21 кастрычніка раённай газеце “Ашмянскі веснік” спаўняецца 84 гады

События

Напярэдадні дня нараджэння раёнкі наш карэспандэнт паспрабаваў высветліць у пастаянных чытачоў, за што яны любяць “Ашмянскі веснік”.

Марына Палсцюк, дырэктар Ашмянскага раённага цэнтра культуры:

– З “Ашмянскім веснікам” сябрую ўжо шмат гадоў і нашу раённую газету люблю чытаць па некалькіх прычынах.

Па-першае, яна дазваляе аператыўна даведвацца пра падзеі, якія адбываюцца ў раёне. Менавіта з навін я і пачынаю заўсёды чытаць свежы нумар.

Па-другое, на яе старонках часта сустракаю знаёмых – людзей, якімі варта ганарыцца землякам: настаўнікаў, прадаўцоў, будаў­нікоў, сельскіх работнікаў і ін­шых.

Ну, і галоўнае, газета – гэта мой сябар і сябар усіх работнікаў культуры: менавіта на яе старонках кожны раз мільгаюць нашы твары, расказываецца пра розныя фэсты і конкурсы, у якіх задзейнічаны мае калегі.

Святлана Муцянская, былы супрацоўнік “АВ”:

– Сёлета я выйшла на заслужаны адпачынак, аддаўшы газеце больш за 20 гадоў жыцця, таму для мяне газета – не проста работа, гэта – частка мяне.

Паколькі я не вельмі люблю чытаць навіны на сайце, то папяровае выданне мне чытаць зручней: такую газету можна ўзяць з сабой, паказаць суседзям і знаёмым, дастаць з шафы праз шмат гадоў і зноў прачытаць пра тое, што хвалявала нас пяць, дзесяць ці дваццаць гадоў таму.

Я ведаю, што нехта пачынае чытаць газету з першай старонкі, нехта – з апошняй. Асабіста я чытаю адразу праграму, каб азнаёміцца з тым, што паказваюць па тэлебачанні, і выбраць нейкую кінастужку на вечар.

Я заўсёды агітавала за “раёнку” і выпісвала яе. Працягваю гэта рабіць і зараз, бо газета – гэта не проста мой сябар і дарадца, гэта амаль дзіця. Яна расла і развівалася на маіх вачах. У тым, як яна выглядае зараз, ёсць і мая заслуга.

Кацярына Гарлуковіч, загадчык сектара камплектавання ГУК “Ашмянская раённая бібіліятэка”:

– Чытаю нашу “раёнку” ўжо больш за 25 гадоў. Мне здаецца, што ў газеце хапае артыкулаў самага рознага накірунку, кожны можа знайсці тут нешта для сябе: ад рэцэптаў і парад садаводам і агароднікам да аналітычных матэрыялаў пра жыццё Ашмяншчыны.

Радуе, што між іншых навін заўсёды знаходзіцца месца і для навін з бібліятэкі.

Маімі самымі любімымі старонкамі, напэўна, з’яўляюцца тыя, якія адносяцца да маёй работы: “Літаратурная старонка”, “На кніжнай паліцы”, “PROчитал” і іншыя.

Антон Мальшэўскі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *