Сустрэлі па-беларуску

Главное

Незвычайную акцыю прымеркавалі навучэнцы і выкладчыкі Ашмянскага аграрнаэканамічнага каледжа да Міжнароднага дня роднай мовы і года гасціннасці.


У мінулую пятніцу ранкам людзі, як заўсёды, спяшаліся хто на працу, хто — на вучобу. Абудзіць ад паўсядзённых клопатаў, напомніць, што мы — беларусы, вырашылі навучэнкі групы Б-22, члены валанцёрскага атрада «Данка» Алёна Багдановіч і Надзея Манькоўская разам з педагогам сацыяльным Таццянай Матвейка і намеснікам дырэктара Марыяй Ігнатовіч. Усіх, хто гэтым ранкам заходзіў у  фае каледжа, сустракалі беларускім прывітаннем. Дзяўчаты прапаноўвалі навучэнцам і выкладчыкам перакласці слова з рускай мовы на родную, тых, хто спраўляўся з заданнем, частавалі гарбатай з самавара, цукеркамі і баранкамі.

Ствараць добры настрой дапамагалі таксама вядомыя беларускія песні. Пасля такой пяціхвіліннай «зарадкі» з усмешкай і запасам бадзёрасці адпраўляліся ўдзельнікі акцыі па сваіх штодзённых справах.

Наша даведка

Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца кожны год з лютага 2000 года для садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю.

Гэта дата была абрана ў знак памяці падзей 21 лютага 1952 года, калі ў горадзе Дакка, сталіцы цяперашняй Бангладэш, ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты — удзельнікі дэманстрацыі ў абарону сваёй роднай мовы бенгалі, якую яны патрабавалі прызнаць адной з дзяржаўных моў краіны.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *