Гаспадарка трымаецца на працавітых

Главное

Ёсць такія мясціны, дзе час быццам паскараецца і кожны дзень становіцца такім важным, такім вырашальным. Мы накіраваліся ў адно з такіх месцаў – на землі СВК “Крэйванцаўскі”.

Летняя палявая праца не спыняецца тут ні на дзень. І ў прахалодныя, і ў дажджлівыя дзянькі аграрыі шчыруюць не пакладаючы рук. У гэтай сельгасарганізацыі працаўнікі заняты на ўсіх вузлавых участках. А няважных участкаў, як мы пераканаліся, на вёсцы няма.

Іван Антонавіч Тарасевіч пагадзіўся выкраіць для гутаркі з намі вольную хвілінку. Аднак  выявілася, што кіраўнік на месцы не заседжваецца. Таму пакуль мы пазнаёміліся з адным са старажылаў, загадчыкам майстэрань Станіславам Юльянавічам Міцкевічам. На пытанне, колькі ў яго падначаленых, агарошыў адказам: “Ды ніводнага няма, – і працягнуў: – А вось тэхнікі багата”. І сапраўды, мехдвор запоўнены “жалезнымі коньмі” розных мадэляў і спецыялізацый. Адных трактароў сямнаццаць штук, восем камбайнаў, ды чаго толькі няма! Абсталяванне і аўтапарк паціху абнаўляецца, нядаўна атрымалі польскую касу-дзевяціметроўку. Нават у не вельмі спрыяльнае надвор’е яна гудзе на сенажаці, нарыхтоўваючы кармы на зіму. Горш з людзьмі, бо іх заўжды бракуе.

За размовай і не заўважылі, як неўзабаве пад’ехаў і старшыня. Павіталіся. Іван Антонавіч акрэсліў агульную сітуацыю ў гаспадарцы. Ужо назапашана каля 6327 тон сенажу, з іх 6100 – закладзена ў траншэю, 227 – спакавана ў рулоны. Атрыманае на другім этапе касавіцы пакуль у асноўным ідзе на “зялёны канвеер”. Відавая праполка ідзе ў нармальным рэжыме, хімпраполка кукурузы завяршаецца. Фунгіцыдная апрацоўка збожжавых выканана амаль напалову. Захаванасць азімых – стопрацэнтная. Акрамя збожжавых, гаспадарка вырошчвае яравы і азімы рапс, грэчку, лён (сёлета пад яго адведзена 100 гектараў). Падкормліваюць азотнымі ўгнаеннямі шматгадовыя травы пасля першага ўкосу. Перазалужэнне выканана поўнасцю на ўсіх запланаваных 350 гектарах пашы.

З дня ў дзень паляпшаюцца ўмовы працы і адпачынку. Паціху рамантуюць пакой прыёму ежы, рыхтуюць машыны да жніва.

Знаёмімся з механізатарамі. Мар’ян Міхайлавіч Міцкевіч на кормаўборачным комплексе КВК працаваў падчас нарыхтоўкі кармоў першага ўкосу, падбіраў валкі духмянага зяленіва. За рулём ён ужо больш дваццаці год, спачатку вадзіў трактар, трэці год кіруе камбайнам.

Выехалі і на поле, дзе Уладзімір Іванавіч Даўлевіч у пары з практыкантам Аляксеем Тарасевічам, нягледзячы на перапады надвор’я, упэўнена вялі пракос за пракосам на МТЗ-3022 з новенькай дзевяціметроўкай. За дзень, у залежнасці ад паводзін прыроды, пры дапамозе такой тэхнікі можна скасіць травы на плошчы ад 60 да 100 гектараў. Аляксей расказаў нам, што пасля навучання ў Навагрудскім каледжы плануе вярнуцца сюды, на родныя гоні. Так што можна спадзявацца – праз год у Крэйванцы накіруецца малады аграном.

На зваротным шляху нам сустрэўся яшчэ адзін механізатар – Іван Антонавіч Баркоўскі. У гаспадарцы ён вельмі даўно, а сёлета заняты на варушэнні, тысяччу гектараў сенажаці вымярае ён свой працоўны вынік. Маленькі сын, нягледзячы на далікатны ўзрост (хлопчык пакуль ходзіць у садок), пераняў ад бацькі любоў да тэхнікі і, мажліва, у будучыні стане годнай зменай цяперашніх працаўнікоў.

Старшыня з цеплынёй зазначае, што на такіх спецыялістаў раўняюцца астатнія, на такіх трымаецца гаспадарка. Бо яны і прыклад, і апора ва ўсім.

Так жыве СВК “Крэйванцаўскі”. Абсталяванасць у норме, жалезнай тэхнікі сапраўды хапае. Але самая карысная, надзейная, высокавытворчая і магутная тэхніка нязменна ў дэфіцыце. Якая, спытаеце? Гэта працавітыя, цягавітыя ды гаспадарлівыя людзі. Іх рук вёсцы не хапае катастрафічна. Маладыя рэгулярна хіба што на практыку прыходзяць ды па размеркаванні. Але пасля службы ў арміі яны больш як на год не затрымліваюцца. Ды і вялікую ахвоту да сельскай працы выказваюць лічаныя “навабранцы”. Да таго ж, адпужвае рэжым работы – ненарміраваны працоўны дзень, напружанка з выхаднымі. Каб добра спрацаваць – трэба мала спаць. З непрывычкі і праўда цяжкавата. Што рабіць? Выйсце знайсці хоць складана, але можна. Як зазначыў старшыня, руплівага працаўніка заўжды стараюцца падтрымаць рублём. Ды і жыллё спецыялістам выдзяляюць. Хто захоча, можа нечага дабіцца. У рэшце рэшт, пайсці ці застацца – вырашае кожны сам за сябе.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *