Ашмянскі краязнаўчы музей запрасіў ашмянцаў на свята

События

На гэтым тыдні музеі свету і іх супрацоўнікі адзначаюць Міжнародны дзень музеяў. Абывацелю гэта свята найбольш вядомае штогадовым фестывалем пад назвай «Ноч музеяў». Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча таксама актыўна падтрымлівае гэтую традыцыю. Сёлета супрацоўнікі музейнай установы вырашылі распачаць святочную праграму з самай раніцы. Насычаны на мерапрыемствы дзень праходзіць пад назвай “Таямніцы музейных фондаў: загадкі экспанатаў”.

— Для нас гэта крыху новая форма, — прызнаецца дырэктар музея Настасся Навіцкая. – Разам з тым на працягу цэлага дня мы прымаем гасцей, для якіх падрыхтавалі насычаную і рознапланавую праграму. Тут і школьнікі, і навучэнцы каледжа, і жыхары горада. Сёння, у гонар свята, экскурсіі і майстар-класы мы праводзім бясплатна.

З раніцы ў музеі тлумна: сюды завіталі вучні пачатковых класаў СШ №1, каб паглядзець незвычайную пастаноўку ў тэатры ценяў. Упершыню тут дэманструецца легенда пра Ляўко паводле паэмы мясцовага паэта Пятра Шаколы. З дапамогай лялек і ценяў артысты, у ролі якіх выступілі супрацоўнікі музея Алена Будзько і Марына Горыд, расказваюць гледачам пра паходжанне нашага горада. А перад гэтым дырэктар музея Настасся Навіцкая распавядае гісторыю паходжання дзіўнага і загадкавага тэатра, які ўзнік дзесьці каля дзвюх тысяч год назад.

Пакуль доўжыцца дзея, чарговая група гледачоў ужо на падходзе. Каб не губляць марна час, работнікі музея праводзяць з малышамі рухомыя гульні, расказваюць розныя цікавосткі пра музей, тым самым заахвочваюць іх да наведвання скарбніцы рэгіянальнай гісторыі.

“Жывой традыцыі вытокі” – пад такой назвай для наведвальнікаў музея ладзіцца інтэрактыўная экскурсія з майстар-класам па ганчарстве. Спачатку захавальнік музейных фондаў Таццяна Кіркоўская расказвае школьнікам пра даволі распаўсюджаны на Беларусі від рамяства – ганчарства. А ўжо затым майстар Ашмянскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Мар’ян Козар паказвае дзецям, як з гліны зрабіць медальён-магніт з выявай Гальшанскага замка. Жадаючых паўтарыць хуткія ўпэўненыя рухі ганчара аказваецца шмат, тым больш, што сувенір ручной работы можна ўзяць на памяць.

Яшчэ адна інтэрактыўная экскурсія — “Зандажы і міражы былога штэтла” — запрашае ў яўрэйскія мясціны цэнтра Ашмян з абавязковым наведваннем сінагогі.

Спецыяльна да свята ў музеі адкрылася персанальная выстава фотамайстра-аматара Алега Працкайлы пад назвай “Фотазамалёўкі па дарозе дадому”, прымеркаваная да Года міру і стваральнай працы. Пяцьдзясят фотаработ жыхара Ашмян – гэта не проста мастацтва, гэта наша з вамі гісторыя. Культавыя збудаванні, архітэктурныя рэліквіі, гістарычныя вулкі населеных пунктаў Ашмяншчыны падаюцца ў абрамленні маляўнічых пейзажаў. Залатая восень, трапяткая вясна, гуллівае лета і рознакаляровая зіма – вочы выхопліваюць у гэтых “люстэрках памяці”, як назвала фатаграфію навуковы супрацоўнік музея Ірына Бусловіч, няўлоўныя і яркія моманты з жыцця нашага рэгіёна.

Інструктар-метадыст фізкультурна-спартыўнага клуба Алег Працкайла любіць падарожнічаць. І з кожнай сваёй вандроўкі ён прывозіць вялікую колькасць здымкаў. Здымае на прафесійны фотаапарат, а калі яго няма, то на тэлефон. У пошуках яркіх кадраў ім пройдзена не адна тысяча кіламетраў.

Для мяне фатаграфія – гэта адлюстраванне маёй душы, душы рамантыка і назіральніка, прызнаецца Алег і расказвае, што вельмі любіць Ашмянскія краявіды, цікавіцца гісторыяй і марыць пакінуць пасля сябе памяць у выглядзе здымкаў.

Алег Працкайла называе сябе фатографам, які любіць заставацца ў цені. Мажліва па-гэтаму ён крыху хваляваўся падчас мерапрыемства ў музеі, але з задавальненнем адказваў на пытанні, што паступалі ад наведвальнікаў выставы, сярод якіх навучэнцы аграрна-эканамічнага каледжа, знаёмыя, супрацоўнікі музея.

На жаль, у сценах музея не змаглі змясціцца здымкі з усіх куточкаў нашай малой радзімы. Але ж гэта толькі першая выстава майстра фатаграфіі ў нашым музеі. Госці выставы пажадалі апантанаму ашмянцу творчых поспехаў, новых адкрыццяў і душэўных перажыванняў у свеце мастацтва.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *