Свята для жыхароў вёскі Будзёнаўкі зладзілі работнікі мясцовага Дома культуры

Культура

Усебудзёнаўскі дзень шчасця сабраў у суботні выхадны вялікую колькасць мясцовых жыхароў. Вядома ж, няма таго чалавека ў свеце, якому б не хацелася быць шчаслівым! Маленькія вяскоўцы разам са сваімі матулямі, падлеткі, моладзь і дарослыя завіталі ў гэты вечар на свята, каб адчуць задавальненне і душэўную гармонію.

Вядучая мерапрыемства загадчыца сельскага Дома культуры Валянціна Горыд разам са сваімі калегамі зрабіла ўсё неабходнае, каб твары мясцовых жыхароў, якія завіталі на свята, свяціліся ўсмешкамі. Яны прымалі актыўны ўдзел у вясёлых гульнях і конкурсах, не шкадавалі далоняў падчас выступлення мясцовых і заезджых артыстаў. Бабулі і матулі не скупіліся на ласункі для сваіх малечаў. За салодкай ватай нават чарга выстраілася! Праз некаторы час у руках дзяцей можна было ўбачыць вядзерцы з папкорнам, яркія паветраныя шары, мяккія цацкі і мыльныя бурбалкі.

Цукеркамі можна было пачаставацца і падчас удзелу ў конкурсах. Вядучая спрытна даставала ласункі са свайго чароўнага кошыка і частавала ўсіх, хто асмельваўся выйсці на сцэну.

Хваляваліся падчас выступлення мясцовыя артысты Кацярына Курпіцкая, Наталля Казакова, Вераніка Пятроўская, якія наведваюць гурток пры мясцовым клубе, а таксама Уладзімір Харэвіч. Аднак шчырыя апладысменты аднавяскоўцаў падбадзёрвалі і дадавалі ўпэўненасці. Цёпла прымалі ў Будзёнаўцы работнікаў культуры з Гальшан Алену Шавель, Любоў Шчарбакову, Марыну Кісліцкую і Караліну Адашкевіч. Не шкадавалі гледачы далоняў, калі на сцэну выйшлі Марта Сташкевіч, Канстанцін Яраш і Эдвард Горыд. Фінальным акордам свята стала песня Валянціны Горыд, да якой далучыліся ўсе артысты.

За яркае і вясёлае свята арганізатарам мерапрыемства падзякавала госця з Вільнюса Ірэна Інякіна, якая прыйшла сюды разам з братам і сёстрамі.

-Я даўно не адчувала сябе такой шчаслівай, — прызналася літоўская госця. – Дзякуючы бязвізаваму рэжыму для грамадзян Літвы і Латвіі, які прыняты вашай дзяржавай, мы можам не толькі наведаць сваіх родных і блізкіх, але і пазнаёміцца з культурай і гісторыяй Беларусі і ў чарговы раз ўпэўніцца ў тым, што беларусы – гасцінны і дружалюбны народ, які жыве ў шчасці і таго ж жадае іншым.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *