“На пачатку было Слова”: Таццяна Булкевіч пра свой шлях у настаўніцтва

Образование

Шырокая вясковая дарога. Мільгацяць прысадзістыя хаты, дагледжаныя гаспадарамі.Час ад часу на нашым шляху трапляюцца людзі, якія спяшаюцца па сваіх справах. Едзем у Граўжышкі на сустрэчу з настаўніцай беларускай мовы Таццянай Булкевіч. Раптоўна яскравыя карціны прыроды перастаюць для мяне існаваць. Заглыбляюся ва ўспаміны.

…2010 год. Я студэнтка філфака. Еду на фальклорную практыку. У маім заплечніку – бутэлька вады, нататнік і дыктафон, а таксама хусцінка з карункамі, каб ратавацца ад спякоты. Вось мы з сяброўкай крочым па вузкай вясковай вуліцы. На плоце спявае певень, а наваоддаль пасецца статак кароў. Ранішнія промні сонца гарэзліва блытаюцца ў валасах. На душы – лёгка і прыгожа. У першым доме нас гасцінна сустракае бабуля-інфарматарка, прапануе печаныя яблыкі, гарачыя булачкі і іншую вясковую смакату. А пасля зацягвае меладычную і шчымлівую песню, якая трапляе ў самае сэрца. Мы з аднакурсніцай шчыра ўсміхаемся, уключаем дыктафон і заглыбляемся ў свет вуснай народнай творчасці. Такім было маё студэнцтва – яркім, цікавым і незабыўным, напоўненым прыгажосцю роднага слова. А як гэта было ў Таццяны Браніславаўны? Гэтае пытанне вяртае мяне ў рэчаіснасць. Апамятаўшыся, пазіраю ў акно. Мы ўжо ў Граўжышках. Акурат каля школы.

Вясковыя школкі асабліва ўтульныя і прывабныя. Ёсць у іх свой дух, тонкі і адмысловы. Заходжу ў школу. Тут мяне ўжо сустракае Таццяна Булкевіч. Яна шчыра ўсміхаецца. У гэты момант дзясяткі праменьчыкаў разыходзяцца ад яе вачэй, робячы твар настаўніцы асабліва светлым і прыязным. Педагог запрашае ў кабінет мовы і літаратуры, упрыгожаны партрэтамі класікаў, беларускімі афарызмамі і рознымі цікавосткамі. Сядаем за парту. Настаўніца пачынае аповед.

Шлях да настаўніцтва

“На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова”. Падчас размовы з жанчынай гэтыя радкі з Бібліі ўсплылі ў маёй свядомасці. Слова. З яго ўсё пачынаецца. Яно магутнае і неўміручае, здольнае змяніць чалавека, паўплываць на яго светапогляд. А роднае слова, напэўна, найбольш пераканаўчае і моцнае. Яно валодае незвычайным магнітызмам і прыцягвае кожнага, хто горнецца да яго. Некалі яно завалодала сэрцам Таццяны Булкевіч, таленавітай вясковай дзяўчыны.

Нарадзілася Таццяна ў вёсцы Навасяды, што непадалёк ад Кальчун, а вучылася ў СШ№1 нашага горада. З настальгіяй яна прыгадвае школьныя гады і сваіх настаўнікаў, якія не толькі давалі веды, але яшчэ і вучылі дабрыні, спагадзе, міласэрнасці, адказнасці. Сапраўдным прыкладам прафесіяналізму для школьнікаў у той час была Марыя Віктараўна Каркотка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Таццяна з захапленнем глядзела на педагога, сачыла за кожным жэстам, імкнулася быць падобнай да любімай настаўніцы. Менавіта ў той момант дзяўчына зразумела, што таксама хоча быць настаўніцай, вучыць роднай мове, быць прыкладам для сваіх вучняў. Педагог і ўрач у той час карысталіся асаблівай павагай у насельніцтва. Да іх адносіліся з  пашанай.

Распачаўшы навучанне, студэнтка іншымі вачыма паглядзела на родную мову. Таццяна зразумела, што нашая мова нічым не горшая ад іншых, а па мілагучнасці і лагоднасці пераўзыходзіць многія. З вялікім імпэтам дзяўчына чытала творы класікаў беларускай літаратуры, заглыбляючыся ў незвычайны свет мастацкага слова і разумеючы, што з выбарам прафесіі яна не памылілася.

Першыя крокі

У наш час складана сустрэць педагога, які ўсё жыццё працуе ў адной установе адукацыі. Звычайна настаўнікі эксперэментуюць, імкнуцца быць бліжэй да горада. Таццяну Булкевіч заўсёды вабіла вёска з яе адмысловымі краявідамі, шчырымі і простымі людзьмі і трывалымі традыцыямі. Менавіта таму працаваць яна прыйшла ў Граўжышкі. Гадзін беларускай мовы не хапала, таму спачатку маладой настаўніцы давялося паспрабаваць свае сілы і ў іншых прадметах. Некаторы час Таццяна выкладала працоўнае навучанне. Першы год прафесійнай дзейнасці быў самым складаным. Ідучы на ўрокі, маладая настаўніца вельмі непакоілася і перажывала. Яна баялася пытанняў старшакласнікаў, уласных памылак або недасведчанасці ў пэўных тэмах. Аднак урокі праходзілі цікава і насычана, прыносілі асалоду не толькі Таццяне Браніславаўне, але і яе вучням.

Здараліся і канфузы. Аднойчы ў вёсцы адключылі электрычнасць. Таццяна катастрафічна спазнялася на ўрок, моцна нервавалася і непакоілася. Яна і сама не заўважыла, як абула боты з розных пар. Акрамя таго, боты адрозніваліся па колеры. Гэтую недарэчнасць настаўніца заўважыла толькі каля школы. Давялося вярнуцца дадому, каб вырашыць гэтае пытанне. Нават гэтая, на першы погляд, камічная сітуацыя стала ўрокам для маладога спецыяліста: з таго часу Таццяна перастала спяшацца, а да любой сітуацыі пачала падыходзіць з асаблівай развагай. Нездарма беларускі афарызм сцвярджае: “Паспяшыш – людзей насмяшыш”.

Да мовы – праз творчасць

Таццяну Булкевіч у Граўжышках ведаюць не толькі як таленавітага і апантанага педагога, але яшчэ і як асобу творчую. З 1985 года жанчына з’яўляецца ўдзельніцай мастацкай самадзейнсаці. Разам з мужам Эдвардам самадзейная артыстка ўваходзіла ў склад калектыву “Граўжанцы”, які з самага пачатку свайго існавання моцна палюбіўся ашмянцам. У рэпертуар “Граўжанцаў” уваходзяць шчымлівыя і шчырыя народныя песні, якія вяртаюць слухачоў да каранёў, дапамагаюць асэнсаваць прыгажосць роднай мовы. Таццяна Браніславаўна не раз выступала ў ролі вядучай на мерапрыемствах. Яна сама пісала сцэнарыі вясковых свят, стараючыся насыціць кожнае мерапрыемства душэўнасцю. Жыхары Граўжышак шматразова былі ўдзельнікамі народнага хрэсьбіннага і вясельнага абрадаў. Загадзя Таццяна Браніславаўна вывучала неабходную інфармацыю, шукала звесткі аб правядзенні абрадаў у сваёй мясцоваці, каб наблізіцца да вытокаў. У 2019 годзе артыстка выйшла са складу калектыва, аднак і зараз не можа прапусціць ніводнага яго выступлення.

Нашу я любоў да цябе вялікую ў сэрцы сваім маленькім

Мы ўжо амаль скончылі гутарыць з настаўніцай. Тут у кабінет завіталі яе васьмікласнікі. Насця і Вераніка сарамліва прывіталіся, а Паўлік адразу пачаў выконваць даручэнні класнага кіраўніка. Сёння ён адзіны мужчына ў класе. Шчырыя ўсмешкі дзяцей залілі аўдыторыю незвычайным святлом. Класнае кіраўніцтва ў педагога з’явілася нядаўна, аднак кантакт з дзецьмі ўсталяваўся з першых дзён. Многія вучні з класа ўдзельнічаюць у алімпіядах па беларускай мове, творчых конкурсах і канферэнцыях. Дзеці перанялі незвычайную любоў да мовы ад свайго педагога. Настаўніца пры любых абставінах размаўляе на беларускай мове. Гэтаму ж імкнецца навучыць і школьнікаў.

Тыдзень таму з жанчынай здарылася цікавая сітуацыя, якая паказала важнасць роднай мовы ў штодзённым абіходзе. Таццяна прыехала ў Мінск да траўматолага. Седзячы пад кабінетам урача, яна доўга разажала, на якой мове ёй пачаць гаварыць з доктарам. Аднак, зайшоўшы, яна сама не заўважыла, як загаварыла па-беларуску. Урач у той жа момант таксама перайшоў на родную мову. А ў канцы прыёму зазначыў: “Прыгожа вы размаўляеце на роднай мове. Вось толькі ці зможам мы яе захаваць?” Жанчына ўсміхнулася доктару і адказала: “Абавязкова захаваем!”

Выходзячы са школы, мяне перапаўняла пачуццё гонару за нашых настаўнікаў. Простых, мудрых, дасціпных і адукаваных. Я яшчэ раз павярнулася тварам да школы, змерала поглядам просты вясковы будынак, а ў маёй галаве мільганула думка: “Пакуль у нас ёсць такія педагогі, будзе развівацца і наша мова. Абавязкова яе захаваем”.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *