На ўсе 100. Ангеліна Хілінская

Общество

Сто балаў — запаветныя словы, якія жадае пачуць кожны абітурыент, аднак, на жаль, атрымліваюць жаданы бал толькі адзінкі. Недастатковая падрыхтоўка, нізкая ступень уважлівасці, хваляванне — усё гэта негатыўна ўплывае на вынік цэнтралізаванага тэсціравання. Толькі працалюбівыя і засяроджаныя асобы могуць дасягнуць максімальнага выніку.

У 2015 годзе Ангеліне Хілінскай, выпускніцы Навасёлкаўскай сярэдняй школы, пакарылася гэта планка, і яна атрымала максімальны бал на тэсціраванні па беларускай мове. У душы дзяўчына разлічвала на “сотню”, бо на працягу доўгіх гадоў удзельнічала ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Выніковы ўдзел у раённым, абласным і рэспубліканскім этапах алімпіяды станоўча паўплываў на агульны кругагляд. Ангеліна навучылася лёгка і нязмушана трымацца перад камісіяй і не баяцца аўдыторыі. Раённая газета не раз пісала пра таленавітую дзяўчыну і яе поспехі. Што змянілася ў жыцці Ангеліны за сем год? Гэтае пытанне мы задалі самой гераіні.

— Многія меркавалі, што сваё жыццё я звяжу з філалогіяй, аднак душа пацягнулася да медыцыны. Вельмі хацелася дапамагаць людзям, таму высакародная прафесія ўрача адразу прывабіла. Пасля заканчэння школы я паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Не магу сказаць, што вучыцца было лёгка. Студэнцкія гады патрабавалі стараннасці і поўнай аддачы. Праз удзел у алімпіядах я навучылася самадысцыпліне, гэта вельмі дапамагала.

Падчас вучобы дзяўчыне даводзілася чытаць шмат літаратуры па медыцыне, рыхтавацца да экзаменаў, залікаў і семінараў. Да гэтага ж за час вучобы ў медыцынскім універсітэце цікавасць да мастацкай літаратуры не знізілася, — як і раней, яна зачытвалася творамі Мележа, Караткевіча і Коласа.

— З самага дзяцінства мне падабалася чытаць. Без добрага твора жыццё робіцца шэрым і нецікавым. Заўжды знаходзіла хвіліну, каб пачытаць якасную мастацкую кнігу. І зараз у вольны час зачытваюся дэтэктывамі, адпраўляюся ў вандроўку з героямі прыгодніцкіх твораў, акунаюся ў свет лірыкі. Алена Вікенцьеўна Місюк і Тэрэса Францаўна Хацілоўская, мае школьныя настаўніцы, навучылі мяне па-сапраўднаму любіць літаратуру. З настальгіяй успамінаю час падрыхтоўкі да алімпіяды, які падарыў не толькі новыя веды, але і безліч новых знаёмстваў.

Зусім нядаўна Ангеліна змяніла сацыяльны статус. Цяпер яна — дыпламаваны ўрач. А разам змянілася і сямейнае становішча. У час вучобы ва ўніверсітэце дзяўчына спаткала сваю другую палову.

— Дзякуючы вучобе ў медыцынскім універсітэце я сустрэла будучага мужа, які падтрымліваў і дапамагаў. Агульны прафесійны накірунак асабліва зблізіў нас. Рыхтавацца да экзаменаў, чытаць кнігі, проста размаўляць — любая сумесная справа была цікавай і прыемнай. Зараз мы працуем разам. Нам ніколі не бывае сумна. Агульныя прафесійныя і жыццёвыя інтарэсы зрабілі нас асабліва блізкімі. Заўжды магу звярнуцца да мужа, папрасіць кансультацыю ў пэўнай сітуацыі. Мы і цяпер працягваем вучыцца, толькі паглыбляем свае веды ўжо на практыцы.

Дзяўчына даказала, што любая мэта можа пакарыцца, а любая мара здзейсніцца. Трэба толькі моцна жадаць і плённа працаваць у гэтым накірунку.
— Усім вядома, што пад ляжачы камень вада не цячэ, таму будучым выпускнікам хочацца пажадаць працалюбства, запалу і веры ва ўласныя сілы. І тады ўсё абавязкова спраўдзіцца!

Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота з архіва Ангеліны Хілінскай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *