Як у Ашмянскім раёне гаспадары асабістых падворкаў рэалізуюць малако

Общество

Набываючы ў краме бутэльку малака альбо пачак тварагу, мы наўрад ці задумваемся, як яны трапілі на гандлёвую паліцу, колькі рук было задзейнічана ў працэсе вытворчасці любімага дзецьмі і дарослымі ласунку. Машынальна аплочваем за тавар і нават не забіваем коштам галаву: сёння капейкай менш, заўтра — больш. А выбар — і насамрэч вялікі: малочка рознай тлустасці, разнастайная па аб’ёме і шырокай лінейкі вытворцаў. А не жадаеш купляць магазінную прадукцыю, адпраўляйся на ашмянскі рынак. Па чацвяргах і нядзелях тут гандлююць хатнім малаком, сырам, смятанай і тварагом. Жанчыны, якіх мясцовыя людзі называюць “малочніцамі”, калі што, могуць і дахаты малако даставіць. Гібкія ўмовы гандлю дазваляюць падстроіцца пад кожнага пакупніка — плаці грошы і спажывай на здароўе якасны і карысны прадукт. Крыху даражэй — але ж натуральны, за які і рубель накінуць не шкада!

Як высветлілася, у Ашмянскім раёне не так і шмат асабістых падворкаў, гаспадары якіх рэалізуюць малако праз рынак. Жыхарка Кракоўкі Ганна Амбражэвіч па пальцах пералічыла сваіх калег — сямёра гандлююць па чацвяргах і нядзелях, двое — толькі ў нядзелю. Што тут казаць — нягуста!
Найбольш малочніц жыве ў Жупранскай старане. Дзве з іх — у Кракоўцы. Пра іх сёння і пойдзе размова.


— Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў індывідуальным сектары змяншаецца штогод. Сёння на тэрыторыі Жупранскага сельсавета налічваецца ўсяго 66 кароў, з іх у Кракоўцы — сем, — расказвае кіраўнік спраў Жупранскага сельвыканкама Ганна Шымановіч. — Колькасць сельскага насельніцтва ідзе на спад, а моладзь не хоча ўзвальваць на свае плечы гэтую нялёгкую справу. Куды прасцей зайсці пасля працы ў краму, а не ў хлеў, дзе трэба спачатку жывёлу накарміць, напаіць, падаіць, а пасля яшчэ і малако перапрацаваць і не забыцца пачысціць стойла.

Таму і трымаюць кароў у асноўным людзі ва ўзросце, якія не ўяўляюць існавання на вёсцы без каровы. Пакуль ногі ходзяць і крыху дапамагаюць з сенаваннем дзеці — збываць рагатую карміцельку не спяшаюцца.

Падчас падрыхтоўкі матэрыялу прыйшлося пагутарыць і з малаказборшчыкам, індывідуальным прадпрымальнікам Андрэем Розелем. Ён некалькі год збірае малако ў насельніцтва і ведае, як складваецца сітуацыя з індывідульным статкам на вёсцы.

— Колькасць малаказдатчыкаў змяншаецца штомесяц, — са шкадаваннем зазначае Андрэй Васільевіч і дадае, што сёння ў Жупранскім сельсавеце малако здаюць у сярэднім 27 чалавек. А гэта дзесьці каля чатырохсот літраў малака ў дзень. Капля ў моры, няйнакш, хаця для гаспадароў сякі-такі прыбытак. Зараз дзяржава плаціць за кожны літр 78,2 капейкі. А калі ў малака высокая тлустасць, то існуюць яшчэ і надбаўкі.
Вядома ж, выгадней малако перапрацоўваць і прадаваць самому. Так лічаць і Ганна Амбражэвіч з Жаннай Корсікавай з Кракоўкі.


Белка, Зорка і Малая — вось кампанія якая
У Жанны Корсікавай прадпрымальніцкая жылка “зарадзілася” яшчэ ў дзяцінстве. Яна разам з бабуляй адпраўлялася на рынак прадаваць лішкі гародніны і ягад з уласных сотак, а за выручаныя грошы купляла сабе марожанае. Яшчэ падлеткам яна зразумела, што толькі працай можна чагосьці дасягнуць. Дапамагаць бацькам для вясковай дзяўчыны з Баранавіцкага раёна не было заганай. Мажліва, таму добра ведаюць цану рубля і чацвёра яе дзяцей: Вікторыя, Павел, Алеся і Дар’я. Старэйшыя ўжо даўно сталі самастойнымі. Алеся ў гэтым годзе скончыла адзінаццаць класаў і вырашыла звязаць свой лёс з медыцынай. Першакурсніцы бацькі купілі новы тэлефон, прынтар і ноутбук. Да гэтага падарунку яна і сама прыклала шмат сіл — дапамагала тату з мамай па гаспадарцы. Зараз дом Корсікавых значна пацішэў. З бацькамі засталася толькі школьніца Даша. Гэты дом Жанна з Яўгенам будавалі самі. Самастойна выбіралі праект, залівалі фундамент, узводзілі сцены і печкі. Зайздросныя суседкі часам насміхаліся і круцілі пальцам ля скроні — маўляў, нічога ў вас не атрымаецца. Але прагадалі. Як толькі быў даведзены да толку адзін пакой, сям’я адразу ж перасялілася сюды са здымнай гарадской кватэры. Паціху пачалі абрастаць і гаспадаркай. За дваццаць гадоў сумеснага жыцця чаго толькі не трымалі ў сваім двары Яўген з Жаннай! Куры, гусі, свінні, каровы, цяляты…

І гэта ўсё паралельна з асноўнай работай. Некалькі год Жанна працавала жылоўшчыцай на мясакамбінаце, зараз — прадаўцом у магазіне “Родны кут” у Кракоўцы, Яўген — грэйдэрыстам у ДЭУ-57.


Зараз Корсікавы трымаюць тры каровы: Белку, Зорку і Малую. Падрастаюць дзве цялушкі — Кнопка і Рамашка, якія хутка таксама стануць мамамі.

— Пакуль кароў даю рукамі, — прызнаецца Жанна, — але ўжо задумваемся пра даільны апарат, бо пяць кароў — гэта не тры. Летам я даю на полі. Гэта выгадней, чым заганяць іх у хлеў. Для паення ў нас ёсць еўракуб — вады хапае надоўга. А ў нарыхтоўцы сена на зіму дапамагаюць уласны трактар з рознымі навяснымі агрэгатамі — варушылкамі і грабілкамі. Ёсць у нас і капалка з саджалкай.

У нядзелю Жанна едзе на рынак. А перад гэтым варыць сыры, сепарыруе малако, каб атрымаць смятану, збівае масла. Спачатку на невялічкай малалітражцы аб’язджае сваіх пастаянных кліентаў. Смятана, масла, адыгейскі сыр, тварог, малако разыходзяцца хутка. Вядома ж, за столькі год у жанчыны склаўся свой кантынгент пакупнікоў, якія аддаюць перавагу менавіта яе прадукцыі. Пасля рынку можна некалькі гадзін адпачыць, а пасля ізноў — за працу , каровы ж чакаць не будуць. І так з дня ў дзень — у дванаццаць лягла і ў пяць, а то і палову пятай устала.

Кароўка — у пасаг
Ганна Амбражэвіч трымае кароў вось ужо трыццаць два гады. У 1990 годзе, калі яна выйшла замуж, бацька Валянцін Іванавіч Капыш падарыў маладой сям’і карову. Для яе гэты падарунак не стаў чымсьці дзіўным, бо нарадзілася яна ў сям’і жывёлавода. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны шмат гадоў працаваў на ферме ў Барунах. Аня, як самая малодшая ў шматдзетнай сям’і, часта прападала на працы з бацькам. Як падрасла, стала яго незаменнай памочніцай. Пасля школы спяшалася дамоў — тут у яе быў свой круг абавязкаў.


Зараз у Ганны Амбражэвіч толькі дзве каровы — Паземка і Цаца. Так сталася, што тры гады назад яна засталася без дапамогі мужа. На мясакамбінаце ён атрымаў сур’ёзную траўму і стаў у выніку інвалідам. Прыйшлося прадаць каня, а разам з ім і грузавічок, які быў надзейным падспор’ем у гаспадарцы. Корм на зіму каровам прыходзіцца цалкам купляць у прыватніка, а гэта не менш чым 18 рулонаў коштам у сярэднім па 50-60 рублёў. Падсцілкай для каровак служаць апілкі, якія таксама трэба набываць, загадзя дамаўляцца на пілараме.

Зараз з Ганнай жыве мама Марыя Іванаўна, якой споўнілася 95 гадоў. Дзякаваць богу, яна яшчэ трымаецца на сваіх нагах, але ж таксама патрабуе пастаяннай увагі.

У дзяцей — свае сем’і. Віктар жыве ў Повішнях, Вольга – у квартале Будаўнікоў. Яны часта ўгаворваюць маці збыць гаспадарку, падумаць пра сябе, паклапаціцца аб здароўі, аднак Ганна на гэта не зважае.

— Пакуль ёсць сілы — буду працаваць. Унукі ж так любяць свежае цёплае малачко! З-за пенкі называюць яго марожаным, — адзначае жанчына. — У мяне іх шасцёра. І ў кожнага свая любімая малочная страва. Перад прыездам дзяцей стараюся нешта смачнае спячы – парадаваць малых. Запяканку тварожную са смятанай ці пірагі, альбо пячэнне якое, ці булачкі.

Са шкадаваннем успамінае Ганна Амбражэвіч, што трыццаць год назад у Кракоўцы было больш за сто кароў, пасвілі іх па чарзе. Куды ўсё падзелася?!

— Хаця жоўтую густую хатнюю смятанку ўсе любяць, аднак працаваць ужо не хочуць, так як працуем мы, — заўважае Ганна. — Хтосьці нас з Жаннай лічыць дурніцамі, але мала хто разумее, колькі сіл мы аддаем гэтай гаспадарцы. Ёсць нават тыя, хто нам зайздросціць. На што я заўсёды прапаную памяняцца і хоць тыдзень які папрацаваць з раніцы да змяркання. Наўрад ці хопіць у іх сіл тыя грошы спажыць.

Да добрай якасці малочных прадуктаў з асабістых падворкаў мы прывыкаем хутка, але думаем, што забяспечыць нас імі павінен нехта. Але ж гэты нехта калісьці можа і не з’явіцца.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *