Жыццё даецца, каб жыццё тварыць. Ганна Лапаць

Общество

Клапатлівая дачка, верная сяброўка, спагадлівая жонка, ласкавая маці, прафесійны медык, добразычлівая суседка… У Ганны Лапаць шэраг іпастасяў і сацыяльных роляў, з якімі яна паспяхова спраўляецца. І пры гэтым не адчувае цяжару, а лічыць сваё жыццё напоўненым і шчаслівым.

З усмешкай і гарачай гарбатай Ганна вітае ранкам мужа Алега і дачку Паліну, ласкава будзіць маленькага Максіма, якому трэба збірацца ў дзіцячы садок. Прыемны дадатак да ранішніх збораў — тэлефонны званок старэйшага сына Аляксандра, які вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. “Усе здаровыя!” — гэтае ўсведамленне дадае жанчыне добрага настрою, і па даўно наладжаным маршруце кожны з дружнай сям’і Лапаць адпраўляецца насустрач новаму дню. Паліна спяшаецца ў свой 9 клас СШ № 3, Алег — у Гальшанскую амбулаторыю, дзе працуе зубным фельчарам, а Ганна — на фельчарска-акушэрскі пункт Кракоўкі.

З 8.00 яе ўжо чакаюць пацыенты. Сярод іх — жыхары не толькі аграгарадка, але і вёсак Лэйлубка, Навашышкі, Ажалеі, Бярвенцы, Пятрулі, а таксама хутароў Бартэлі, Людвінава. Спачатку — амбулаторны прыём, пасля — работа на ўчастку. Абавязкаў у загадчыцы фапа хапае. Сюды вяскоўцы прыходзяць за першай даўрачэбнай дапамогай: крывяны ціск памераць, пакінуць заяўку на рэцэпт, назначаныя ўрачом працэдуры зрабіць, параду атрымаць. Людзям зручна, калі побач ёсць своеасаблівая міні-паліклініка, а ў ёй — кваліфікаваны і спагадлівы медык.

Ганна Васільеўна працуе ў Кракоўцы ўжо 18 год. За гэты час дасканала пазнаёмілася не толькі з усімі пацыентамі — а іх на ўчастку звыш 1200, — але і з іх гісторыямі хвароб. Гэта дазваляе аператыўна рэагаваць на сімптомы і скаргі пацыентаў, аказваць ім неабходную дапамогу.

Пасля амбулаторнага прыёму фельчар спяшаецца на ўчастак. У планах — наведванне дзяцей да года, кантроль за станам здароўя адзінокіх і адзінокапражываючых вяскоўцаў. Дыспансерызацыя, прышчэпкі, у тым ліку ад грыпу і каранавіруснай інфекцыі, рэвакцынацыя, агляд здароўя жанчын — дзеля некаторых нагод Ганна Васільеўна настойліва запрашае пацыентаў у фельчарска-акушэрскі пункт. Вядома, што лепшая абарона ад хвароб — своечасовая прафілактыка.

Так, за клопатамі і мінае працоўны дзень. А сёмай гадзіне Ганна накіроўваецца ў Кракоўскі дзіцячы садок — за сынам. Сёння яна ўжо наведвалася ў дашкольную ўстанову — па справах, рабіла прышчэпкі. Дарэчы, вельмі трапна пра іх расказвае маленькі Максім: “Мама робіць дзецям уколы, а тата — доктар”.

Пасля доўгага працоўнага дня бацькоў і браціка часта чакае гарачая вячэра — калі ёсць вольны час, пра яе клапоціцца маміна памочніца Паліна. Дачку не прыходзіцца прасіць, яна любіць кулінарыць. Гэтую якасць Поля пераняла ад маці. Ганна Васільеўна — для яе прыклад ва ўсім: як ставіцца да вучобы (у свой час Ганна Кошань на выдатна скончыла медыцынскі каледж), як быць адданай любімай справе, дзе знаходзіць натхненне і сілы на творчасць (разам з маці яны захапляюцца алмазнай вышыўкай), як адпачываць.

— Галоўная радасць для мяне — мае дзеці. Кожным з іх асабліва ганаруся. Мару аб адным, каб яны былі заўсёды здаровымі і годнымі людзьмі, — прызнаецца Ганна Лапаць. — А яшчэ асалоду прыносяць падарожжы. Я вельмі лёгкі на пад’ём чалавек, здаецца, такімі ж растуць і дзеці, — усміхаецца жанчына. — Калі выдаецца вольная хвіліна, сям’ёй плануем чарговую экскурсію.

У асабістым маршруце Ганны Васільеўны — мемарыяльныя комплексы і гісторыка-культурныя помнікі Беларусі. Канешне, белых плямаў яшчэ шмат, таму ў наступны адпачынак частку з іх плануецца ліквідаваць.

Людміла РЫБІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *