У адказе за тых, каго прыручылі

Точка зрения

У кожным горадзе, аграгарадку і вёсцы можна заўважыць бяздомных жывёл, якія калісьці мелі гаспадароў, жылі ў сем’ях. Аднак пасля пайшло штосьці не так: ці то гаспадарам надакучылі жывыя цацкі, ці то дзеці выраслі і ад’ехалі вучыцца, а за хатнімі пітомцамі даглядаць няма каму. Можна назваць вялікую колькасць прычын, па якіх гаспадары адмаўляюцца ад сваіх чацвераногіх сяброў. Аднак, напэўна, ніводная не можа апраўдаць такіх паводзін. Коцікі і сабачкі прызвычаіліся жыць у сям’і, прывязаліся да хатніх. На працягу доўгага часу яны верай і праўдай служылі сваім гаспадарам, рабілі іх жыццё радасным і каляровым. Сувязь, што ўзнікла за гэты час, падаецца моцнай і непарыўнай.

Некаторы час таму трапіўся ўрывак з фільма: гаспадары вывозілі свайго сабаку. Мужчына з лёгкім сэрцам адчыніў дзверы аўто і выпхнуў з салона чацвераногага сябра са словамі: «Бяжы хутчэй! Там табе будзе лепей!». У гэты момант загучала шчымлівая музыка. У маёй свядомасці ўзнікла безліч супярэчлівых думак і пытанняў. Сабаку, які жыў у сям’і і прызвычаіўся да догляду і апекі, наўрад ці будзе лепей на вуліцы. Ён з першых тыдняў жыў у іншых умовах, быў атулены клопатам і апекай чалавека. Раптоўна яго пазбавілі гэтых звычайных рэчаў. Жывёла папала ў стрэсавую сітуацыю, з якой цяжка знайсці выйсце. Сабаку трэба вучыцца выжываць у новых рэаліях. А з гэтым можа справіцца не кожная жывёла.

«Мы ў адказе за тых, каго прыручылі», — сцвярджае крылаты выраз з вядомай дзіцячай казкі. Аднак многія забываюць пра гэту адказнасць, пра тое, што побач жывая істота, а з ёй так нельга. Зразумела, што жыццё чалавека непрадказальнае. У адзін момант можа многае змяніцца. Хвароба, пераезд і іншыя акалічнасці могуць унесці свае карэктывы ў размераны быт. Што рабіць у такім выпадку, калі догляд за коцікам ці сабачкам становіцца немагчымым? Можна вывезці, выкінуць, выкрасліць са свайго жыцця і забыцца. А можна паклапаціцца пра будучыню свайго сябра, знайсці яму новых гаспадароў, якія паклапоцяцца аб ім. Магчыма, іншым людзям пухнатае стварэнне прынясе шмат радасці, лагоды і цеплыні. Цалкам мажліва, што тая жывёла, якая для кагосьці стала непажаданай, для іншых асоб з’яўляецца марай усяго жыцця.

Дастаткова часта ў хатніх любімцаў з’яўляецца патомства. Аднак замілаванне кацяняты або шчаняты выклікаюць не заўсёды. Тады гаспадары «разбіраюцца» з непажаданым прыплодам па старым метадзе – закопваюць. Гаспадары знаходзяць стандартнае апраўданне – няма куды дзявацца, жывёл шмат. Бясспрэчна, кацянят ці шчанят можна раздаць знаёмым, але для гэтага патрэбны высілкі і час. Закапаць куды прасцей. Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі дапамагаюць лёгка і хутка вырашыць такое пытанне. Дастаткова зрабіць фотаздымак няўрымслівых гарэз, а таксама паведаміць астатнім карыстальнікам, што жывёлы шукаюць сабе дом. З часам нераўнадушныя людзі абавязкова выкарыстаюць магчымасць абзавесціся сябрам, які ўпрыгожыць іх жыццё.

Браць ці не браць сабе хатняга пітомца? На гэтае пытанне няма правільнага адказу. Аднак, узяўшы аднойчы коціка ці сабачку, нельга забываць пра адказнасць і клопат аб пухнатым стварэнні.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *