Як у Дакурнішках рыхтуюцца да пачатку новага навучальнага года

Образование

Лета з зайздроснай хуткасцю перагортвае стронкі календара. Мільгаюць стракатыя даты, пакідаючы ў мінулым летнюю спякоту. Пакрысе восень бярэ ўладу ў свае рукі. Не за гарамі і самы прыгожы восеньскі месяц. Аднак верасень адзначаецца не толькі знешняй прыгажосцю, ён пачынае адлік новага навучальнага года.

Установы адукацыі раёна старанна рыхтуюцца сустрэць выхаванцаў у сваіх сценах. Кожная школа адметная, незвычайная, прыгожая. У кожнай ёсць штосьці асаблівае і прыцягальнае. Вучэбна-педагагічны комплекс у Дакурнішках таксама мае сваю самабытнасць і непаўторнасць. Прасторныя кабінеты, светлая спартыўная зала, утульная сталоўка – усё гэта надзелена незвычайнай гармоніяй і эстэтыкай. Супрацоўнікі старанна рыхтуюць кожнае памяшканне, шукаюць арыгінальныя ідэі для афармлення прадметных кабінетаў, імкнуцца стварыць камфортныя ўмовы для навучання і выхавання маладога пакалення. Дырэктар школы зазначае, што рамонт ва ўстанове выкананы на 90 адсоткаў: поўнасцю падрыхтаваны вучэбныя кабінеты, адрамантавана мэбля, а сцены ўпрыгожаны новымі каляровымі стэндамі. Адчуваецца пах свежай фарбы. Здаецца, вось-вось прагучыць першы званок і пакліча кожнага  спасцігаць новае і невядомае.

Асаблівая ўвага надзяляецца прышкольнай тэрыторыі. Кожная кветка і кусцік тут на сваім месцы. Хваляцца някідкай прыгажосцю яркія сальвіі, уздымаюць галоўкі да сонца сарамлівыя рамонкі, роўнай калонай узвышаюцца магутныя туі. Тэхнічны персанал старанна клапоціцца аб сваіх гадаванцах: своечасова ажыццяўляе пасадку, праполку і паліў раслін. За якасным выкананнем працы пільна сочыць Карповіч Вольга Іванаўна, якая адказвае ў школе за гаспадарчую частку.

У гэтым годзе папоўнілася і матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. Абноўлены кабінет фізікі, біялогіі і хіміі, закуплены неабходныя метадычныя дапаможнікі. Кухня ўзбагацілася новым посудам, а спартыўная зала – адпаведным інвентаром. Важнае месца займае і спонсарская дапамога. За спонсарскія грошы былі набыты музычныя калонкі, мікрафоны, некалькі сучасных тэлевізараў і камп’ютараў. Людміла Валер’еўна Кардзіс, дырэктар школы, заўсёды шукае спосабы і сродкі, каб палепшыць матэрыяльную базу ўстановы, яна адкрыта для супрацоўніцтва з арганізацыямі і фізічнымі  асобамі.

Адміністрацыя, настаўнікі, вучні, тэхнічны персанал – кожны зацікаўлены ў тым, каб навучальная ўстанова квітнела і развівалася. У час практыкі школьнікі актыўна ўключаюцца ў працу, дапамагаюць зрабіць тэрыторыю школы яшчэ больш яркай і прывабнай. Дзякуючы стваральнай працы, адбываецца фарміраванне паважлівых і беражлівых адносін  да абсталявання, мэблі і кніг.

У новым навучальным годзе зменіцца і знешні выгляд школьнікаў.  Абавязковым элементам дзелавога стылю для вучняў стануць камізэлькі з эмблемай установы адукацыі, а для вучняў адзінаццатага класа такім элементам стануць бомберы.

Колькасць вучняў ва ўстанове адносна невялікая, таму ёсць магчымасць кожнага выхаванца школы і дзіцячага садка атуліць клопатам і ўвагай.  Т. Селдзін зазначаў: “ Дзіця – гэта маленькая асоба, якая стараецца ўвабраць кожны вобраз, гук, пах і дотык”. Напэўна, таму так важна акружыць маленькага чалавека прыгажосцю і дабрынёй.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *