Першая зорка, вігілійны стол і калядныя песні – традыцыі святкавання Каляд у сям’і Каспяровіч

Общество

Поўнач. 25 снежня. Гальшаны не спяць. Аграгарадок асвятляе мяккае ззянне шасціканцовай зоркі, што размясцілася пад самым дахам касцёла. Людзі, заходзячы ў храм, вітаюць адзін аднаго хрысціянскім прывітаннем “Хрыстос нарадзіўся!”, абдымаюцца, шчыра віншуюць і складаюць сардэчныя пажаданні. А пасля спяшаюцца да яселькаў, каб стаць на калені перад тым, хто прыходзіць у гэты свет, адорваючы кожнага невычэрпнай любоўю, незгасальнай надзеяй і трывалай верай. Вось цішыню перарываюць ўрачыстыя гукі скрыпкі і аргана. З першых нот людзі падхопліваюць матыў агульнавядомай калядкі “Сярод начной цішы”.

Для сям’і Каспяровіч з Гальшан святкаванне Божага Нараджэння адбываецца заўсёды аднолькава: выйшаўшы з-за вігілійнага стала, уся сям’я ідзе ў касцёл на ўрачыстую святую імшу — Пастэрку. Наталля Канстанцінаўна па традыцыі сядае за арган, старэйшая дачка, Эля, бярэцца за скрыпку, малодшая, Аня, спявае, а Іван Баляслававіч гартае слайды з тэкстамі калядных песень. Такая традыцыя зарадзілася шмат гадоў таму, яшчэ ў той час, калі дзяўчаты былі школьніцамі.

Пра дзяцінства і самыя запамінальныя Каляды

Наталля Канстанцінаўна з настальгіяй прыгадвае святкаванне Каляд у сваім дзяцінстве. Яна нарадзілася ў невялічкай вёсцы Шчапанавічы ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася сямёра дзяцей. Наталля была самай малодшай. Дзіцячая памяць захавала самыя яркія моманты падрыхтоўкі да любімага хрысціянскага свята. Загадзя ставілася ёлачка з адмысловымі цацкамі ў форме шышак, домікаў, гадзіннікаў. Але больш запомніліся духмяныя цукеркі з водарам барбарысу, якія віселі на ёлачцы і мелі здольнасць бясследна знікаць з каляднага дрэва. Менавіта на Каляды дзяцей чакалі прыемныя падарункі і прысмакі. Мама гатавала адмысловыя стравы: кісель, кашу, абаранкі з макам, рыбу. Пачыналі застолле з агульнай малітвы. Супольна дзякавалі Богу за чарговы год, дабрабыт і здароўе.

Адны Каляды запомніліся Наталлі найбольш ярка. У той час яна была школьніцай. 24 снежня ў яе быў чарговы занятак у Ашмянскай музычнай школе. Выйшаўшы са школы, яна паспяшалася на аўтастанцыю, каб паспець на свой аўтобус. Быў моцны дождж і галаледзіца, таму аўтобус па гэтым маршруце адмянілі. Сабралася невялічкая групка людзей, якая павінна была ехаць у дадзеным накірунку. Было вырашана не чакаць, а ісці пешшу. Разам з дарослымі пайшла і Наташа. Мама, даведаўшыся пра тое, адправіла насустрач дачцэ старэйшага сына на веласіпедзе. Было надзвычай слізка, веласіпед увесь час заносіла і круціла. А сустрэчныя бабулі, гледзячы на экстрэмальную язду хлопца, перапалохана жагналіся. У выніку Наталлю падвезлі на аўтамабілі, а брат суправаджаў яе на веласіпедзе.

Ці бываюць Каляды без аплатка? Вядома ж, не. Клопат пра аплатак быў ускладзены на плечы маленькай Наташы. У перадсвяточныя дні мама ішла на працу, пакідаючы дачцэ грошы на аплатак. У той час калядны сімвал прывозіў арганіст. Высокі грузны мужчына з нізкім голасам вельмі палохаў і насцярожваў дзяўчынку, таму яна імкнулася як мага хутчэй аддаць грошы і знікнуць з вачэй арганіста.

А яшчэ ў святочныя дні збіралася ўся вялікая сям’я. Старэйшыя дзеці адкладвалі працу, штодзённыя абавязкі, і прыязджалі ў бацькоўскі дом. Бацькі былі цэнтрам, ля якога збіраліся дзеці. Гэта традыцыя захавалася і пасля. Пазней Наталля Канстанцінаўна ўжо разам з мужам і дзецьмі прыязджала на некалькі гадзін у Шчапанавічы, каб сустрэцца з самымі роднымі і дарагімі сэрцу людзьмі. Бліжэй да поўначы сям’я вярталася ў Гальшаны — трэба было паспець на Пастэрку. Дзесяць гадоў таму мамы не стала, але традыцыя сустракацца ўсёй сям’ёй захавалася — перайшла ў дом Наталлі.

Шлях да аргана

“Сёння ў Віфліеме”, “Ціхая ноч”, “А ўчора з вячора” — гэтыя і многія іншыя калядкі палюбіліся жыхарам Гальшан. А ў выкананні Наталлі Каспяровіч яны гучаць асабліва прыгожа, пяшчотна і ўзнёсла. Некалі яна і падумаць не магла, што стане арганісткай, хоць музыку любіла з самага дзяцінства.

У школьныя гады дзяўчынка адсочвала інфармацыю ў газеце “Красное знамя” аб прыёме ў Ашмянскую музычную школу. Ёй вельмі хацелася атрымаць музычную адукацыю. Аднак мама была супраць — школа знаходзілася далёка. Пад моцным напорам дачкі матуля ўсё ж здалася, і дзяўчынка ажыццявіла сваю даўнюю мару. Пасля юная музыкантка паступіла ў Ліду, каб працягнуць вучыцца музыцы. У 1991 годзе Наталля здымала кватэру ў Гальшанах. Гаспадыня кватэры Станіслава паведаміла, што ў касцёл прывезлі арган.

Наталлі вельмі хацелася паглядзець на інструмент, таму вечарам яна пабегла ў касцёл. Якраз адбывалася маёвае набажэнства, парафіяне разам са святаром спявалі літанію да Маці Божай. Дзяўчына ўлавіла матыў і пакрысе пачала падыгрываць. Ксёндз зацікаўлена і здзіўлена паглядзеў на дзяўчыну. Калі ўсё скончылася, прыйшоў з нотамі і прапанаваў зайграць некалькі песень.

Наталля зайграла. “Заўтра чакаю на імшу!” — падагуліў ксёндз. Многае ў богаслужэнні было невядомым для дзяўчыны. Яна баялася памыліцца, таму адразу шчыра прызналася ў гэтым святару. Той яе супакоіў і паабяцаў у першы час дапамагаць. Першапачаткова здараліся маленькія накладкі і недарэчнасці, якія з вопытам былі пераадолены. Вось так, прыйшоўшы паглядзець на арган, Наталля Каспяровіч затрымалася ля яго больш чым на трыццаць гадоў.

Музычнае натхненне — з пакалення ў пакаленне

З цягам часу ў Наталлі Канстанцінаўны з’явілася ўласная сям’я, нарадзіліся дачушкі. Змалку яны былі далучаны да музыкі. Працуючы ў Гальшанскай школе мастацтваў, Наталля Каспяровіч часта брала з сабой дзяцей, таму ноты яны засвоілі раней, чым літары. Маме хацелася, каб хоць адна з дачок іграла на скрыпцы. Маленькая Аня вырашыла паспрабаваць, аднак інструмент яе не прывабіў. А вось піяніна прыйшлося дзяўчынцы па душы. Затое старэйшую дачку скрыпка прывабіла. Літургічныя спевы дзяўчаты ведалі з ранніх гадоў: разам з мамай яны хадзілі на імшы, чулі паслядоўнасць песень і малітваў, а пасля сталі ўдзельніцамі дзіцячага хору. Аня з лёгкасцю іграла літургічныя песні. Акрамя таго, Бог адарыў дзяўчыну звонкім і прыгожым голасам. Мама не раз прапаноўвала дачцэ паспрабаваць свае сілы на імшы. Аня адмаўляла. Але выпадак зрабіў сваю справу.

Аднойчы Наталля Канстанцінаўна захварэла. Напярэдадні Вялікадня ёй прыйшлося легчы ў бальніцу. Аня тады яшчэ вучылася ў дзявятым класе. Тады дзяўчына ўпершыню замяніла маці. І ёй гэтая справа вельмі спадабалася.

Аднак сваё прафесійнае жыццё Ганна звязала з медыцынай, скончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Зараз яна працуе загадчыцай аптэкі ў Смаргоні. А паралельна з’яўляецца арганісткай у мясцовым касцёле. Эля скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, аднак шчырае стаўленне да музыкі ў яе захавалася і зараз. Дзяўчаты жывуць у розных гарадах, але кожны месяц сустракаюцца ў бацькоўскім доме, які стаў для іх цэнтрам любові, шчырасці і еднасці. Яны аднавілі тую традыцыю, якая калісьці была закладзена ў сям’і Наталлі Канстанцінаўны.

Каляды сёння

На парозе — чарговыя Каляды. Іван Баляслававіч ужо набыў у лясніцтве самую прыгожую елачку і ўстанавіў яе на пачэсным месцы. Дзяўчаты ўпрыгожылі яе цацкамі, дожджыкамі і цукеркамі — так, як у маміным дзяцінстве.

На Наталлі — святочны стол. Яна выпякае калядныя булачкі, а вось адказнасць за прыгатаванне рыбы ўскладзена на мужа. Загадзя ён марынуе рыбу, аздабляе яе прыправамі. Дзяўчаты ўпрыгожваюць каляднае дрэва, робяць сумесныя фотаздымкі і з нецярпеннем чакаюць першай зорачкі, якая абвесціць цудоўную навіну аб тым, што Хрыстос прыйшоў у гэты свет. Пасля сям’я разам сядзе за стол, памоліцца і павячэрае. Эля дастане сваю скрыпачку, Аня сядзе за фартэпіяна, а мама возьме баян. Іван Баляслававіч разгорне тэкст любімай песні “Сёння ў Віфліем” — і паліецца калядная мелодыя, поўная пяшчоты, любові і шчырасці, якая ўславіць Божае дзіцятка і падорыць калядны настрой.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *