У Ашмянах прайшоў раённы выпускны баль

Общество

Сёння на цэнтральнай плошчы горада свята. Па добрай шматгадовай традыцыі ў гэтыя сонечныя чэрвеньскія дні праходзіць раённы баль выпускнікоў. Пад уважлівым позіркам настаўнікаў, бацькоў, гараджан выпускнікі адзінаццатых класаў школ раёна сёння станцавалі школьны вальс, атрымалі ўзнагароды і развіталіся з дзяцінствам, запусціўшы ў паветра разам з патаемнымі жаданнямі воблака рознакаляровых шароў.

Уся ўвага скіравана сёння на іх, 149 выпускнікоў устаноў адукацыі Ашмянскага раёна, такіх прыгожых, лёгкіх, акрыленых. Яны зусім не падобныя на школьнікаў: дзяўчаты – у шыкоўных вячэрніх сукенках, хлопцы – у элегантных касцюмах. А яшчэ ўчора, здаецца, яны былі першакласнікамі – няўпэўненымі, сціплымі і зусім маленькімі ў параўнанні з букетамі, якія яны падарылі сваёй першай настаўніцы.

Раённая ўрачыстасць пачалася выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

У свяце прынялі ўдзел і павіншавалі выпускнікоў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Клышэўскі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Маркевіч.

— Самым яркім і запамінальным быў для вас дзень, калі вы ўпершыню прыйшлі ў школу і пачулі першы школьны званок. Прайшло адзінаццаць год, а вам і вашым бацькам здаецца, што ўсё гэта было ўчора, — адзначыў Андрэй Клышэўскі. — Паважаныя выпускнікі, сёння вас перапаўняюць розныя пачуцці: радасць, хваляванне, сум і надзея. Бацькі спадзяюцца, што ў іх дзяцей абавязкова ўсё складзецца так, як яны задумалі. Настаўнікі і выхавальнікі вераць, што веды, якія яны далі дзецям, дапамогуць ім ў жыцці і стануць арыенцірам у дасягненні пастаўленых мэт. Усе мы спадзяемся, што вы выбераце прафесію па душы, захаваеце памяць пра школу, сваіх аднакласнікаў і настаўнікаў, сваю малую радзіму, якая дала вам старт у дарослае жыццё. Я жадаю вам развівацца і ісці наперад, быць энергічнымі, працаваць над сабой, дасягаць вышынь, якія вы сабе пазначылі.

Сёлетні выпуск ў нашым раёне адметны: 32 адзіннаццацікласнікі скончылі школу з залатым медалём. Узнагароды за штодзённую карпатлівую працу выпускнікам уручыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Маркевіч.

Ад чыстага сэрца віноўнікаў урачыстасці віншавалі начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская, дырэктар гімназіі №1, намеснік старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вольга Саванец, класныя кіраўнікі і бацькі. З падзякай ад выпускнікоў выступіла Ульяна Астрамовіч.

Упэўнена прагучала клятва, у якой выпускнікі паабяцалі не забываць сваіх школьных сяброў і настаўнікаў, родную школу і Ашмянскі край, з якога пачалося іх жыццё і ўпэўненая сцяжынка ў будучае. Няхай яно абавязкова будзе шчаслівым!

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *