Праект «Жывая памяць». Балючыя ўспаміны пра вайну

Живая память Общество

Жыхарка вёскі Аляксандраўкі Мураваашмянкоўскага сельсавета Марыя Маркаўна Фомкіна нарадзілася ў 1928 годзе. На пачатку студзеня яна адзначыла сваё дзевяностапяцігоддзе. Магчыма, у яе іншая дата нараджэння, таму што дакументы згарэлі ў час Вялікай Айчыннай вайны і былі адноўлены толькі, калі вайна скончылася, са слоў маці.

Пра сваё дзяцінства і маладыя гады яна сказала толькі адно: “Нашто вам гэта? Цяжка было, страшна, шмат гора было” —  і неяк уся зацялася, пахаладзелі вочы, вусны сталі жорсткімі. Стала зразумела, што не трэба зазіраць туды, куды сама жанчына забараніла сабе зазіраць, і што гэтыя ўспаміны і сёння ляжаць цяжарам на яе сэрцы і вельмі балючыя.  А калі яна расказала, дзе нарадзілася, усё стала на сваё месца.

Марыя Маркаўна — з вёскі Трысцень Плешчаніцкага (зараз – Лагойскага) раёна Мінскай вобласці. Гэта тэрыторыя з 1924 года ўваходзіла ў склад Беларускай ССР, і да вайны яе жыхары перажылі ўсе складанасці станаўлення новай савецкай дзяржавы. У час калектывізацыі сям’я Жураўлёвых, у якой расла Марыя, засталася без гаспадара. У 1932 годзе як кулака  арыштавалі і асудзілі  бацьку, Марка Сцяпанавіча. Жанчына яго амаль не памятае. Дамоў ён больш не вярнуўся, і пра яго лёс яна нічога не ведае. Рэабілітавалі яго ў 1960 годзе, пра што ёсць звесткі ў кнізе “Памяць” Лагойскага раёна.

А затым прыйшла вайна. Двух старэйшых братоў  Марыі – Івана і Міхаіла Жураўлёвых забралі ў войска. Дзе і як загінулі яны, жанчына не ведае. Толькі ў памяць аб іх пазней яна назвала двух сыноў.

А Лагойшчына стала ў час Вялікай Айчыннай   адным з цэнтраў партызанскай вайны. У маі 1943 года бяда прыйшла ў Трысцень. Вёска, як і іншыя тэрыторыі сучасных Барысаўскага, Докшыцкага, Лепельскага, Лагойскага, Ушацкага раёнаў, патрапіла пад карную аперацыю «Котбус». Па плане гітлераўскага камандавання, фашысты павінны былі прачасаць ланцугамі гэтую тэрыторыю, сагнаць партызан у балоты каля возера Палік, там акружыць і знішчыць. Партызанам удалося прарваць ланцуг акружэння, а карнікі расстрэльвалі мірных жыхароў, якія хаваліся ў лясах, і ў сваіх справаздачах выдавалі іх за партызан.

У данясенні генеральнага камісара Беларусі В. Кубе рэйхсміністру акупаваных усходніх тэрыторый А. Розенбергу аб выніках аперацыі «Котбус», які захоўваецца ў Нацыянальным архіве, напісана, што было «забітых ворагаў — 4500, забітых па падазрэнні да прыналежнасці». Нават самі немцы не верылі, што гэта былі партызаны. Далей у гэтым данясенні Кубэ напісана: «…Названыя лічбы паказваюць, што і тут адбываецца моцнае знішчэнне насельніцтва. Калі пры 4500 забітых на баку суперніка захоплена ўсяго 492 вінтоўкі, то гэтая колькасная розніца кажа аб тым, што і сярод гэтых варожых забітых знаходзіцца шмат мясцовых сялян…». Карнікі па падазрэнні ў сувязі з партызанамі спальвалі вёскі разам з людзьмі, моладзь вывозілі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Забіралі жывёлу, сельгаспрадукцыю і прадукты харчавання, таму тыя, хто выжыў, галадалі і жылі ў зямлянках. У партызанскіх дакументах таго часу застаўся акт камісіі ад атрада імя Калініна брыгады «Дзядзькі Васі» і мясцовых людзей аб гібелі жыхароў вёскі Трысцень. Сёння ён захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь:«Акт 23 мая 1943 года… Камісія ўстанавіла, што 7 мая 1943 года нямецкі карацельны атрад уварваўся ў вёску Трысцень Зарэчанскага с/с Плешчаніцкага р-на і зрабіў наступныя зверскія дзеянні:1. Цалкам абрабавалі вёску (у в. 15 гаспадарак). Забралі ўсіх кароў, коней, свіней, авечак, курэй, хлеб, адзенне, абутак.2. Спалілі ўсю вёску.3. Расстралялі сям’ю Шапорава ў колькасці 6 чалавек: Вера — 32-х гадоў, Мікалай — 9 гадоў, Марыя — 7 гадоў, Таццяна — 5 гадоў, Ніна — 4-х гадоў, Анюта — 2-х гадоў.4. У лесе была схаваная ў калысцы дзяўчынка 4-х месяцаў, Шапорава Люба, якую спалілі разам з калыскай і пялёнкамі.5. Жывымі спалілі сям’ю Пятровых у колькасці 7 чалавек: Пелагея — 40 гадоў, Марыя — 16 гадоў, Ніна — 15 гадоў, Пеця — 10 гадоў, Грыша — 8 гадоў, Бора — 6 гадоў…».

У той дзень, 7 мая 1943 года вёска Трысцень перастала  існаваць – жыццё ў яе больш не вярнулася. Толькі помнік у выглядзе языкоў полымя напамінае пра месца яе знаходжання і трагедыю, якая там адбылася.

У час, калі ў вёсцы лютавалі нямецкія карнікі, Марыя разам з маці, Сцефанідай Жураўлёвай, хаваліся ў лесе. Як ім удалося вырвацца з кола акупантаў, якія прачэсвалі лясы з сабакамі, колькі прабіраліся яны на Ашмяншчыну, жанчына не расказала. У вёсцы Трасечаняты жылі родзічы маці – сюды і накіраваліся Жураўлёвы, шукаючы прытулку і дапамогі.

Твар Марыі Маркаўны асвятляецца ўсмешкай, калі яна ўспамінае пра сваіх трох сыноў і мужа – Амбросія Сцяпанавіча Фомкіна. Толькі калі яна выйшла замуж і пераехала ў Аляксандраўку, яе жыццё ўсталявалася. Муж быў добрым і працалюбівым. Сыны выраслі  і сталі паважанымі людзьмі. Аляксандр – былы ваенны, жыве ў Гродне; Міхаіл працуе ў страхавой фірме “Белэксімгарант”, падпалкоўнік пагранічных войск; Іван  працуе на БелАЭС. Яны ўдзячны маці за яе любоў і адначасова строгасць, за тое, што выхоўвала ў іх працавітасць і павагу да людзей.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *