Васьмідзясяты дзень нараджэння сустрэў ветэран працы Мечыслаў Мадэкша

Общество

Хутка бяжыць час, і разам з ім – чалавечае жыццё. 14 жніўня васьмідзясяты дзень нараджэння сустрэў жыхар вёскі Каецяняты Мечыслаў Іванавіч Мадэкша.

Надзвычай сціплы чалавек, ён не робіць з гэтай даты вялікую падзею, а радуецца яшчэ аднаму дню свайго жыцця, жнівеньскаму ласкаваму сонейку, магчымасці бачыць сваіх дзяцей. Лёс не песціў гэтага чалавека — усяго ў сваім жыцці прыйшлося дасягаць працай, упартасцю і цярпеннем.

Нарадзіўся Мечыслаў Іванавіч у Каецянятах у 1944 годзе. Пасляваеннае дзяцінства не было шчодрым, прыходзілася працаваць, дапамагаць бацькам, і такім чынам з малых гадоў прывучацца весці гаспадарку. У пасляваенных калгасах і саўгасах стала з’яўляцца тэхніка, і стаць трактарыстам марыў не адзін сельскі хлапчук. Таму праблемы з выбарам прафессіі ў юнака не было, пасля заканчэння школы ён пайшоў вучыцца ў вучылішча механізацыі і сельскай гаспадаркі ў Ашмянах, дзе рыхтавалі трактарыстаў-машыністаў і камбайнераў-ільнаводаў. Пасля была служба ў войску і вяртанне ў родныя Каецяняты. На малой радзіме Мечыслаў сустрэў будучую жонку, тут пабудаваў новы цагляны дом для сям’і, тут нарадзіліся чацвёра дзяцей – дзве дачкі і два сыны.

Жыццё віравала. Пачынаў працу мужчына ў калгасе імя І.В. Сталіна. Затым Каецяняты ўваходзілі ў саўгас “Гальшаны”, пасля – саўгас “Баруны”, эксперыментальную базу “Баруны”. І сёння добра памятае Мечыслаў Іванавіч першых кіраўнікоў гаспадарак – Швідлера і Гайдаровіча. Памятае мужчына і свой першы камбайн СК-4 – легенду савецкай уборачнай тэхнікі, — які камбайнеры называлі “Парасонік”, таму што кабіны ў камбайна не было, толькі невялікі экран над галавой закрываў камбайнера ад пякучага сонца. Цяпер умовы работы камбайнераў значна палепшыліся, адзначае Мечыслаў Іванавіч. Але і ў тых складаных умовах людзі працавалі і дасягалі вялікіх паказчыкаў.

Мечыслаў Мадэкша ў 1973 годзе за адказнасць і сумленнасць у працы быў узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”. Пра гэта мы даведаліся ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Раісы Турлай, якая разам з кіраўніком справамі Барунскага сельвыканкама Таццянай Прыгодскай і старшынёй прафсаюзнай пярвічкі КРСУП «Эксперыментальная база “Баруны” Марыяй Ілюковіч наведалі Мечыслава Іванавіча ў дзень яго юбілею. Расчулены ўвагай мужчына не мог стрымаць слёз, якія здрадліва накатваліся на вочы. З удзячнасцю ён прыняў падарункі, якія прывезлі нечаканыя госці, і расказваў пра ранейшае жыццё ў Каецянятах, сваю працу, паплечнікаў і сям’ю. Дзесяць год як няма ўжо жонкі, разляцеліся па свеце дзеці, малодшы сын толькі разам з бацькам, ды на лета прыязджае дачка.

За домам Мечыслава Іванавіча пачынаюцца калгасныя палеткі, і ён добра чуе шум матораў магутнай тэхнікі на палях. На ёй працуюць маладыя і заўзятыя камбайнеры – новая змена. А за ёй прыйдзе наступная. Жыццё будзе працягвацца, пакуль пад мірным небам людзі будуць працаваць на зямлі, вырошчваць хлеб, гадаваць дзяцей.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *