У Дзень Рэспублікі шырока прайшлі ў Ашмянах святочныя гулянні

Культура

Пляцоўка “Наша любімая Беларусь”, арганізаваная ўстановамі адукацыі і цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, разгарнулася на цэнтральнай плошчы горада. Цікавасць ашмянцаў і гасцей свята выклікалі пляцоўкі “Гістарычная” і “Спартыўная”. У гарадскім парку прайшлі спартыўныя спаборніцтвы паміж калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, прымеркаваныя да галоўнага свята краіны. Тут выбіралі лепшых у дартсе і падняцці гіры, гульні ў валейбол. Актыўна заявілі аб сабе каманды мясокамбіната, ААТ “Будаўнік”, “Радыётэхніка”…

Літаратурны прывал з бяспройгрышнай латарэяй, а таксама з майстар-класамі зладзілі работнікі раённай бібліятэкі. Карысталіся папулярнасцю ў дзяцей і дарослых фотазоны, арганізаваныя супрацоўнікамі краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча, работнікамі ўстаноў культуры, аграрна-эканамічнага каледжа. Выставу-продаж сваіх вырабаў прапанавалі работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Свае напрацоўкі прадэманстраваў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На пляцоўцы “Музычная феерыя” ля раённага Дома культуры канцэртную праграму зладзілі настаўнікі і вучні Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Спыняла позіркі ашмянцаў фотавыстава “Город в лицах”, арганізаваная фотакарэспандэнтам раённай газеты Святланай Муцянскай і раённым аддзелам культуры.

На свяце можна было пачаставацца прадукцыяй мясцовых вытворцаў: сыраробнага завода, мясакамбіната, ААТ “Белкава”. Шырокі гандаль разгарнуў Ашмянскі філіял абласнога спажывецкага таварыства.

Інтэрактыўную праграму “Сырны перапалох” з конкурсамі і розыгрышам прызоў прапанавалі работнікі сыраробнага завода. А ля палаткі сельскіх гаспадарак раёна прайшлі яркія і вясёлыя спаборніцтвы па паяданні дранікаў і сасісак. Жадаючых паўдзельнічаць у конкурсах “Дранік#Smail” і “Хто паспеў, той і з’еў” было хоць адбаўляй. Пераможцаў чакалі падарункі ад Ашмянскага мясакамбіната.

Юнае пакаленне ашмянцаў з задавальненнем каталася на дзіцячых аўтамабілях, адточвала трапнасць у ціры, ласавалася салодкай ватай і папкорнам.

Цікавая і насычаная праграма свята ўсім прыйшлася па густу.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *