15-годдзе малельнага дома адзначыла Ашмянская мусульманская суполка

Общество

Больш за шэсць стагоддзяў назад пасяліліся на Беларусі татары. Яны ўраслі каранямі ў беларускую зямлю, аднак пры гэтым не страцілі сваёй самабытнасці, сваіх традыцый і веры. Згуртавана і дружна жывуць яны сёння ў Іўі, Навагрудку, Слоніме, Мінску, Смілавічах, Маладзечне, Відзах, Клецку, Міры… Радлінскія, Радкевічы, Крыніцкія, Александровічы, Якубоўскія – даволі часта сустракаемыя прозвішчы і на Ашмяншчыне, дзе рэлігійная мусульманская суполка бярэ свой адлік з сакавіка 1995 года. Сёлета спаўняецца 15 год, як на вуліцы Кірава, 13 у Ашмянах быў урачыста адчынены малельны дом.

Як ажыццяўлялася яго купля, з якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца падчас рамонтных работ і як радаваліся ўсе, як дзеці, калі гэтыя клопаты аказаліся завершанымі, да драбніц ведае старшыня суполкі Фаціма Якубоўская. Гісторыя гэтага святога месца старанна занатавана ў фотаальбоме. Са здымкаў глядзяць на нас людзі, якія крок за крокам, з непахіснай верай у прарока Мухамеда, яе стваралі. На жаль, не ўсе яны дачакаліся сённяшняй урачыстасці, аднак пакінулі важкі след на гэтай зямлі.

У бягучым годзе ў краіне праходзяць юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 625-м угодкам пасялення татараў на беларускіх землях. Вялікім колам адзінаверцаў і сяброў адзначылі гэту дату тыдзень таму ў «татарскай сталіцы» — Іўі. Наступнымі святочную эстафету прынялі ашмянскія татары. У мясцовай мусульманскай суполцы разам з вялікай падзеяй святкавалі пятнаццацігоддзе адкрыцця малельнага дома – па часовых мерках малую, аднак для мусульманскай супольнасці вельмі значную дату.

Невялікі звонку, але даволі прасторны ўнутры дом па вуліцы Кірава сабраў шмат людзей. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч з жонкай Саідай, дарадца па справах рэлігіі амбасады Турэцкай Рэспублікі ў Беларусі Айдын Озджан, прадстаўнікі Духоўнага ўпраўлення мусульман Рэспублікі Дагестан, імамы Мінскай саборнай мячэці Карсум Адзілбегаў і Арсэн Магамедаў, старшыня Рады імамаў мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Радкевіч, сакратар Мінскай саборнай мячэці Аміня Хасяневіч.

Ва ўрачыстасці прыняла ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Вольга Шыдлоўская.

Татары-мусульмане Ашмян на свята прыйшлі сем’ямі. Суполка, якой кіруе Фаціма Якубоўская, хаця і невялікая, аднак вельмі дружная. Пачалася ўрачыстасць намазам – штодзённай абавязковай малітвай мусульман, якая адбываецца пяць разоў на дзень. Упрыгожаннем службы стала чытанне імамам Ашмянскай суполкі Ібрагімам Радлінскім і гасцямі Карана – свяшчэннай кнігі мусульман.

Старшыня Рады імамаў Беларусі Дзмітрый Радкевіч павіншаваў прысутных са знакавай падзеяй у жыцці татараў-мусульман і падзякаваў усім, хто знайшоў час і магчымасць наведацца ў гэты дзень у Ашмяны, каб раздзяліць светлыя пачуцці ў месяц нараджэння прарока Мухамеда.

— Сёння мы сабраліся дружным гуртом не толькі дзеля таго, каб пачытаць Каран, але і каб нагадаць адзін аднаму, што ў гэтым свеце ёсць рэчы вечныя. Без іх чалавек не можа адчуваць сябе паўнавартасным, — падкрэсліў у сваёй прамове Дзмітрый Радкевіч. – Сённяшняму свету як ніколі патрэбны верацярплівасць і павага да людзей, якія вызнаюць іншую веру. Мы павінны з вамі ведаць сваю рэлігію і разумець, у чым яе адрозненне ад іншых рэлігій. І тут не трэба варагаваць: вайна не будуе, а толькі рве і руйнуе. Наша рэлігія прызывае нас быць адкрытымі і шчырымі, ніколі не рабіць неабдуманых учынкаў. Неабходна быць самім сабой – праз любоў да прарока і да сваіх традыцый.

Трэба заўважыць, што думка Дзмітрыя Мустафавіча была галоўнай і ў выступленнях гасцей. Татары-мусульмане на Беларусі з’яўляюцца яскравым прыкладам міру і згоды для ўсіх культур і рэлігій.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шыдлоўская падкрэсліла, што ў Ашмянскім раёне ўсе рэлігійныя абшчыны жывуць у згодзе, пры гэтым захоўваюць і берагуць свае традыцыі.

За апошні год адбылося шмат важных падзей у жыцці мусульманскай супольнасці на Беларусі. На тэлебачанні з’явілася перадача «Салям алейкум, Беларусь!», якая выходзіць на 8-м канале шточацвер і штосуботу. Пра жыццё татар-мусульман у рэжыме 24/7 распавядае інтэрнэт-радыё «На волне веры». Да юбілейнай даты (на канец лістапада) прымеркавана міжнародная канферэнцыя “Гісторыя татар Беларусі як жывая гісторыя ісламу”. На стадыі завяршэння некалькі выдавецкіх праектаў.

Падвёў вынік цёплай урачыстасці муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання «Зікр Уль-Кітаб» Абу-Бекір Шабановіч. Менавіта духоўная культура, выхаваная на нацыянальных традыцыях, жыццё з разуменнем законаў Усявышняга фарміруюць культуру асобнага чалавека, грамадства і дзяржавы ў цэлым, упэўнены муфцій. У яго прамове гучала вялікая любоў да Іўеўшчыны, дзе ён нарадзіўся, і да людзей, якіх ўзгадавала гэта зямля. Пагэтаму з вялікім гонарам ён уручыў Грамату Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь сваёй зямлячцы Фаціме Якубоўскай, назваўшы яе “факелам” згуртавання. За духоўнае адраджэнне беларускіх татар і ў сувязі з юбілейнай датай такой жа ўзнагародай адзначаны Ашмянская мусульманская суполка і Эмілія Радкевіч – актывістка абшчыны, дарэчы, таксама ўраджэнка Іўеўшчыны. Падзякі рэлігійнага аб’яднання атрымалі сем’і Мустафы і Эміліі Радкевіч, Мацвея і Галіны Крыніцкіх, Арслана і Ганны Радлінскіх, Іскандэра і Джанет Радлінскіх, а таксама іншыя сямейныя пары, якія ўносяць уклад у развіццё суполкі ў Ашмянах. Кожнай з іх шаноўны госць знайшоў трапныя цёплыя словы.

Ад сябе асабіста, а таксама ад госця з Турцыі Айдына Озджана муфцій падарыў абшчыне ружанец і адмысловы малітоўны дыванок з выявай Мінскай саборнай мячэці.

Пасля сумеснай малітвы ўсіх чакаў пачастунак. Гасціннасць — яшчэ адна традыцыя татар-мусульман. Калі ты трапіў да іх у дом, цябе прывецяць як самага жаданага госця і абавязкова пачастуюць традыцыйнымі прысмакамі татарскай нацыянальнай кухні.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *