Каза Польза, асёл Грэй і бык Спрайт. Як ашмянскі школьнік далучыўся да сельскай гаспадаркі

Общество

Гісторыя беларускага народа непарыўна звязана з працай на зямлі. Нашы продкі жылі з вясковай працы: вырошчвалі гародніну і садавіну, трымалі вялікую гаспадарку, якая дапамагала жыць у дастатку. Беларуса нельга аддзяліць ад вёскі, бо ён усёй душой горнецца да яе. І сёння, калі глянуць на нашы палі, даешся дзіву – кожная пядзя зямлі засеяна сельскагаспадарчымі культурамі. На вачах з’яўляюцца новыя фермы, а разам з імі – і сучасныя падыходы да гадоўлі жывёл. Так ёсць, так было і так будзе, бо любоў да вёскі закладзена ў беларусаў на генетычным узроўні. Прыемна і тое, што моладзь таксама не баіцца вясковай працы і актыўна ўключаецца ў такую дзейнасць.

Жэня Лешчанка вучыцца ў дзявятым класе СШ № 2. Культурны і выхаваны юнак адразу прыцягвае да сябе ўвагу. Аднак аднакласнікі і сябры ведаюць Жэню яшчэ і з іншага боку: увесь вольны ад вучобы час ён разам з бацькамі праводзіць на хутары Хацькуны, дзе сям’я трымае вялікую гаспадарку. Падчас вясновых канікул мы прыехалі на хутар, каб бліжэй пазнаёміцца з хлопцам і акунуцца ў свет яго захапленняў.

У гумовых ботах і рабочай куртцы юнак шыбуе па падворку, а за ім крочыць асёл Грэй. Дакладней сказаць – пляцецца. Асліная ўпартасць адразу кідаецца ў вочы. Аднак Жэня лагодна размаўляе з Грэем, імкнецца ўгаварыць асла працягнуць шлях. Новы жыхар з’явіўся на хутары адносна нядаўна – у жніўні 2023 года. За гэты час жывёла вельмі палюбілася не толькі Жэню, але і яго малодшым братам і сястрычцы. Хлопец гладзіць чацвераногага сябра па мяккай пысе, імкнучыся ўлагодзіць, а асёл час ад часу выкрыквае незразумелыя гукі. На нейкі момант быццам ажывае адна з карцін фільма Леаніда Гайдая “Кавказская пленница”. Наводдаль, у імправізаваным доміку, заўважаю фазанаў. Гэтыя прыгожыя птушкі ўвесь час мітусяцца, пералятаючы з галінкі на галінку. Адна птушка з пары раптоўна спускаецца, пачынае купацца ў попеле, падымаючы шэрае воблака. Жэня расказвае, што фазаны – непатрабавальныя птушкі, а іх грацыі і прыгажосці можна толькі пазайздросціць. У сярэдзіне вясны птушкі афарбуюцца ў розныя адценні колераў, яны стануць яшчэ больш прывабнымі і яркімі. Асаблівае сяброўства з крылатымі ў хлопца ўзнікла ў раннім узросце. Тады сям’я трымала курэй, над якімі маленькі Жэня ўзяў шэфства. Пазней “птушыная тэма” стала яшчэ больш актуальнай: сям’я набыла індыкоў, гусей і качак.

Каля сельскагаспадарчых пабудоў размяшчаюцца клеткі з трусамі. Гэтыя жывёлы паводзяць сябе вельмі актыўна, увесь час мітусяцца. Яны жывуць на тэрыторыі хутара каля двух гадоў. Нядаўна сям’я пухнатых вушасцікаў стала яшчэ большай.

Каза Польза – ганаровая жыхарка хутара. Яе малако карыстаецца папулярнасцю і ў дарослых, і ў дзяцей. Жэня адзначае, што малако казы валодае цэлым шэрагам карысных якасцей. Польза мае свавольны характар і мала кантактуе з іншымі чацвераногімі жыхарамі хутара. Аднак нядаўна яна стала мамай. Маленькае казлянятка дысцыплінавала яе і зрабіла больш адказнай. Жэня спрытна падхоплівае казлянятка, садзіць сабе на калені. Гарэзлівы козлік шпарка махае галавой, імкнецца пацягнуць за куртку свайго гаспадара.

Юны гаспадар дастае з кішэні тэлефон, пачынае здымаць чарговае відэа. Акрамя асноўнай дзейнасці на хутары, юнак вядзе старонкі ў чатырох сацыяльных сетках. Там ён дзеліцца цікавымі ролікамі і фотаздымкамі, расказвае пра падзеі, якія адбываюцца на хутары. Жэня прызнаецца, што яго аўдыторыя – людзі старэйшага веку. Для іх сельская тэма з’яўляецца больш актуальнай і надзённай. Яны часта пішуць паведамленні, даюць парады. З многімі атрымалася пасябраваць і знайсці кола агульных інтарэсаў. Хлопец расказвае, што ідэя вядзення старонак узнікла нечакана, аднак пасля моцна зацягнула. Цяпер у роліках здымаюцца не толькі чацвераногія насельнікі хутара, але і бацькі Жэні.

Зараз сям’я жыве ў Лэйлубцы, але ў хуткім часе плануе пераехаць у Хацькуны на сталае месца жыхарства. Адмысловая прырода, свежае паветра, добры кавалак зямлі – усё гэта прываблівае дружную сям’ю. Зараз у доме вядзецца рамонт: драўляныя вокны замянілі на сучасныя шклопакеты, рамантуецца столь, уцяпляюцца сцены. Праз некаторы час сям’я будзе спраўляць наваселле. Хлопец адзначае, што сваю будучыню ён хоча звязаць з сельскай гаспадаркай, арганізаваць уласны аграбізнес. Пакуль Жэня дзеліцца планамі на будучыню, на падворку адбываецца сапраўдная мітусня. Праз некаторы час прыходзіць прыемная навіна – ацялілася карова Фанта. На свет з’явілася маленькае цялятка. Звычайна мянушкі новым насельнікам хутара сям’я выбірае разам. Пасля доўгіх спрэчак нараджаецца ісціна. Аднак на гэты раз над выбарам імені доўга не думалі, адзінагалосна вырашылі назваць цялятка Веснікам – у гонар раённай газеты, карэспандэнты якой сталі сведкамі нараджэння новага жыцця. Акрамя Фанты, сям’я трымае яшчэ тры дойныя каровы – Чарніку, Ілві і Белку, – быка Спрайта і цялушку Піну. Бык Спрайт з асаблівай цеплынёй адносіцца да осліка Грэя. Калі асёл упершыню падышоў да быка, усе былі ўпэўнены што вось-вось Спрайт пасадзіць осліка на рогі. Аднак, на здзіўленне, гэтага не адбылося, а з цягам часу сяброўства яшчэ больш умацавалася.

Жэня па-гаспадарску даглядае жывёл, падсцілае, чысціць, поіць. Усё гэта атрымліваецца ў яго спраўна і лёгка. З кожным насельнікам хутара ён імкнецца пагутарыць, кожнага пагладзіць. Жывёлы цягнуцца да свайго гаспадара, зусім не баяцца яго. Хлопец адзначае, што галоўнае – гэта любоў да жывёл. Без шчырых адносін да чацвераногіх сяброў нічога не атрымаецца. Жывёлы тонка адчуваюць няпраўду, фальш, востра рэагуюць на грубасць і крык. Падлетак вельмі прывязаны да сваіх выхаванцаў, яны паступова выціснулі ўсе астатнія інтарэсы. Хлопца больш не прывабліваюць камп’ютарныя гульні, а ў інтэрнэт ён заходзіць, каб знайсці патрэбную інфармацыю аб утрыманні жывёлы, доглядзе за ёй.


Пяць пытанняў Яўгену

– Ці хапае часу на вучобу?

– Я цудоўна сумяшчаю свае абавязкі. Час ад часу на ўроках думаю пра хутар, будую планы на чарговы дзень. Аднак праца ніколі не перашкаджае. На мой погляд, зараз маладым людзям куды больш перашкаджаюць камп’ютарныя гульні, якія паглынаюць вольны час і не даюць развівацца.

– Куды ты плануеш паступаць?

– Сваё жыццё мару звязаць з сельскай гаспадаркай, таму і паступленне звязваю з гэтым накірункам. Не хачу ад’язджаць далёка ад дому. Усё ж хочацца працаваць тут, на хутары, прыносіць карысць.

– Як адносяцца аднакласнікі і педагогі да твайго занятку?

– Станоўча. Педагогі часта распытваюць пра гаспадарку, іх цікавяць разнастайныя моманты. Аднакласнікі таксама пытаюцца пра наш хутар. Зразумела, што цікава гэта не ўсім, бо ўсе мы розныя, у кожнага сваё кола інтарэсаў. Аднак кпінаў і насмешак няма.

– Аб чым ты зараз марыш?

– Аб уласным кантактным заапарку. Хацелася б, каб на хутар маглі прыязджаць сем’і з дзецьмі, знаёміцца з жывёламі. Дарэчы, многія жывёлы здольны лячыць захворванні, супакойваць нервовую сістэму.

– Калі б сёння была магчымасць папоўніць гаспадарку, то якую жывёлу ці птушку набыў бы?

– Набыў бы паўлінаў. Гэта дзівосныя птушкі з прыгожым апярэннем. Яны мне вельмі падабаюцца, прывабліваюць сваім знешнім выглядам.

Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *