Глядзець на свет праз лінзу аб’ектыва. Алег Працкайла

Общество

Многія ўпэўнены, што зрабіць якасныя кадры можна толькі з дапамогай дарагой тэхнікі і аб’ектываў. У іншым выпадку атрымаць прыгожыя фотаздымкі немагчыма. Якасная тэхніка, дадатковае святло і аб’ектывы патрабуюць немаленькіх выдаткаў, таму многія адмаўляюцца ад мары стаць фатографам.

Працяглы час Алег Працкайла, фатограф-аматар з Ашмян, вядзе ў сацыяльных сетках старонку “Ашмяншчына турыстычная”, дзе змяшчае яркія, сакавітыя і па-сапраўднаму мастацкія фотаздымкі. Ашмянскі фотамастак не валодае дарагой тэхнікай і абсталяваннем. Ёсць у Алега толькі смартфон і аматарская фотакамера. Як з дапамогай такога простага набору тэхнікі магчыма ствараць высокамастацкія фотаздымкі? Гэтае і іншыя пытанні мы адрасавалі Алегу.

— Прывітанне, Алег! Раскажы, калі ласка, нашым чытачам, калі ты захапіўся фатаграфіяй.

— З дзяцінства мне падабалася фатаграфаваць. Тады яшчэ не было лічбавых камер, а ў нас дома быў плёначны “Кодак”. Я браў камеру, фатаграфаваў свае вырабы з пластыліну. Безумоўна, колькасць кадраў абмяжоўвала мае задумкі. Аднак усё ж цікавасць да такой справы зарадзілася менавіта ў той час. У 2008 годзе я вучыўся ва ўніверсітэце. У мяне быў добры тэлефон. Я пачаў фатаграфаваць горад: касцёлы, цэрквы, старыя пабудовы. Пачаў шукаць цікавыя і незвычайныя ракурсы. З кожным разам здымкі станавіліся ўсё лепшымі. І гэта акалічнасць вельмі радавала мяне.

— Ашмянцы адзначаюць тваё незвычайнае бачанне архітэктурных аб’ектаў. Ты дзесьці вучыўся фотамайстэрству?

— Шчыра кажучы, нідзе і ніколі не вучыўся. Калі я бяру ў рукі тэлефон ці фотаапарат, узнікае своеасаблівы запал. Кожны здымак — гэта маё бачанне месца, пабудовы або пейзажу. Лічу тэхнічную частку вельмі важнай, але фатаграфія — гэта творчасць. Незвычайны ракурс, своеасаблівая пабудова кадра — усё гэта адыгрывае не апошнюю ролю. Я часта выязджаю ў вандроўкі па роднай Беларусі. Перад гэтым дэталёва вывучаю архітэктурныя аб’екты і гістарычныя месцы горада або мястэчка. Пасля гляджу фотаздымкі ў інтэрнэце, думаю над тым, як я падаў бы тую ці іншую архітэктурную пабудову. Гэта робіць кожную паездку асабліва плённай.

— Многія лічаць, што якасны фотаздымак можна зрабіць толькі пры дапамозе дарагой тэхнікі. Згодзен з гэтым меркаваннем?

— Не зусім. Лічу, што якасныя фотаздымкі можна зрабіць нават на тэлефон. Галоўнае — жаданне. Зразумела, што прафесійная тэхніка адкрывае новыя гарызонты. Аднак яна можа “зайграць усімі фарбамі” толькі ва ўмелых руках. Мала купіць прафесійную фотатэхніку. Трэба яшчэ навучыцца ёю карыстацца. Калі здымаць на “аўтамаце”, то няма сэнсу ў дарагім фотаапараце. Ён не раскрые сваіх магчымасцей, а фатограф будзе расчараваны якасцю фотаздымкаў.

— Ты вядзеш старонкі ў сацыяльных сетках. Ці з’яўляюцца там негатыўныя каментарыі і ці прысутнічае хейт?

— На маіх старонках у сацыяльных сетках пераважаюць станоўчыя каментарыі. Аднак час ад часу “праскоквае” і негатыў. І пішуць людзі такія рэчы часцей за ўсё не са зла. Аднойчы я выклаў чарговы фотаздымак. Малады чалавек у каментарыі абвінаваціў мяне ў тым, што я “падфоташопіў” пэўныя элементы. Першапачаткова мне стала крыху крыўдна, бо каментарый супярэчыў рэальнасці. Аднак я ўсё ж даказаў свайму субяседніку, што не выкарыстоўваў ніякіх праграм.

— У чэрвені адбылася твая персанальная фотавыстава. Хто стаў яе ініцыятарам?

— Фотавыстава адбылася дзякуючы намаганням Анастасіі Навіцкай, дырэктара Ашмянскага краязнаўчага музея. Менавіта яна мяне заахвоціла паказаць свае работы для шырокай аўдыторыі. На выставу прыйшлі мае сябры, навучэнцы каледжа і мае падпісчыкі. Я прадставіў 50 фатаграфій рознага перыяду. Лічу, што мерапрыемства прайшло на высокім узроўні.

— Што б ты пажадаў людзям, якія хочуць пачаць фатаграфаць, але сумняваюцца?

— Не баяцца, спрабаваць, паказваць сваю творчасць шырокай аўдыторыі праз сацыяльныя сеткі. Хто нічога не робіць, у таго нічога не атрымліваецца. Спрабаваць трэба абавязкова. Галоўнае — не здавацца, калі будуць узнікаць пэўныя няўдачы. У мяне іх было таксама дастаткова. Аднойчы я паехаў фатаграфаваць у адно вельмі прыгожае і атмасфернае месца. З вялікім запалам фатаграфаваў. Вярнуўшыся дамоў, убачыў, што з-за тэхнічных праблем з картай памяці здымкі не захаваліся. Безумоўна, быў вельмі расчараваны і падаўлены. Аднак гэта не стала канцом для маёй дзейнасці. Я люблю фатаграфію, гэты занятак мяне па-сапраўднаму натхняе.

Гутарыла Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара і з архіва Алега Працкайлы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *