Перадача “Надзея на сяло” наведалася ў Гальшаны

Анонсы событий

На мінулым тыдні на Ашмяншчыну наведалася здымачная група тэлепраграмы “Надзея на сяло” і яе вядучая Надзея Маркевіч, а гэта значыць, што ў хуткім часе ашмянцы змогуць паглядзець на канале “Беларусь 4” (Гродна) вынікі падарожжа гродзенскай госці ў наш раён.

Зацікавіў Надзею аграгарадок Гальшаны. Знаёмства са старажытным мястэчкам і яго людзьмі пачалося з сельвыканкама, дзе разам са старшынёй Аляксандрам Саванцом была абмеркавана праграма візіту. Падарожжа па аграгарадку прадоўжылася ў Гальшанскай бібліятэцы. Тут вядучую зацікавіў віртуальны музей мерыдыяна Дугі Струвэ, які за гады свайго існавання стаў рэальным і вельмі запатрабаваным сярод турыстаў.

Не магла Надзея абмінуць увагай яшчэ адзін турыстычны аб’ект – Гальшанскі замак. Ля сцен гальшанскай “каменнай кветкі” работнікі культуры Ашмяншчыны зладзілі тэатралізаванае прадстаўленне, а супрацоўнікі Ашмянскага краязнаўчага музея і свайго філіяла ў Гальшанах правялі цікавую і змястоўную экскурсію.

Наведалася здымачная група і ў Гальшанскую сярэднюю школу, дзе даведалася, як установа адукацыі набыла каштоўны вопыт па вырошчванні гародніны і кветак. Уласная бізнес-кампанія “Квецень” – гэта ўнікальная магчымасць актыўна развіваць школьны бізнес і ўпрыгожваць гэты свет. Уразілі гасцей з Гродна і фонды школьнага народнага гісторыка-краязнаўчага музея імя Эдуарда Корзуна, у якім сабрана багатая гісторыя Гальшан і яго ваколіц.

Паказ перадачы “Надзея на сяло”, знятай у Гальшанах, запланаваны ў эфіры тэлеканала “Беларусь 4” 20 лютага ў 19.30.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *