Аліна Лакота і яе захапленні

Общество

У кожным чалавеку закладзены талент і вялікі творчы патэнцыял, аднак не кожная асоба можа распазнаць у сабе здольнасці і схільнасці. Многія закопваюць таленты, лічачы свае ўменні недастатковымі. А некаторыя, наадварот, развіваюць уласны творчы патэнцыял. Да гэтай катэгорыі якраз і адносіцца Аліна Лакота. Творчая і апантаная дзяўчына ўмела ператварае бісер у сапраўдныя шэдэўры. Акрамя таго, майстрыха цудоўна вышывае крыжыкам. Яе працы здзіўляюць, захапляюць і прывабліваюць. Дзяўчына з залатымі рукамі — менавіта так можна ахарактарызаваць руплівіцу. У Аліны трэцяя група інваліднасці, якая не перашкаджае ёй рэалізоўваць самыя нечаканыя ідэі.

Цяга да творчасці ў Аліны з’явілася яшчэ ў школе: на ўроках працоўнага навучання яна рабіла свае першыя нясмелыя крокі ў свет творчасці і рукадзелля. А пасля ўрокаў кожную вольную хвілінку прысвячала любімай справе. Аднак прафесію дзяўчына выбрала зусім не творчую. Пасля заканчэння Гальшанскай школы яна паступіла ў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж на бухгалтара. Вучылася Аліна на завочным аддзяленні. Веды, атрыманыя ў каледжы, дапамагалі ў творчасці, бо і вышыўка, і бісерапляценне патрабуюць дакладных разлікаў.

З бісера Аліна стварае адмысловыя кампазіцыі. Макі, рамонкі, валошкі, стакроткі, браткі, ружы і архідэі — пакой апантанай дзяўчыны нагадвае сапраўдны батанічны сад. Праца над кожнай кветкай займае шмат часу.

Аліна вельмі пільна адносіцца да сваёй дзейнасці, імкнецца стварыць дасканалыя вырабы. Калі кветка або лісток ёй не падабаюцца, яна перарабляе выраб па некалькі разоў, даводзячы яго да ідэалу. З настальгіяй яна прыгадвае свой першы выраб – стракаты сланечнік. Пасля Аліна зрабіла ружу і букецік рамонкаў. З цягам часу хацелася ўдасканальваць свае ўменні. І яна ішла да сваёй мэты. Калі дзяўчына стала выбіраць больш складаныя вырабы, то ў яе пачалі ўзнікаць цяжкасці са зборкай. На нейкі час яна нават кінула любімы занятак. Але цяга да творчасці ўзяла верх. Праз нейкі час Аліна пераадолела складанасці, а яе вырабы сталі яшчэ больш прыгожымі і дасканалымі.

Цікавай для дзяўчыны з’яўляецца і вышыўка. Яна “малюе” іголкай стракатых птушак, яркія пейзажы і кветкі. Некаторыя працы не займаюць шмат часу — за некалькі дзён паўстае маленькі шэдэўр. Некаторыя ж патрабуюць цярпення і сіл — працы надзвычай маштабныя і складаныя ў тэхнічным плане. Вышыўка такіх карцін займае некалькі год. Аднак яны прыносяць найбольшую асалоду і задавальненне. Зараз у Аліны тры такія працы — “Дэльфіны”, “Паветраныя шары” і “Ружы”. Некалькі гадзін у дзень Аліна прысвячае вышыўцы гэтых карцін. Дзяўчына працуе ў сваім творчым рытме, не складаючы для сябе графікаў і не ставячы межаў, бо натхненне не мае раскладу.
Інтэрнэт-рэсурсы падказваюць новыя ідэі для творчасці. На шчасце, зараз існуе безліч падрабязных майстар-класаў, карыстаючыся якімі можна стварыць якасны і прыгожы выраб. Маленькія шэдэўры дзяўчына дорыць сваім родным і блізкім. У кожны яна ўкладае часцінку душы. Аліна ўпэўнена, што няма больш каштоўнага падарунка за той, які створаны сваімі рукамі.

Жыве дзяўчына ў невялікай вёсцы Гарэцкаўшчына, якую яна любіць усім сэрцам. Менавіта краявіды родных мясцін даюць натхненне. Аліна любіць прагульвацца па вёсцы, любавацца яркімі палявымі кветкамі і травамі, заходам сонейка і бяскрайнімі палямі. Як сапраўдны творца, яна заўважае прыгажосць у простых рэчах: у ранішніх кропельках расы, у каляровай вясёлцы і першым снезе.

У дзяўчыны шмат творчых планаў, якія яна хоча рэалізаваць у бліжэйшы час. Аліна ўпэўнена, што няма немагчымага для чалавека, які па-сапраўднаму любіць сваю справу.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *