Імпрэза “Вечары ў Соф’і Гальшанскай” прайшла ля сцен Гальшанскага замка

Культура

У суботу муры Гальшанскага замка ажылі. Пад сценамі некалі велічнай “каменнай кветкі” Гальшанскага краю разгарнулася першая ў гэтым сезоне імпрэза “Вечары ў Соф’і Гальшанскай”, арганізаваная работнікамі ўстаноў культуры Ашмянскага раёна.

Насычаная вячэрняя праграма сабрала шматлікіх гасцей, сярод якіх людзі рознага ўзросту, прыезджыя і мясцовыя жыхары. Арганізатары паклапаціліся аб тым, каб мерапрыемства было цікавым і для дарослых, і для дзяцей.

У гэты дзень можна было паўдзельнічаць у майстар-класе па ганчарнай справе, які правёў работнік Ашмянскага аддзела раместваў і традыцыйнай культуры Мар’ян Козар, а таксама набыць на памяць сувеніры і салодкія падарункі ў “Горадзе майстроў”. Дзеці з задавальненнем прыгалі на батутах і надзіманых атракцыёнах, каталіся на дзіцячых машынах. На свяце можна было паспытаць папкорн і салодкую вату, пернікі і цукеркі ручной работы, а таксама падсілкавацца ў гандлёвай палатцы Ашмянскага філіяла абласнога спажыўтаварыства.

Падчас імпрэзы музейныя работнікі філіяла краязнаўчага музея “Гальшанскі замак” ладзілі экскурсіі на паўночную вежу замка. Усе жадаючыя маглі сфатаграфавацца са шматлікімі тэатралізаванымі “жыхарамі замка” і жывымі статуямі.

Адкрылі свята сярэднявечнай музыкі і культуры тэатралізаваным прадстаўленнем гаспадары. Соф’я Гальшанская і Ягайла са сваімі сынамі “разгарнулі” чарговую старонку з гісторыі знакамітага роду Ягелонаў. Пасля чаго наведвальнікаў імпрэзы чакалі паказальныя выступленні клуба гістарычнай рэканструкцыі «Велікамір” з Мінска. Жывая музыка і майстар-клас па сярэднявечных танцаў сабралі ў круг самых актыўных. А самыя смелыя змаглі нават паспрабаваць сыграць на старажытным духавым інструменце. Шмат жадаючых было паўдзельнічаць у рыцарскіх забавах. Дзеці і сямейныя пары перацягвалі канат, стоячы на калодачках, спрабавалі ўтрымаць на вісу халодную зброю маргенштэрны, а таксама збіць адзін аднаго мяхамі. Дзеці змагаліся з рыцарамі з дапамогай “мяккай” зброі.

Кожны мог паставіць стаўкі падчас забегу мадагаскарскіх тараканаў.

Відовішчнае шоу тэатра цыганскай песні “Жемчуга” паднімала гледачоў з месца і клікала танцаваць разам з энергічнымі і яркімі артыстамі, якіх віталі бурнымі апладысментамі.

Яркім відовішчам і фінальным акордам вечара стала вогненнае шоу.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *