збожжа. Трэцім стала звяно СВК “Крэйванцаўскі” ў складзе Вітольда Іванавіча Казлоўскага і Івана Мар’янавіча Чуйко. 802 тоны збожжа высушылі яны на зернесушылцы СЗК-10.

Сярод галоўных спецыялістаў сельгасарганізацый лепшымі сталі галоўны аграном СВК “Ашмянскі Світанак” Віктар Зянонавіч Міхайлоўскі і галоўны інжынер СВК “Кракоўка” Антон Іосіфавіч Буткевіч.

Раіса Мікалаеўна Турлай ад імя райкама прафсаюза працаўнікоў агрпрамысловага комплексу таксама ўзнагародзіла пераможцаў жніва. Падзячны ліст ад Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза працаўнікоў АПК за актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі атрымала старшыня прафкама КРСУП э/б “Баруны” Тамара Анатольеўна Мядзвецкене. Падзячныя лісты Ашмянскага райкама прафсаюза працаўнікоў АПК былі ўручаны работнікам аграрна-тэхнічнага каледжа, майстрам вытворчага навучання Пятру Мікалаевічу Самсанюку (працаваў на камбайне КЗС-1218, намалаціў 950 тон збожжа), Уладзіміру Уладзіміравічу Дабраловічу (на аўтамашыне МАЗ ён перавёз 760 тон збожжа) і Міхаілу Мікалаевічу Завадскаму (разам з брыгадай навучэнцаў на зернеачышчальнай машыне МЗУ-60 ачысціў 960 тон збожжа). Гэтыя людзі спалучаюць выкладчыцкую дзейнасць з пастаянным удзелам у сельскагаспадарчай працы.

Атрымалі падзячныя лісты і самыя старэйшыя камбайнеры  гаспадарак раёна – Вацлаў Віктаравіч Шукеловіч, СВК “Ашмянскі Світанак”; Генрых Часлававіч Зарэцкі, СВК “Крэйванцаўскі”, і самы малады камбайнер – Сяргей Віктаравіч Ждановіч з СВК імя Кляцкова, якому ўсяго васямнаццаць.

Не засталіся без узнагарод і лепшыя шэф-кухары: Ганна Эдмундаўна Дорняк (СВК “Ашмянскі Світанак”), Алена Іванаўна Сцефановіч (СВК “Гальшанскі”), Людміла Іосіфаўна Былінская (СВК “Прыгранічны”), Ніна Іванаўна Болзан (СВК імя Кляцкова), Алена Міхайлаўна Місюкевіч (СВК “Граўжышкі”).

Каштоўныя падарункі райкама прафсаюза працаўнікоў АПК за высокія паказчыкі па выніках сёлетняй уборачнай кампаніі атрымалі камбайнеры Валерый Іванавіч Амшэй (СВК “Кракоўка”), Мікалай Пятровіч Альшук (КРСУП э/б “Баруны”), Станіслаў Антонавіч Спірыдовіч (СВК імя Кляцкова) і Іван Пятровіч Грышкойць (СВК “Граўжышкі”), а таксама вадзіцелі Мар’ян Іванавіч Янкоўскі (СВК “Граўжышкі”) і Эдвард Мар’янавіч Гарадзецкі (СВК “Крэйванцаўскі”). Асобнымі падарункамі былі адзначаны працаўнікі СВК “Кракоўка”: камбайнеры Міхаіл Часлававіч Янч, Віталій Валянцінавіч Блажэвіч, Генадзь Эдуардавіч Трахневіч, памочнік загадчыка ўчастка № 2 Аляксандр Генрыхавіч Кішкель, аператар сушыльнай устаноўкі Аляксандр Валер’евіч Гіруць і загадчык ЗСК Леанід Фёдаравіч Пішчык.

Былі ўганараваны і лепшыя прадстаўнікі моладзі, якія прынялі ўдзел ва ўборачнай кампаніі. Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі іх узнагародзіла першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вольга Леанідаўна Шыдлоўская.

Па выніках раённага спаборніцтва сярод моладзі былі адзначаны Аляксандр Сасноўскі (СВК “Гальшанскі”), які на камбайне “Мега-208” намалаціў 1437 тон збожжа (I месца), Валерый Лакуціеўскі (СВК імя Кляцкова), які намалаціў 971 тону на камбайне КЗС-1218 (II месца), і Яўген Красевіч (СВК “Ашмянскі Світанак”) на камбайне КЗС-1218, яго намалот склаў 921 тону збожжа (III месца). Сярод маладых вадзіцеляў, якія адвозілі збожжа ад камбайнаў, адзначаны Аляксандр Мешчановіч (СВК “Кракоўка”), на аўтамабілі МАЗ ён перавёз 1871 тону ўмоўнага зерня, Аляксей Чарняўскі (СВК “Прыгранічны”), ён перавёз 1808 тон умоўнага зерня на аўтамашыне МАЗ і Сяргей Болзан (СВК “Ашмянскі Світанак”), які на машыне ГАЗ-САЗ перавёз 1533 тоны ўмоўнага зерня.

Напярэдадні свята “Дажынкі” сярод гаспадарак раёна быў абвешчаны конкурс на лепшы каравай ураджаю 2014 года. Заслужаная перамога і каштоўны падарунак дасталіся калектыву СВК “Прыгранічны”.

Пералічым асноўныя вынікі жніва, дасягнутыя нашымі аграрыямі. У СВК “Крэйванцаўскі” намалот склаў 4732 тоны збожжа, на круг намалацілі 35,4 цэнтнера. Ураджай СВК “Граўжышкі” – 4429 тон пры ўраджайнасці 26,9 цэнтнера з гектара. З палеткаў КРСУП э/б “Баруны” атрымалі сёлета 7426 тон зерня, сярэдні намалот – 39,2 цэнтнера з гектара. У СВК імя Кляцкова камбайнеры намалацілі 5868 тон збожжа, з гектара атрымалі ў сярэднім 26,1 цэнтнера. Сёлетні вынік СВК “Прыгранічны” – 6911 тон збожжа пры ўраджайнасці 27,9 цэнтнераў на круг. Нароўні з гаспадаркамі раёна працавалі і навучэнцы Ашмянскага аграрна-тэхнічнага каледжа – тут намалацілі 1693 тоны, сярэдняя ўраджайнасць – 34,6 цэнтнера з гектара.

А найбольш важкія намалоты атрымалі ў СВК “Ашмянскі Світанак” (агульны намалот – 6694 тоны, ураджайнасць – 51,1 цэнтнера з гектара), СВК “Кракоўка” (ураджай – 11 303 тоны, з гектара атрымалі 33,5 цэнтнера) і СВК “Гальшанскі” (намалочана 15 481 тона збожжа, ураджайнасць – найвышэйшая ў раёне, 55,7 цэнтнера з гектара).

Аздобілі свята музычныя падарункі – песні, танцы і харэаграфічныя кампазіцыі – ад артыстаў ансамбляў “Жытніца”, “Крыніцы”, “Джана Рома”, народнага тэатра танца і песні “Імпульс” і гасцей свята – заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля песні “Церніца”. Гучалі віншаванні і ад вучняў Навасёлкаўскага ВПК. І, па традыцыі, усіх гасцей мерапрыемства пачаставалі кавалачкам свежага духмянага караваю.

Некалькі слоў пра падрыхтоўку. У кароткім інтэрв’ю старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Андрэй Мар’янавіч Садоўскі адзначыў, што свята ўдалося, бо рыхтаваліся да яго загадзя.

Дзейсны ўдзел прынялі і жыхары, і камунальныя службы раёна. Працавалі зладжана, дружна і аператыўна. Значную дапамогу аказалі і  самі аграрыі – СВК “Ашмянскі Світанак”. Творчую работу па афармленні правёў калектыў Навасёлкаўскага ВПК – менавіта рукамі яго прадстаўнікоў былі выкананы саламяныя кампазіцыі і многае іншае. А яшчэ навасёлкаўскія гаспадары Станіслаў Болзан і Віктар Савіцкі падрыхтавалі брычкі, запрэжаныя коньмі – яны не толькі ўдзельнічалі ў мастацкай кампазіцыі, але і бясплатна каталі дзяцей і ўсіх жадаючых.

“Горад майстроў” і падворкаў сельгасарганізацый раёна дапоўніў яркую палітру святочнага настрою.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *