Свята калектыўнага адпачынку прайшло ў Навасёлках

Культура

Лета ў самым разгары, на вёсцы – работы па самыя вушы. Агарод радуе ўраджаем – толькі слоікі паспявай падстаўляць. У садзе вішня просіцца ў рот. А травы вакол – касіць не перакасіць!

Каб трошкі адпачыць і хоць на некалькі хвілін забыцца пра вясковыя бясконцыя клопаты, работнікі аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Навасёлкі разам з калегамі з Кракоўкі Святланай Ганусевіч і Таццянай Чэрскай вырашылі арганізаваць для месцічаў свята калектыўнага адпачынку.

Сустрэча атрымалася душэўнай і шчымлівай. Узгадалі тых, хто пайшоў з жыцця, успомнілі мінулае, разам парадаваліся за сённяшнюю моладзь, аддзячылі песняй рупліўцаў, якія дбаюць пра дабрабыт сяла і нізашто ў свеце не здрадзяць сваёй малой радзіме.

Многія з цікавасцю даведаліся пра паходжанне назвы вёскі. Аказваецца, першым паселішчам у гэтых краях былі Агароднікі, а пасля людзі пасяліліся ў новым месцы — новым сяле. Адсюль і Навасёлкі.

Адшукалі вядучыя гістарычныя падрабязнасці пра вёску, пачынаючы з XVI стагоддзя, і расказалі пра дзень сённяшні населенага пункта, пра самае вялікае яго багацце – людзей.

Жыхары Навасёлак любяць сваю вёску і прызнаюцца ёй у шчырых пачуццях вершаваным радком.

…Бо нідзе вы не знойдзіце, людзі,

Такой зладжанасці і чысціні,

Бо ніхто, за мяжой хто пабудзе,

Не адчуе такой дабрыні,

Якой поўняцца нашы прасторы,

Якой дыхае наша зямля,

Таму ў радасці, шчасці ці горы

Мы дадому імкнёмся здаля.

Такія радкі прысвяціла роднай старонцы Алена Місюк. А яшчэ яна зачытала вершы пра родны край сваіх вучняў, якім яна шмат год выкладала ў мясцовай школе родную мову і літаратуру.

Цёплыя словы вядучыя адрасавалі старажылам вёскі, сярод якіх Тамара Вішнеўская і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Станіслаў Бралкоўскі. Хоць зараз ён пражывае ў горадзе, але сэрца яго са сваімі аднавяскоўцамі.

Узгадалі на свяце настаўнікаў, жыццёвы і прафесійны след якіх неразрыўна звязаны з Навасёлкамі – Рамана Янушкевіча і Івана Місюка. Вядучыя выказалі словы падзякі педагогам Алене Місюк, Ліліі і Фрыдрыху Варановіч, Галіне Дорняк, Ганне Гардзевіч, Святлане Дубіцкай, Ганне Макуцэвіч, Алене Травіцкай, Наталлі Кавыцінай, а разам з імі і работнікам амбулаторыі, магазіна, пошты, бібліятэкі, Дома культуры і сельскагаспадарчай галіны.

Песні ў падарунак прымалі на мерапрыемстве навасёлкаўскія юбіляры: Марына Бумбуль, Іван Дабравольскі, Людміла Евушка, Тарэса Клачкевіч, Таццяна Макевіч, Яўген Мешчановіч, Іван Травіцкі, Пётр Тумановіч, Галіна Каранкевіч, Наталля Кавыціна, Тадэвуш Завадскі, Уладзімір Кунюта, Тарэса Лаздзін, Вацлаў Шукяловіч, Алена Скібіцкая, Уладзімір Кеда і Алена Місюк.

Вёска будзе жыць, калі ў яе будзе працяг – маленькія жыхары. У гэтым годзе ў вёсцы на радасць бацькам нарадзілася пяцёра дзетак: Вераніка Ганчарук, Арсеній Найманаў, Іван Паўлоўскі, Анастасія Савіцкая і Яраслаў Топаль.

Напрыканцы свята вядучыя звярнуліся да гледачоў з “вольным мікрафонам”: каб даць слова таму, каго выпадкова маглі прапусціць і не ўзгадаць у праграме. Кожны мог расказаць пра сябе, падзяліцца сваімі радасцямі і турботамі.

Навасёлкаўцы ў адказ дзякавалі работнікам культуры за цудоўны душэўны вечар, за песні, якія яны спявалі разам са Святланай Ганусевіч, Таццянай Чэрскай, Марынай Кісліцкай, Любоўю Шчарбаковай, Аленай Шавель, Канстанцінам Ярашам, Святланай Федаровіч, Валянцінам Романам, зачароўваліся музычнымі кампазіцыямі Аляксандра Пашкоўскага і Уладзіміра Саўчанкі.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *