У Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча прайшла сустрэча з нашчадкамі Якуба Коласа

Культура События

Кожны беларус са школьнай праграмы добра знаёмы з творчасцю класіка нацынальнай літаратуры Якуба Коласа. Яго вершы памятаюць і зараз розныя пакаленні грамадзян, а паэма “Новая зямля”, якая лічыцца энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства, перакладзена на некалькі моў свету. Шматгранны талент майстра слова здзіўляе і ўражвае.

Аднак за кожным таленавітым мужчынам стаіць маленькая жанчына, што з’яўляецца музай і натхняльніцай. Гісторыя ведае безліч выдатных жанчын, якія сталі пуцяводнымі зоркамі, падаравалі творчы запал, зарадзілі ў душах таленавітых мужчын самае чыстае і светлае пачуццё. Для Якуба Коласа пуцяводнай зоркай і натхняльніцай была яго жонка – Марыя Дзмітрыеўна Каменская. Лагодная і далікатная, яна ўмела знайсці падыход да мужа, была першым слухачом і крытыкам. Менавіта з яе пясняр “спісваў” некаторыя вобразы, ёй жа прысвячаў самыя шчырыя і душэўныя вершаваныя радкі. Не ўсе ведаюць, што Марыя Дзмітрыеўна з’яўляецца нашай зямлячкай. Яна нарадзілася ў Ашмянах, на нашай зямлі яна рабіла свае першыя крокі. Да 140-годдзя з дня нараджэння Канстанціна Міцкевіча выйшла кніга “Табой я жыў, табой жыву…”, прысвечаная Марыі Дзмітрыеўне. Успаміны дзяцей і ўнукаў, шчырыя і цёплыя вершаваныя радкі, фрагменты перапіскі, унікальныя фотаматэрыялы – ўсё гэта змясцілася на 248 старонках.

У Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча 24 кастрычніка адбылася прэзентацыя кнігі “Табой я жыў, табой жыву…”. Мерапрыемства прайшло ў межах літаратурнай сустрэчы з Верай Данілаўнай і Васілінай Валер’еўнай Міцкевіч, унучкай і праўнучкай класіка. Разам з імі прыехала і Наталля Адамовіч-Швагіна, дачка Алеся Адамовіча і даследчыца творчасці Якуба Коласа. На сустрэчу з нашчадкамі паэта прыйшлі навучэнцы аграрна-эканамічнага каледжа, іх педагогі, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, настаяцель храма Уваскрасення Хрыстова, благачынны цэркваў Ашмянскага раёна Георгій Муха, галоўны спецыяліст сектара культуры Ашмянскага райвыканкама Валянціна Александровіч, а таксама аматары творчасці беларускага песняра.

Якуб Колас пазбягаў тэмы інтымнасці, а вершы, прысвечаныя жонцы, не лічыў патрэбным друкаваць для шырокай аўдыторыі. Пра існаванне многіх не ведала нават і сама Марыя Дзмітрыеўна. Сціплы і засяроджданы, ён умеў па-сапраўднаму кахаць і паважаць сваю жыццёвую спадарожніцу. Яго другая палова была ў цені мужа. Праўнучка паэта Васіліна Міцкевіч расказала, што аднойчы Марыя Дзмітрыеўна выпадкова знайшла сшытачак з інтымнымі вершамі, прысвечанымі жанчыне. Тады класік прызнаўся, што ўсе творы адрасаваны ёй, яго любай жонцы і паплечніцы. На жаль, той сшытачак з вершамі не захаваўся. Унучка паэта Вера Данілаўна прыгадала пра ліставанне паэта з жонкай. У апошнія свае дні Марыя Дзмітрыеўна цяжка хваврэла, Якуб Колас падтрымліваў яе цёплымі і шчырымі лістамі. Апошні ліст жонцы ён напісаў 9 мая 1945 года, а 21 мая Марыі Міцкевіч не стала. Страціўшы жонку, паэт адчуваў невымерны сум, бо яна была і сяброўкай, і дарадцай, і самым блізкім чалавекам. Хоць майстар слова умеў кантраляваць уласны душэўны стан, блізкія людзі ўсё ж бачылі схаваную тугу па жонцы.

Удзельнікі творчай сустрэчы мелі магчымасць пазнаёміцца з фрагментамі дакументальнага фільма, паслухаць ўспаміны пра сямейны уклад Міцкевічаў, іх адносіны. Пасля жадаючыя задавалі пытанні і дзяліліся ўражаннямі ад творчасці песняра. У канцы сустрэчы нашчадкі класіка перадалі Ашмянскаму краязнаўчаму музею кнігі, а навучэнцам каледжа падаравалі каляровыя стыкеры з выявай паэта і яго зборнікаў. Валянціна Александровіч ад імя ўсіх прысутных падзякавала гасцям, запрасіла часцей наведваць Ашмянскі раён, а пасля ўручыла сувеніры на памяць аб цёплай сустрэчы.  Яна адзначыла, што жыхары нашага горада ганарацца сваёй таленавітай зямлячкай, якая дапамагла раскрыць творчы патэнцыял класіка беларускай літаратуры.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота Аліны САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *